З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

Общество

З малой радзімы пачынаецца наша біяграфія, выток нашага жыцця. Па-сапраўднаму шчаслівыя тыя, хто нават удалечыні ад сваёй калыскі можа ў любы момант туды вярнуцца, прайсціся па роднай вуліцы, пакаштаваць яблыкаў з бацькоўскага саду (а бывала, і з суседскага), паказаць дзецям і ўнукам месца свайго басаногага дзяцінства. А ўдвая каштоўней такая сустрэча, калі яна збірае нашчадкаў тых, хто калісьці жыў у гэтым населеным пункце.

Менавіта на такую традыцыйную сустрэчу некалькіх пакаленняў нашчадкаў жыхароў невялікай вёсачкі Валожына-1, што ў Курапольскім сельсавеце, 15 жніўня атрымаў запрашэнне карэспандэнт «ПК».

Даведка «ПК»: У 2001 годзе ў Валожыне-1 пражывала 14 жыхароў. З 2009-га вёска страціла статус пастаяннага населенага пункта. Захавалася 9 хат, некаторыя з якіх выкарыстоўваюцца як дачы.

З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

Сёння Валожына-1 сустракае цішынёй і спакоем. Зварочваем з асноўнай дарогі на былую вясковую вуліцу, абкошаную чыёйсьці клапатлівай рукой. Паабапал, сярод густа зарослых старых садоў, віднеюцца стрэхі пабудоў. Праз некалькі дзясяткаў метраў угадваецца двор, дзе ўжо кіпіць жыццё: мужчыны і жанчыны расстаўляюць сталы і лаўкі, над мангалам уецца дымок.

Насустрач выходзіць добра знаёмая мне па сярэдняй школе №2 імя Н. М. Асяненкі Таццяна Літвіновіч. Менавіта ёй у 2023 годзе належала ідэя саб­раць нашчадкаў жыхароў гэтай вёскі. Прапанову падтрымаў яе дзядзька Уладзіслаў Лапушынскі. Яны змясцілі інфармацыю ў сацыяльных сетках, патэлефанавалі родзічам — і заклік знайшоў водзыў у сэрцах многіх. Першая сустрэча сабрала 57 чалавек з Пастаў, Маладзечна, Мінска, а таксама з Расіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Сёлетняя ўжо чацвёртая па ліку.

З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

— Воляй лёсу так склалася, што мае бацькі, пажаніўшыся, купілі ў сваякоў хату сваіх прадзедаў, — расказвала Таццяна Літвіновіч. — Я  і мой старэйшы брат Міхаіл, напэўна, самыя маладыя з таго пакалення, хто тут нарадзіўся. Кожнае лета прыязджаем, даглядаем дом і ўчастак. Галоўнае, што мая дачка падтрымлівае мяне ў жаданні захаваць радавое гняздо.

Мы выраслі тут, з’ехалі ву­чыцца, стварылі сем’і. Жывём у іншых месцах, але думкамі заўсёды вяртаемся ў Валожына. Запомнілася, што па суботах прыходзіў аўтобус, у кожную хату з’язджаліся дзеці, потым — унукі. Усе святы і нават сумныя падзеі перажывалі разам: зімой — у хаце, летам накрывалі сталы ў садзе. Напэўна, з гэтых успамінаў і нарадзілася жаданне адрадзіць традыцыю як даніну павагі да памяці продкаў.

Падчас размовы да хаты пад’язджалі аўтамабілі. З іх выходзілі нашчадкі тых, хто калісьці насяляў Валожына. Сярод іх — прадстаўнікі самага сталага пакалення Уладзіслаў Лапушынскі з Пастаў і Міхаіл Лапушынскі з Маладзечна са сваімі сем’ямі. Пачалася радасная мітусня: абдымкі, поціскі рук, роспыты пра жыццё і здароўе. Жанчыны заняліся святочным сталом, раскладваючы прывезеныя стравы, а мужчыны накіраваліся да падвор’яў сваіх бацькоў і дзядоў.

Уладзіслаў Уладзіміравіч Лапушынскі правёў мяне да баць­коўскай сядзібы. Па дарозе ён распавядаў, хто ў якім доме жыў, успамінаў гісторыю вёскі і тое, як складана было адбудоўваць яе пасля пажару ў гады вайны. Дзяліўся ўспамінамі пра жыццё ў зямлянцы, пра тое, як у маленстве дапамагаў бацьку фарма­ваць цэглу для будучай печы-ляжанкі. Паказаў і дуб, які пасадзілі разам з бацькам. Сёння, амаль праз восем дзесяцігоддзяў, гэта магутнае дрэва ў некалькі абхватаў асабліва хвалюе ўспаміны далёкага дзяцінства.

З малой радзімы — у вялікае жыццё: як сустракаліся нашчадкі вёскі Валожина-1

Вяртаючыся, мы сустрэлі Міхаіла Міхайлавіча Лапушынскага, які таксама наведваў сядзібу сваіх бацькоў. Ён падзяліўся радаснай навіной: у архівах удалося знайсці звесткі пра Валожына-1 яшчэ з 1834 года (ранейшай датай узнікнення вёскі лічыўся 1873 год). Паводле рэвізскай казкі, першым тут пасяліўся Сямён Лапушынскі, сын якога, Мікалай, стаў тут сталым жыхаром. Ён перадаў усё ў спадчыну сыну Антосю, а пяцёра яго сыноў пабудавалі побач свае дамы. Так утварылася вёска, дзе асноўным прозвішчам было Лапушынскія. Пазней да іх далучыліся Жыгалкі, а побач на хутарах пасяліліся Дунцы, Несцяровічы, Зарэцкія, Мядзюхі і Нямірскія — так сфармавалася сучаснае Валожына-1.

Гэтымі гістарычнымі звесткамі Міхаіл Лапушынскі, да таго ж вядомы паэт, на вершы якога напісаны песні, падзяліўся за святочным сталом. І пайшла няшпаркая, як казалі старыя людзі, бяседа. Уладзіслаў Лапушынскі чытаў вершы, прысвечаныя роднай вёсцы: Аркадзя Нафрановіча, ураджэнца Валожына Вальтара Несцяровіча, а таксама ўласныя. Прысутныя сустракалі выступленні вопліскамі, абменьваліся ўспамінамі, расказвалі ўнукам пра тых, каго ўжо няма побач. Смуткавалі, замаўкалі, калі гаворка заходзіла пра родных, якія пайшлі з жыцця пасля мінулых сустрэч. Шчыра смяяліся з вясёлых гісторый пра вясковае жыццё, якімі ахвотна дзяліліся старэйшыя.

Час праляцеў незаўважна, і вось ужо трэба збірацца ў дарогу. Пакідаючы Валожына-1, я зрабіў выснову: хоць вёска ўжо не мае пастаянных жыхароў, яна жыве памяццю нашчадкаў, якія імкнуцца тут бываць, рупяцца пра бацькоўскія гнёзды і беражліва захоўваюць гісторыю свайго роду.

Аляксандр Кузняцоў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.