На мінулым тыдні пасля першага этапа касметычнага рамонту адкрылася радзільнае аддзяленне Пастаўскай ЦРБ, што стала важным крокам да паляпшэння якасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна і абвергла настойлівыя чуткі пра ліквідацыю аддзялення. Ацаніць абноўленыя перадродавую палату, радзільную залу і працэдурны кабінет змагла карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава.
Знешні і ўнутраны выгляд райбальніцы мяняецца ўжо на працягу некалькіх гадоў. Паступова пераўтвараюцца асобныя кабінеты і цэлыя структурныя падраздзяленні. Але рамонт радзільнага аддзялення ў сёлетнія планы медыкаў не ўваходзіў.
— Ён быў запланаваны на 2027/2028 год, — расказваў галоўны ўрач ЦРБ Павел Качан. — Працэс паскорыў Год беларускай жанчыны. Улічваючы яго тэматыку, мы вырашылі адрамантаваць раней за вызначаны тэрмін тры самыя важныя ў аддзяленні памяшканні: радзільную залу, перадродавую палату і працэдурны кабінет. А завод «Проміс» і Пастаўскі малочны завод згадзіліся прафінансаваць правядзенне работ. Дзякуючы іх дапамозе замянілі пакрыццё сцен і падлогі, свяцільні і жалюзі на вокнах, уставілі новыя дзверы. За грошы спонсараў і бюджэтныя сродкі купілі новую медыцынскую мэблю. Усё гэта палепшыла санітарна-эпідэмічны рэжым у аддзяленні. Акрамя таго, жанчынам стала прыемней рыхтавацца да адной з самых важных падзей у іх жыцці — нараджэння дзіцяці — у прыгожым, светлым, утульным памяшканні.
Па словах Паўла Качана, у наступным годзе рамонт у названым падраздзяленні будзе прадоўжаны. Ён разгорнецца ў звычайных палатах, калідоры і санвузлах — усюды, што не закранулі сёлета.
— Наша аддзяленне разлічана на 10 ложкаў і ўжо даўно патрабавала рамонту, — гаварыла яго загадчыца, урач акушэр-гінеколаг Кацярына Ільчанка. — Мы стараемся падтрымліваць усё ў добрым стане дзякуючы беражлівай эксплуатацыі, тым не менш час бярэ сваё. Вельмі ўдзячныя спонсарам за тое, што падтрымалі ідэю кіраўніцтва райбальніцы зрабіць у знакавы для нас год важкі ўклад у здароўе жанчын і будучых жыхароў раёна.
21 верасня аддзяленне аднавіла сваю работу. І ўжо ў аўторак у абноўленай радзільнай зале на свет з’явіўся першы малыш. Гэта хлопчык ростам 50 сантыметраў і вагой 2 кілаграмы 850 грамаў. Яго маці, пастаўчанка Святлана Смоліна, расказала, што сына вырашылі назваць Мацвеем. У маладой сям’і ён першынец. Безумоўна, вельмі чаканы і, хочацца спадзявацца, будзе не адзіным дзіцем.
— Роды прайшлі цудоўна, — свяцілася шчасцем Святлана, прыціскаючы да грудзей сыночка. — Я ні пра што не непакоілася, была ўпэўненая ў прафесіяналізме ўрачоў і медсясцёр. З першых хвілін знаходжання ў аддзяленні яны і іншыя медыцынскія работнікі акружылі мяне ўвагай і клопатам.
Умацоўваецца матэрыяльная база
Радзільнае аддзяленне — толькі частка зробленага за гэты год. Па-іншаму стала выглядаць уваходная група прыёмнага пакоя райбальніцы. Тут з’явіліся выкладзеная тратуарнай пліткай пляцоўка для заезду хуткай дапамогі і навес над ёй. Цяпер хворыя не будуць мерзнуць і мокнуць на вуліцы, пакуль медыкі транспартуюць іх са спецаўтамабіля ў будынак.
Адрамантавана таксама палова тэрапеўтычнага аддзялення і заменены на сучасныя шклопакеты ўсе старыя драўляныя вокны ў ім. Праведзены рамонт у памяшканні, дзе ўстаноўлена дэзынфекцыйная камера. Згодна з санітарна-эпідэмічнымі патрабаваннямі, яно раздзелена на чыстую і брудную зоны, зроблены асобныя ўваход і выхад, вентыляцыя. Работы выконвалі будаўнікі індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Галяша. Вяліся яны за бюджэтныя сродкі. За іх жа куплена новая дэзкамера (старая выйшла са строю), у якой абясшкоджваюцца коўдры, падушкі, матрацы і іншае, што немагчыма памыць.
І гэта далёка не ўсё, пра што можна расказаць. Працягваючы тэматыку 2026 года, кіраўніцтва райбальніцы з дапамогай упраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама набыло ў жаночую кансультацыю гінекалагічнае крэсла для пацыентак з абмежаванай мабільнасцю. Яно на электрапрывадзе, які дазваляе яго паднімаць і апускаць. Зараз ідзе мадэрнізацыя будынка паліклінікі пад устаноўку мамографа. Гэтым займаюцца спецыялісты КБУП «Рассвет Пастаўскі», якія павінны здаць аб’ект да канца кастрычніка. Кабінет мамаграфіі будзе знаходзіцца насупраць флюараграфічнага. Акрамя таго, у стацыянары ЦРБ падрыхтавана памяшканне для новага рэнтгенаўскага апарата. Яго пастаўку, як і мамографа, чакаюць у найбліжэйшыя месяцы. А ў наступным годзе ў паліклініцы збіраюцца ўстанавіць камп’ютарны тамограф.
Алена Шапавалава





