1 верасня новы навучальны год пачаўся не толькі ў агульнаадукацыйных школах, але і ў школах мастацтваў. Яны таксама актыўна рыхтаваліся прыняць дзяцей, займаючыся рамонтам.
— Штогод мы стараемся абнавіць нашы класы і кабінеты, — расказвала дырэктар Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза Вераніка Крывічаніна, калі я завітала ў школу. — Раней рабілі гэта ўласнымі сіламі: нешта падпраўлялі, падклейвалі, фарбавалі. З прыходам новага дырэктара Ганны Іванаўны Цыбулёнак (зараз яна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці — А. Ш.) узяліся за больш грунтоўны рамонт з прыцягненнем спецыялістаў. Спачатку правялі яго ў калідорах і холе. Мінулай зімой капітальна адрамантавалі два класы скрыпкі. Цяпер — асноўны клас фартэпіяннага аддзялення, клас цымбалаў, а таксама той, дзе праходзяць унутрышкольныя мерапрыемствы: педсаветы, групавыя ўрокі, выпускныя экзамены, акадэмічныя канцэрты.
Памяшканні змяніліся непазнавальна. У іх з’явіліся новыя падвясная столь з сучасным асвятленнем і ідэальна роўная падлога, засцеленая лінолеумам. Сцены «апрануліся» ў дэкаратыўную тынкоўку. Усё зроблена ў адным стылі. Работы выконвалі спецыялісты індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Галяша, якія рамантавалі і папярэднія класы. Спонсарам выступіў Пастаўскі малочны завод, астатнюю частку сродкаў выдзеліў райвыканкам з грошай, сабраных на раённым суботніку. ААТ «Паставымэбля» да 1 верасня ўкамплектавала два вучэбныя класы новенькімі сталамі, крэсламі і шафамі, набыць якія дапамагло ААТ «Навасёлкі-Лучай». У хуткім часе будзе мэбляваны трэці, самы большы, клас.
Пасля фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» пачаўся капітальны рамонт і ў канцэртнай зале школы мастацтваў па вуліцы Чырвонаармейскай. Вядзецца ён за сродкі раённага бюджэту, падрадчыкам выступае КБУП «Рассвет Пастаўскі». У адпаведнасці з дызайн-праектам, зала павінна цалкам пераўтварыцца. Па-іншаму будуць выглядаць падлога, сцены, столь, балкон. Перарабляюцца таксама фае і ўваходная група. Нягледзячы на рэканструкцыю, заняткі навучэнцаў харэаграфічнага аддзялення школы па-ранейшаму будуць праходзіць на 2-м паверсе будынка.
Асноўную частку вучняў педагогі школы набралі яшчэ ў канцы вясны — пачатку лета. Цяпер ідзе дадатковы набор дзяцей у першыя класы на розныя інструменты. Вераніка Крывічаніна прасіла напісаць, што яны запрашаюць усіх ахвотных асвоіць нотную грамату. Выконваю просьбу і хачу заўважыць ад сябе: музычная адукацыя нікому не пашкодзіць, наадварот, яна разаўе памяць, мысленне і каардынацыю, уменне канцэнтравацца і ўтрымліваць увагу, сфарміруе добры эстэтычны густ. Таму прыходзьце, настаўнікі школы чакаюць вас! Сярод іх і адзін малады спецыяліст — выпускніца Наваполацкага музычнага каледжа Паліна Талапіла, якая будзе вучыць іграць на домры. А займацца ў абноўленых класах намнога прыемней.
Алена Шапавалава


