Чэмпіянат Беларусі па футболе
Халодны душ для пастаўчан
ФК «Міёры»–ФСК «Паставы» – 5:0
Пастаўчане згулялі з моцным сапернікам у адкрыты камбінацыйны футбол у крайне неспрыяльнае надвор’е — з навальніцай і шквалістым ветрам.
Больш вопытныя міёрцы дзейнічалі з дапамогай далёкіх навясных перадач у свабодныя зоны. Яны пры любой магчымасці білі па варотах і на 5-й хвіліне адкрылі лік — 1:0. Нашы стварылі некалькі галявых момантаў, але на апошнім рубяжы ў міёрцаў надзейна згуляў вопытны майстар спорту Ігар Даўгяла. Да таго ж ударам нашых апорнікаў Ільі Баранава і Дзмітрыя Кундры крыху не хапіла дакладнасці.
У сярэдзіне тайма паўабаронца саперніка Дзмітрый Вашкель забіў у нашы вароты гол — 2:0. А на 49-й хвіліне міёрцы фактычна вырашылі лёс паядынку: на гэты раз вызначыўся расійскі легіянер Павел Іваноў — 3:0. Становішча ўскладнілася, калі лівень фактычна ператварыў газон у балота. Ігракі падалі, рызыкуючы атрымаць траўмы.
У канцоўцы пастаўчане фізічна падселі, а Павел Іваноў і яшчэ адзін расійскі легіянер Ігар Курбанаў давялі лік на табло да разгромнага.
Змагаліся да канца Галавенка, Маршын, Голубеў (к, Галяш), Пучынскі, Касенка (Івашкоў), Кундра, Камісарчук, Баранаў, Жылевіч, Каралёнак, Чалей (Журнаплёў). Наш наступны сапернік — чэрвеньскі «Колас» — у 1-м туры дома згуляў унічыю (1:1) з ФК «Горкі». Гульня з прадстаўнікамі Міншчыны пачнецца ў Паставах ў нядзелю, 13 верасня, у 14.00. У Наваполацку мясцовы «Нафтан-2» прымаў дубль «Віцебска» і саступіў з лікам 0:5. Іншыя клубы Прыдзвіння свае першыя матчы завяршылі так: «МЛ Віцебск-2»—«Друць» (Бялынічы) — 1:0, БДУ (Мінск)—«Полацк-2019» — 2:1, «Тарпеда-БелАЗ-2» (Жодзіна)—«Газавік» (Віцебск) — 3:0.
Уладзімір Шык

