Штогод з наступленнем восені ў Беларусі павялічваецца захваральнасць на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. Услед за рына-, адэна- і іншымі вірусамі ў краіну прыходзіць грып, ад заражэння якім і яго магчымых ускладненняў засцерагае імунапрафілактыка.
Звычайна пік актыўнасці грыпу прыпадае на канец студзеня—люты. Аднак ён можа пачаць цыркуляваць і раней — у канцы лістапада—снежні, як было летась. Таму перыяд з кастрычніка па лістапад — аптымальны для прышчэпкі. Бо, каб выпрацаваўся імунітэт, арганізму неабходна ад 2 да 4 тыдняў.
Чакаецца, што ў гэтым эпідсезоне да нас прыйдуць новыя штамы вірусаў грыпу, які кожны год перажывае дрэйфавыя змяненні. Ён будзе істотна адрознівацца ад мінулагодняга. У сувязі з гэтым спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя распрацавалі новую вакцыну, цалкам абнавіўшы яе штамавы склад. Ва ўстановы аховы здароўя яна павінна паступіць у найбліжэйшы час. Ну а пакуль медыкі нагадваюць беларусам пра вакцынацыю і складаюць спісы тых, каму ў першую чаргу трэба зрабіць прышчэпку.
— У кожнага ўрача агульнай практыкі ў нашым раёне ёсць такі спіс, — кажа загадчык паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Анастасія Танана. — У яго ўносяцца пацыенты з хранічнымі захворваннямі, тыя, хто часта хварэе, працуе ў вялікіх калектывах — гэта работнікі прадпрыемстваў, настаўнікі школ, выхавальнікі дзіцячых садоў. Яны знаходзяцца ў групе рызыкі па верагоднасці заражэння вірусам грыпу і розных ускладненняў пасля яго. Штогод абавязкова прышчапляюцца і ўсе медыцынскія работнікі. Маецца таксама ліст чакання для іншых ахвотных зрабіць прышчэпку. Запісацца на яе можна, патэлефанаваўшы ў рэгістратуру паліклінікі.
Як заўважыла Анастасія Алегаўна, прышчэпка не абараняе ад захворвання цалкам, аднак застаецца важным сродкам у барацьбе з ім. Па яе словах, у стацыянар бальніцы з ускладненнямі трапляюць менавіта тыя, хто не быў прышчэплены ад грыпу.
Алена Шапавалава

