«Адчула сябе сапраўднай каралевай»: як Фелікса Івашкевіч сустрэла сваё 90-годдзе

Общество

Жыць побач з чалавекам-эпохай — сапраўдны гонар. На долю маёй суседкі Феліксы Антонаўны Івашкевіч з вуліцы Ціхай выпала шмат жыццёвых выпрабаванняў. Але яна захавала неверагодную бадзёрасць духу і аптымізм. У гэтым месяцы за вялікім святочным сталом у хаце доўгажыхаркі сабраліся самыя блізкія людзі, каб адзначыць яе слаўнае 90-годдзе.

Кожная сустрэча з гэтай жанчынай пакідае ў маёй душы незвычайнае цяпло. Назіраючы за бабуляй Фэляй (так яе называюць знаёмыя), не перастаю дзівіцца: яе энергіі і аптымізму пазайздросцяць нават маладыя! Нягледзячы на паважаны ўзрост, яна пастаянна ў руху, бо не прывыкла сядзець склаўшы рукі.

Нарадзілася Фелікса ў вёсцы Русакі. Акрамя яе, у сям’і былі яшчэ дзве сястры. Дзяўчынкі рана асірацелі: не паспелі падрасці, як не стала іх любімай мамы… Гэта была вельмі цяжкая страта. Бацька пазней прыводзіў у хату іншых жанчын, але з імі ў дзяўчат не ладзілася. Вучыцца маленькая Фэля пачынала ў пачатковай школе ў суседняй вёсцы Казлы, якой ужо няма на карце раёна. Скончыўшы чатыры класы, пераехала ў Паставы, жыла на кватэры ў мамінага стрыечнага брата і паспяхова скончыла дзесяцігодку. Адразу пасля школы пайшла працаваць у вучылішча механізацыі (цяпер гэта мясцовы каледж) сакратаром-машыністкай.

"Адчула сябе сапраўднай каралевай": як Фелікса Івашкевіч сустрэла сваё 90-годдзе

— Друкаваць на машынцы нідзе не вучылася, — успамінала юбілярка. — Жыццёвае гора і патрэба прымусілі ўсяму навучыцца самой. Ды і дырэктар у нас быў вельмі добры і чулы.

Новай старонкай у жыцці Феліксы Антонаўны стаў мясакамбінат. Працуючы тут, яна не толькі завочна скончыла Беларускі сельскагаспадарчы інстытут, але і прайшла шлях ад бухгалтара да галоўнага бухгалтара, адшчыраваўшы на прадпрыемстве да самага выхаду на заслужаны адпачынак. З выхадам на пенсію яе працоўная біяграфія не скончылася — яшэ тры гады дапамагала весці ўлік у «гаргазе».

Уласнае сямейнае гняздо Фелікса Антонаўна звіла ў студзені 1959 года, калі выйшла замуж. На бацькаў пасаг — тысячу рублёў — маладыя купілі ўтульную хату, у якой жанчына жыве ўжо 67 гадоў. Заўсёды вялі з мужам гаспадарку: мелі ўчастак зямлі ў Русаках (там садззілі бульбу, мелі сена­жаць), трымалі свіней, курэй, казу.  Разам пражылі да 2020 года, пакуль той не адышоў у іншы свет.

Старэйшай сястры Феліксы Антонаўны таксама ўжо няма на гэтым свеце. А вось з малодшай, Леначкай, лёс звёў зноў. Больш за 30 гадоў тая пражыла ва Украіне, дзе была замужам. Пахаваўшы мужа, яшчэ 12 гадоў жыла ў сына ў Адэсе. Але ў лютым 2022 года, калі пачаліся ваенныя дзеянні, блізкія настаялі на яе вяртанні ў Беларусь. Сын падтрымаў рашэнне, хоць развітанне з маці далося яму няпроста. І вось ужо чатыры гады сёстры дружна жы­вуць пад адным дахам: гатуюць, садзяць агарод, полюць… Шчыра ўсміхаючыся, кажуць: «Калі ёсць праца і клопаты — тады і жывецца нармальна».

Так склаўся лёс, што ўласных дзяцей Фелікса Антонаўна не мае, і пра гэты жаночы боль яна гаворыць адкрыта з сумам. Тым не менш яна ніколі не ведала адзіноты. Увесь свой нерастрачаны мацярынскі клопат і бязмежную любоў жанчына аддае дзецям сваіх сясцёр. У Паставах жывуць любімыя пляменнікі Генадзій і Ванда, якія сталі для яе надзейнай апорай. Пляменніца рэгулярна прывозіць ежу і неабходныя рэчы, Гена заўсёды абкошвае траву вакол хаты, сочыць за парадкам на панадворку. Менавіта ён і настаяў на тым, каб адзначыць гэты важкі юбілей.

Свята ўдалося на славу! Сабраліся самыя блізкія і родныя людзі Феліксы Антонаўны: пляменнікі са сваімі сем’ямі, стрыечная пляменніца з Мінска, праўнукі. Да вялікай сямейнай кампаніі далучылася і суседка Тамара Анатольеўна. Жанчыны амаль аднагодкі і родам з суседніх вёсак. Нягле­дзячы на тое, што той ужо цяжка хадзіць, паціху прытупала на свята, бо юбілярка жартам папярэдзіла: «Калі не прыйдзеш на мае 90 гадоў, я не прыйду на твае ў сакавіку!»

За сталом гучала музыка, ліліся цёплыя віншаванні і шчырыя словы падзякі. Найбольш кранальным і ўрачыстым момантам для імянінніцы стала асаблівае віншаванне ад сям’і.

— Колькі было кветак, колькі цудоўных падарункаў! А тут яшчэ пляменніца так урачыста, пры ўсіх, надзела на мяне стужку з надпісам «Юбиляр 90 лет» і сапраўдны юбілейны медаль! — з захапленнем і слязамі радасці на вачах узгадвала доўгажыхарка. — Адчула сябе сапраўднай каралевай у такой павазе і пашане!

Гэты прыгожы дзень паказаў, што самае галоўнае ў жыцці — любоў блізкіх, іх увага і магчымасць сабрацца разам.

— Найбольшае шчасце — бачыць усіх побач пад мірным небам. Няхай у нашых хатах пануе згода, а вайна больш ніколі не трывожыць родную зямлю,  — падсумавала Фелікса Івашкевіч.

P.S. Калі я спытала Феліксу Антонаўну пра вайну, яе твар раптам зрабіўся сур’ёзным. Яна нарадзілася ў 1936 годзе, таму на пачатак Вялікай Айчыннай была зусім дзіцём. Аднак адзін жудасны выпадак назаўсёды застаўся ў яе памяці.

Немцы прыйшлі ў Русакі і сагналі ўсіх жыхароў — ад старога да малога — на вялікі агарод каля іх хаты. Сярод вяскоўцаў была і маленькая Фэля з бацькам і малодшай сястрычкай, якой балелі ногі. Карнікі паставілі кулямёты і збіраліся расстраляць жыхароў вёскі за сувязь з партызанамі: нехта данёс, што адзін з вяскоўцаў далучыўся да іх, а яго маці стаяла тут жа, у натоўпе. Немцы дапытвалі людзей, патрабуючы выдаць гэту жанчыну. Нягледзячы на смяротную пагрозу, ніхто не вымавіў ні слова. Пасля доўгага і напружанага маўчання афіцэр спытаў: «Хочаце жыць?» — «Хочам! Хочам!» — у адзін голас загаласілі людзі. Гэты момант стаў вырашальным — карнікі нечакана развярнуліся і пайшлі прэч. Ахопленыя жахам і радасцю раптоўнага выратавання, вяскоўцы кінуліся па хатах. Гэта была сапраўдная спагада Божая і цуд, які падараваў Феліксе Антонаўне доўгае жыццё.

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.