У сераду ў Мінску падвялі вынікі і аб’явілі пераможцаў аднаго з самых кранальных рэспубліканскіх конкурсаў дзіцячых творчых работ, прымеркаваных да Дня маці і Дня бацькі, — «Вобраз, створаны сэрцам». У лік 25 фіналістаў трапіла 11-гадовая пастаўчанка Анастасія Марціновіч. Яе рабоце «Цяпло родных далоняў» журы прысудзіла 1-е месца.
Названы конкурс праводзіцца не першы год для непаўналетніх выхаванцаў прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і сем’яў усынавіцеляў. Ладзіць яго Нацыянальны цэнтр усынаўлення пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь з мэтай папулярызацыі традыцыйных сямейных каштоўнасцей, умацавання інстытута сям’і і фарміравання пазітыўнага грамадскага меркавання пра выхаванне дзяцей у замяшчальных сем’ях.
Праект, які стартаваў 1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, складаецца з некалькіх этапаў, ахопліваючы сотні юных беларусаў. Ім прапануецца зрабіць партрэт маці, бацькі або абодвух бацькоў у любой тэхніцы: малюнка, вышыўкі, карціны, аплікацыі і інш. Актыўна ўдзельнічаюць у творчым спаборніцтве і пастаўчане. Сёлета на раённы этап конкурсу было пададзена 14 работ. З іх для ўдзелу ў абласным этапе выбралі работу Анастасіі Марціновіч, якую высока ацаніла і журы ў Віцебску, адправіўшы яе на «рэспубліку».
Свой сямейны партрэт дзяўчынка выканала ў тэхніцы маляванкі. Сюжэт прыдумала разам з прыёмнай мамай Ірынай Фядорынай, якая дапамагла ўвасобіць задумку. Як аказалася, і дачка, і мама захопленыя маляванкай. Абедзве займаюцца гэтым відам народнай творчасці ў Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын» пад кіраўніцтвам вядомага майстра Вольгі Гукавай.
Па словах Насці, на карціне яна намалявала Ірыну Сямёнаўну, якую вельмі любіць. Гэта бачна адразу. У сям’і жанчыны дзяўчынка выхоўваецца з месячнага ўзросту і стала для яе роднай, як і іншыя прыёмныя дзеці. Іх зараз чацвёра: акрамя Насці, падрастаюць 13-гадовая Валерыя, 10-гадовая Сафія і 7-гадовая Мілана. Усе яны творчыя: спяваюць, танцуюць, малююць. Так, год назад Валерыя таксама ўдзельнічала ў конкурсе «Вобраз, створаны сэрцам» і выйшла ў фінал.
Прыёмнай мамай Ірына Фядорына працуе з 2012 года. Выгадаваўшы і паставіўшы на ногі чатырох уласных дачок, яна падарыла мацярынскае цяпло ўжо двум дзясяткам дзяўчынак і хлопчыкаў, якія засталіся без бацькоўскай увагі. Пакінуўшы дом, яны не забываюць другую маму. Тэлефануюць, прыязджаюць да яе ў госці, у тым ліку разам з біялагічнымі бацькамі, якія аднавіліся ў сваіх правах і забралі да сябе кроўных дзяцей. Гэтаму факту Ірына Сямёнаўна вельмі рада.
Алена Шапавалава


