Беларусь рыхтуецца да аднаго з галоўных дзяржаўных свят – Дня народнага адзінства, які адзначыць 17 верасня. Да гэтай даты прымеркавана нямала розных мерапрыемстаў. Асобнае месца сярод іх займае рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная», якую ў сераду прымаў Пастаўскі дзяржаўны каледж.
Акцыя стартавала 3 верасня ў Гродзенскай вобласці. На яе маршруце — 25 гарадоў і 32 каледжы ва ўсіх рэгіёнах краіны. Менавіта тут пад эгідай рэспубліканскага таварыства «Веды» праходзяць адкрытыя дыялогі з моладдзю. Да юнакоў і дзяўчат звяртаюцца не пасівелыя лектары, як было раней (акцыя «Беларусь адзіная» праводзіцца ў краіне з 2021 года), а практычна іх равеснікі — маладыя партыйцы, грамадскія дзеячы, валанцёры, спартсмены. Размова на роўных, шчырая і простая.
У Паставах яе павялі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі: намеснік начальніка сацыякультурнага цэнтра Павел Гардзяюк і другая віцэ-міс нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2025» Таццяна Марчук. Дыялог пачалі нестандартна: навучэнцам раздалі яблыкі. Камусьці дастаўся цэлы плод, камусьці — палавіна. Так спікеры абазначылі тэму гутаркі — Дзень народнага адзінства, які з’явіўся ў нашым календары 5 гадоў назад, але мае глыбокія гістарычныя карані. Палавінкі яблыкаў адсылалі навучэнцаў у 1921 год, калі пасля Першай сусветнай вайны па Рыжскім дагаворы Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Тады разрэзанай аказалася не проста краіна. Раздзялілі сем’і, блізкіх людзей, якія апынуліся па розныя бакі граніцы, пазбавіўшы іх на доўгія 18 гадоў магчымасці бачыць адно аднаго.
Для маладых людзей падрыхтавалі відэапрэзентацыю, з якой яны даведаліся пра маштаб трагедыі беларускага народа і страты, панесеныя ў першай палове ХХ стагоддзя. Пра тое, як прыцяснялі нашых продкаў пры панскай Польшчы, Павел Гардзяюк расказаў на прыкладзе роднай бабулі. Яна ўспамінала, што ў школе, дзе вучылася, была забароненая беларуская мова, а калі пачалася актыўная паланізацыя насельніцтва, у вёску прывезлі польскіх настаўнікаў. За слова на беларускай мове настаўніца біла вучняў па руках меднай лінейкай, ставіла ў кут на грэчку.
У той час пакутавала і дарослае насельніцтва. Неапалячаным беларусам не давалі работу, усяляк прыгняталі, забаранялі не толькі нашу мову, але і веру, перарабляючы праваслаўныя храмы ў касцёлы. Для нязгодных з новымі парадкамі польская ўлада адкрывала канцэнтрацыйныя лагеры, самы вядомы з якіх — Бяроза-Картузская. Ён стаў прататыпам фашысцкіх канцлагераў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Сітуацыя змянілася толькі 17 верасня 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў кароткі тэрмін адбыўся культурны бум, сталі адраджацца школы, беларуская мова зноў стала дзяржаўнай.
Размова не абмежавалася экскурсам у гісторыю. Спікеры прапанавалі моладзі задумацца, што значыць адзінства сёння. Разам з імі аўдыторыя прыйшла да высновы, што гэта агульная памяць пра мінулае, павага адно да аднаго, беражлівыя адносіны да культуры і традыцый, наша здольнасць захоўваць мір, развіваць сваю краіну і адчуваць адказнасць за яе будучыню.
У канцы сустрэчы госці правялі для навучэнцаў інтэрактыўную гульню з пытаннямі пра Беларусь. Кожнаму, хто даў правільны адказ, уручылі салодкі прыз, а самыя актыўныя ўдзельнікі атрымалі худзі з лагатыпам акцыі. На памяць пра яе зрабілі агульны фотаздымак.
Пасля мерапрыемства прысутныя ў зале падзяліліся сваім стаўленнем да Дня народнага адзінства і роднай Беларусі.
Меркаванні
— 17 верасня — сімвал нашай з’яднанасці, агульнай гісторыі і лёсу беларускага народа, — гаварыла трэцякурсніца Маргарыта Карманава. — Ён нагадвае, як важна захоўваць сувязь пакаленняў, паважаць сваё мінулае і цаніць адзінства. А яшчэ сведчыць пра тое, што на кожным з нас ляжыць асаблівая адказнасць перад грамадствам. Мая задача — не толькі добра вучыцца, каб стаць высакакласным спецыялістам і прыносіць карысць Беларусі ў далейшым. Я павінна ўласным прыкладам паказваць павагу да дзяржавы і каштоўнасцей, якія нас аб’ядноўваюць.
— Для мяне Беларусь — гэта стан душы, — прызнаўся равеснік Маргарыты Канстанцін Чаравуха. — Калі я вымаўляю слова Радзіма, успамінаю не толькі велічнае мінулае, але і тое, што мы разам пішам будучыню краіны. Дзень народнага адзінства — важны напамін пра тое, што наша сіла ў нашай з’яднанасці.
Алена Шапавалава












