З Аляксандрам Янушам і Галінай Мышко з вёскі Белькі я пазнаёмілася тады, калі з членамі раённай камісіі наведвала падворкі грамадзян пажылога ўзросту, якія ўдзельнічалі ў раённым аглядзе-конкурсе. Гаспадары сустрэлі нас каля веснічак дома. Адразу ў вочы кінуліся ідэальны парадак у двары, яркі кветнік. Цікава было пачуць гісторыю жыцця гэтых людзей.
Аляксандр нарадзіўся ў Бельках. Тут прайшло яго дзяцінства, напоўненае простымі вясковымі клопатамі і марамі. Маладосць, прага выпрабаванняў і большых заробкаў закінулі хлопца далёка ад малой радзімы — за Урал. Суровы клімат і цяжкая праца загартавалі яго характар, аднак сэрца заўсёды імкнулася да бацькоўскага парога. Калі старым бацькам спатрэбіліся догляд і падтрымка, клапатлівы сын без ваганняў пакінуў абжытыя мясціны і вярнуўся, каб быць побач з самымі роднымі людзьмі да іх апошняга ўздыху.
…У 2000 годзе застаўся ўдаўцом. Вялікі дом апусцеў. Сын і дачка са сваімі сем’ямі жывуць у Расіі і з-за вялікай адлегласці наведваюцца рэдка. Заставацца аднаму ў чатырох сценах было вельмі сумна. Кожны вечар цягнуўся бясконца доўга, а цішыня вакол толькі падкрэслівала адзіноту. Сапраўдным выпрабаваннем станавіліся зімовыя вечары. Мужчына часта глядзеў на апусцелыя пакоі і разумеў, што чалавеку патрэбен чалавек, каб дзяліцца думкамі, разам сустракаць кожны новы дзень.
Галіна Мышко родам з суседніх Рымак. У Белькі выйшла замуж. Тут нарадзіла і выхавала з мужам траіх дзяцей. Дачка жыве ў Паставах, адзін сын — у Гуце, другі — у Варапаеве. Калі аўдавела, яшчэ доўгі час даглядала старэнькую маці. А калі тая памерла ў 98-гадовым узросце, роспач і сум сталі для жанчыны пастаяннымі спадарожнікамі. З Аляксандрам яны бачыліся ў мясцовым магазіне, на вуліцы. Паразмаўляўшы, прыйшлі да высновы, што разам спраўляцца з жыццёвымі нягодамі будзе значна лягчэй, і прынялі мудрае рашэнне — жыць пад адным дахам. Падтрымалі бацькоў і дзеці.
Сёння дагледжаны дом Аляксандра Януша, які стаіць воддаль дарогі, з’яўляецца сапраўдным упрыгожваннем Белек. Гледзячы на гэту сядзібу, адразу разумееш: тут жывуць гаспадары з вялікай літары. Яны ўкладваюць шмат сіл у тое, каб іх сумесны куток быў утульным. Кожная кветка, пасаджаная дбайнымі рукамі Галіны Пятроўны, кожная адрамантаваная Аляксандрам Мікалаевічам дошка на плоце сведчаць пра тое, што жыццё працягваецца і яно можа быць цудоўным у любым узросце. Гаспадарка патрабуе штодзённай працы, але гэтыя клопаты не абцяжарваюць, а, наадварот, даюць сілы і сэнс жыццю.
Дапамагаюць і дзеці, якія бяруць на сябе самую цяжкую працу па гаспадарцы, дораць пажылым людзям увагу і клопат. Дзякуючы такой сувязі пакаленняў Аляксандр Мікалаевіч і Галіна Пятроўна адчуваюць сябе патрэбнымі. Сумесная праца на зямлі яшчэ больш збліжае родных людзей, ператвараючы звычайныя вясковыя будні ў свята душы.
Лёс Аляксандра Януша і Галіны Мышко, якія змаглі знайсці адно ў адным апору і падтрымку, калі здавалася, што наперадзе толькі адзінота, з’яўляецца яскравым прыкладам таго, што для шчасця няма ўзроставых абмежаванняў, а восень жыцця можа быць цёплай і сонечнай.
Анна Анішкевіч

