Чэмпіянат Беларусі па футболе
Без шанцаў
ФК «Віцебск-2»—ФСК «Паставы» — 9:0
У чарговым 4-м туры групавога этапа 2-й лігі першыя 7 з 16 каманд датэрмінова заваявалі пуцёўкі ў 1/8 фінала рэспубліканскай стадыі плэй-оф. ФСК «Паставы» ў абласны цэнтр прыехаў без матывацыі: упушчаная перамога ў дадатковы час у Горках пазбавіла каманду шанцаў выйсці ў турнір нават з 3-га прамежкавага месца.
Моцны сапернік — а ён пераканаўча выйграў чэмпіянат краіны сярод дублёраў вышэйшай лігі — пачаў гульню на звышвысокіх хуткасцях. Вялізная розніца ў фізічнай падрыхтоўцы прывяла да таго, што ў першыя паўгадзіны ў вароты пастаўчан уляцелі 5 мячоў. Лёс паядынку быў фактычна прадвырашаны. За імклівымі перамяшчэннямі саперніка нашы абаронцы проста не паспявалі, а той праводзіў галы на любы густ. Апорнік віцябчан Арсеній Лабко вызначыўся ажно чатыры разы.
Толькі ў другім тайме нашы тройчы прабіліся на ўдарныя пазіцыі, аднак перайграць варатара не атрымалася. Фаварыт давёў лік на табло да разгромнага.
Складаны матч на выездзе правялі Чашун (Бяляўцаў), Маршын (Івашкоў), Пучынскі (Галяш), Голубеў (к), Жылевіч, Звяруга (Дзеўгуць), Камісарчук, Кучараў (Богай), Баранаў (Курыловіч), Каралёнак.
Рэзервісты флагмана футбола Віцебшчыны ўслед за «Іслаччу-2» (Мінскі р-н), «Дынама-2» (Брэст), «Тарпеда-БелАЗ-2» (Жодзіна), «Крумкачамі» (Мінск) сталі ўдзельнікамі наступнага раўнда, дзе барацьба пойдзе па кубкавай сістэме. У мінулую нядзелю лёс другой пуцёўкі ў групе «А» вырашыўся на гарадскім стадыёне ў Паставах. ФК «Міёры» правёў матч у нас з-за праблем з уласным газонам пасля ліўняў. У прысутнасці амаль двухсот гледачоў, сярод якіх быў кіраўнік раёна Сяргей Чэпік, чэмпіёны вобласці на 2-й хвіліне з пенальці выйшлі наперад у сустрэчы з чэрвеньскім «Коласам». У далейшым міёрцы аддалі гульнявую ініцыятыву чэрвеньцам, за што і паплаціліся ў заключныя 5 хвілін. «Колас» атрымаў валявую перамогу з лікам 2:1 і згуляе на наступным этапе.
ФСК «Паставы» завяршае сезон дома ў нядзелю, 4 кастрычніка, матчам з дублёрамі наваполацкага «Нафтана», якія абыгралі (2:1) ФК «Горкі». У міёрцаў яшчэ ёсць шанц атрымаць пуцёўку ў наступную стадыю, калі перамогуць у Горках. У такім жа становішчы і віцэ-чэмпіён вобласці — «Полацк-2019», якога чакае няпростае саперніцтва на выездзе з дублёрамі «МЛ Віцебск-2».
Уладзімір Шык

