Сонечнае надвор’е, рознакаляровы «пыл» Холі на вопратцы, водар гарачых дранікаў і бясконцая музыка на любы густ — у мінулую суботу Манькавічы жылі рытмам open-air. Я заехала на мерапрыемства, каб праверыць, ці рэальна атрымаць поўны бак эмоцый бясплатна. І ўпэўнілася: яшчэ як! Гэта быў той самы выпадак, калі едзеш «на гадзінку», а пасля ловіш сябе на думцы, што зусім не хочаш з’язджаць.
Арганізатары мерапрыемства не выбіралі паміж традыцыямі і сучаснасцю — яны вырашылі ўзяць усё адразу. Фармат працаваў без збояў: на фоне маляўнічай прыроды спорт, народны каларыт і цяжкі рок зліліся ў адно цэлае. Лакацыя пастаянна рухалася: адны госці, напоўніўшыся ўражаннямі ад ранішніх падзей, змяняліся іншымі, якія падцягваліся бліжэй к вечару паводле анонса праграмы. Кожны лёгка знаходзіў сабе месца па душы. Хтосьці выплёскваў энергію на дыстанцыях «Твой Забег» (ад 1 да 21 км), хтосьці шчыра абсыпаўся сухімі фарбамі на Holiхвалі, хтосьці знаходзіў адпачынак ў чыл-зоне і на крэслах-мяшках. Адтуль было зручна і паслухаць жывое выкананне, і паназіраць, як малеча штурмуе надзіманы батут. Асаблівы ажыятаж выклікалі забавы для самых азартных: энергічнае перацягванне каната і «смачны» конкурс на хуткасць паядання дранікаў. І гэта толькі невялікая частка ўражанняў!
Папулярнасцю як у дзяцей, так і ў дарослых карысталася пляцоўка віцебскай каманды «Forever Дрэва». Вакол драўляных настольных гульняў пастаянна збіраліся вясёлыя кампаніі. Арганізатары прывезлі 8 розных забаў: ад гіганцкага марскога бою і джэнгі да рухомых карнхола і эластык-хакея. Гэтыя гульні дапамаглі ўсім пасябраваць, павесяліцца ад душы і хоць ненадоўга забыцца пра тэлефоны.
Бадай, самай «гарачай кропкай» фэсту стала галоўная сцэна, якая загрымела а чацвёртай гадзіне дня і не сціхала да самай поўначы. Восем гадзін чыстага адрэналіну гасцям падарылі сем крутых рок-гуртоў, сярод якіх Perfect Life, Recremate і мясцовыя «Планы». Паралельна на другой лакацыі дыджэі «качалі танцпол» клубнымі сэтамі, а паветра наўкол прасякнулася смачнымі водарамі з фудкортаў.
— Думаю, у нас усё атрымалася. Мы праводзім фэст ужо ў чацвёрты раз, і з кожным годам вопыту толькі прыбаўляецца. Мы свядома выбралі «вясковы» фармат — без глянцу, але з душой. Хочацца, каб утульна было ўсім: і прафесійным бегунам са старту, і бабулям, якія прыйшлі проста паслухаць музыку на мяшках-крэслах. І тут важна раздзяліць заслугу. З аднаго боку, каманда аматараў, захопленыя людзі, якія хочуць дарыць эмоцыі. З другога — госці, якія знайшлі час прыехаць на фэст, удзельнічалі ў розных конкурсах. У такім тандэме заўсёды атрымліваецца добра. Асаблівая падзяка мясцовай уладзе і праваахоўнікам. Без іх падтрымкі мы проста не змаглі б забяспечыць тую самую бяспеку, якая дае людзям магчымасць расслабіцца.
Але самае галоўнае — мы гэта робім дзеля таго, каб у людзей быў дзень, калі яны могуць святкаваць ціха, спакойна, бяспечна. Проста пабыць разам. Будзем развівацца далей, лагістыка будзе паляпшацца, але дух маленькай, утульнай вёскі мы захаваем любой цаной. Бо робіцца гэта ўсё дзеля ўсмешак, — падагульніў галоўны спонсар мерапрыемства, індывідуальны прадпрымальнік Віталій Улыбін.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Крысціна Рубель









