Раённы агляд-конкурс сярод сельскіх устаноў культуры – мерапрыемства традыцыйнае. Але яго тэматыка кожны год мяняецца. Сёлета гэта былі вясельныя абрады беларусаў, якія прадстаўлялі ў мінулую суботу на сцэне Юнькаўскага СДК.
Каб зрабіць абрадавую праграму, работнікам культуры прыйшлося адправіцца ў экспедыцыю і сабраць матэрыял у носьбітаў фальклору. Тыя расказалі, якім у нашай мясцовасці было вяселле дзясяткі гадоў назад, а таксама падзяліліся сваімі вясельнымі рэчамі, што беражліва захоўваюць дома. Іх культработнікі прэзентавалі на падрыхтаваных выставах «Вясельны куток». Акрамя шматлікіх фотаздымкаў і ўбораў жаніха і нявесты, у кутках былі прадстаўлены рукадзелле і абрадавыя стравы, у тым ліку папулярны на Пастаўшчыне вясельны баран.
— Пры ўсім падабенстве выстаў кожная мела сваю «фішку», — расказвала метадыст па фальклоры Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Святлана Марозава. — Камайцы спяклі хлеб па старажытным рэцэпце. Варапаеўцы прывезлі старажытныя абраз і ручнік з надпісам з літарай «ять», а таксама куфар, у які дзяўчына, рыхтуючыся да замуства, збірала пасаг. Дунілаўцы прадставілі шыкоўны касцюм-тройку жаніха польскага часу. Юнькаўцы запрасілі на прэзентацыю бабулю — носьбітку традыцый, з архіву якой зрабілі фотавыставу.
Арыгінальнымі былі і тэматычныя праграмы. У 10-15-хвілінных пастаноўках культработнікі з дапамогай удзельнікаў мастацкай самадзейнасці сваіх устаноў культуры паказалі розныя вясельныя абрады: заручыны, дарэнне, пляценне дзяўчатамі вянка, благаславенне перад вянцом, распляценне касы дзяўчыне, развітанне са шлюбным вяночкам і задорванне свякроўкі, выкуп пасцелі маладой і інш. Падчас міні-пастановак спявалі песні, якія бытавалі толькі ў нашым рэгіёне: «Брат сястру на пасад вядзе», «Ой ты, рэчанька беражыстая», «Ой, шуміць лісток на каліне». На мерапрыемства былі запрошаны гледачы.
Вынікі агляду-конкурсу падвядуць крыху пазней і ўзнагародзяць найлепшых. Самая цікавая пастаноўка ляжа ў аснову праграмы, якую пастаўскія культработнікі прадставяць на абласным свяце-конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца». Яно пройдзе ў Паставах у лістападзе ў раённым Доме культуры.
Алена Шапавалава
Фота даслала Вікторыя Курто




