За лічбамі — жыццё раёна: як працуюць статыстыкі Пастаўшчыны

Общество

Іх працоўныя будні — гэта бясконцыя лічбы, працэнты і табліцы. Яны ведаюць усё пра становішча спраў у розных сферах жыцця Беларусі і дапамагаюць прадстаўнікам органаў дзяржаўнага кіравання прымаць рашэнні, як далей будзе развівацца наша краіна. Размова пра работнікаў дзяржстатыстыкі, якія 23 жніўня адзначылі прафесійнае свята.

Свой уклад у збор, апрацоўку, захаванне і абагульненне статыстычнай інфармацыі, забеспячэнне ёю органаў дзяржкіравання і шырокай грамадскасці ўносяць і спецыялісты аддзела статыстыкі Пастаўскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці.

— Мы праводзім назіранні аб з’явах, працэсах і фактах ва ўсіх сферах жыцця раёна: у сельскай і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве, гандалі і многіх іншых, — кажа кіраўнік аддзела Ганна Бялевіч. — Атрыманую інфармацыю падаём у абласное ўпраўленне, дзе яна групіруецца, а затым распаўсюджваецца карыстальнікам у выглядзе буклетаў, статыстычных аглядаў і інфаграфікі. Нам падаюць справаздачнасць каля 290 юрыдычных асоб. Акрамя таго, выбарачна абследуем хатнія гаспадаркі па ўзроўні жыцця і асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці. Займаецца гэтым спецыяліст па правядзенні абследаванняў Галіна Вежан.

У раённым аддзеле статыстыкі жанчына працуе з 2009 года. Прыйшла сюды, можна сказаць, выпадкова, шукаючы работу пасля пераезду сям’ёй на Пастаўшчыну з Нарачы, і стала незаменным чалавекам у калектыве. Спачатку вывучала ўзровень жыцця жыхароў Камайскага сельсавета, потым доўгі час — пастаўчан. А са студзеня 2025 года праводзіць абследаванне на тэрыторыі Курапольскага сельсавета — у самім Кураполлі, Хацілах, Андронах і Целяках.

За лічбамі — жыццё раёна: як працуюць статыстыкі Пастаўшчыны

— Там у мяне 45 хатніх гаспадарак, з іх 15 абследуюцца па ўзроўні жыцця і 30 — па асабістых падсобных гаспадарках, — расказвала Галіна Вежан. — Кожную наведваю 3-4 разы на месяц. Атрыманыя ад іх даныя затым выкарыстоўваюцца як крыніца інфармацыі для выяўлення асноўных тэндэнцый змянення дабрабыту насельніцтва, ацэнкі ўзроўню жыцця, даступнасці асноўных сацыяльных даброт для розных груп грамадзян, пры разліку індэкса спажывецкіх цэн на тавары і паслугі, для вывучэння ўзроўню развіцця хатніх гаспадарак, фарміравання па перыядах года дакладнай афіцыйнай статыстычнай інфармацыі аб аб’ёмах вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Зараз у рэспубліцы праходзіць штоквартальнае выбарачнае абследаванне хатніх гаспадарак па праблемах занятасці насельніцтва, мэта якога — вызначыць узровень удзелу беларусаў ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў у эканоміцы краіны, удакладніць прычыны беспрацоўя, спосабы і працягласць пошуку работы, намер і гатоў­насць да працаўладкавання. У нашым раёне яно праводзіцца ў Паставах і Варапаеўскім сельсавеце. У горадзе выбраных рэспандэнтаў апытвае Галіна Тадэвушаўна.

— Работа вельмі няпростая, — прызнаецца яна. — Людзі насцярожана адносяцца да маіх візітаў, асабліва калі прыходжу да іх упершыню. Могуць і дзверы не адчыніць. Неахвотна адказваюць на некаторыя пытанні, якія датычаць асабістага, сямейнага, фінансавага бакоў жыцця. Баяцца, што звесткі будуць абнародаваны. Даводзіцца тлумачыць, што ўсё канфідэнцыяльна, атрыманыя даныя выкарыстоўваюцца толькі для фарміравання афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

Дзякуючы сваёй камунікабельнасці Галіна Вежан умее знайсці падыход да кожнага чалавека і выклікаць яго давер. Яна не лічыцца з асабістым часам, гатова завітаць да рэспандэнта і позна вечарам, і ў выхадны дзень, калі яму так зручна. Адным словам, стараецца якасна і ў тэрмін выканаць работу.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.