«Лічба ў пашпарце падалася памылкай». Жыццёвы шлях і нязломны аптымізм Эльвіны Юзэфаўны Богуш

Общество

Калі на парозе хаты 90-гадовай Эльвіны Юзэфаўны Богуш з Гліншчыны з’явіліся госці, першае, што ўсіх уразіла, — яе вочы. Светлыя, маладыя, напоўненыя такім смакам да жыцця, што лічба ў пашпарце падалася памылкай.

20 кастрычніка павіншаваць юбілярку прыехала цэлая дэлегацыя: намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Таіса Баторы, дырэктар ТЦСАН Вольга Антух і спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ­ТЦСАН Таццяна Пупкевіч. Кветкі, падарункі, цёплыя словы — усё гэта было. Але галоўным упрыгожваннем дня стаў бадзёры настрой гаспадыні: яна шчыра радавалася такой увазе, жартавала і з задавальненнем дзялілася ўспамінамі пра сваё зусім не лёгкае жыццё.

«Лічба ў пашпарце падалася памылкай». Жыццёвы шлях і нязломны аптымізм Эльвіны Юзэфаўны Богуш

Эльвіна Богуш нарадзілася тут жа, у Гліншчыне, у сям’і было двое дзяцей. Жыццё яе літаральна з маленства прайшло ў рабоце.

— Мама моцна захварэла пасля майго нараджэння, — успамінала юбілярка. — Потым атрымала інваліднасць другой групы. Тата зрабіў для мяне спецыяльную лавачку, каб даставала да печы. Зусім дзіцем і печ цепліла, і бліны пякла.

А потым прыйшоў 1941 год… Немцы спалілі іх хату, згарэла і скаціна. Гэты момант жанчына ўспамінала з асаблівым трапятаннем:

— Засталіся ў тым, у чым былі адзе­тыя. Жылі ў таку. Мама выкапала дзірку вялікую ў сене, і мы з братам там спалі. Ён на чатыры гады за мяне старэйшы, мне было пяць. А потым, калі пачаліся замаразкі, чужыя людзі пусцілі нас да сябе ў хату. Памятаю, вокны там былі зусім маленькія. У мароз мы з братам прадзіралі на іх праталінкі, каб убачыць, ці ідзе хто па вуліцы. Так і жылі…

«Лічба ў пашпарце падалася памылкай». Жыццёвы шлях і нязломны аптымізм Эльвіны Юзэфаўны Богуш

Пасля вайны сям’і выдзелілі лес на новую хату. Доўгажыхарка памятае, як прыехалі дапамагаць сваякі і суседзі, а пакарміць іх не было чым. Тады бабуля Эльвіны сабралася, узяла з сабой кошык, перахрысцілася і пайшла ў Навасёлкі прасіць для талакі ежы…

У школу Эльвіна хадзіла ў Дунілавічы. Успамінала, якім тады быў школьны быт:

— Дзве дошкі, збітыя на казлах, служылі нам партай. Яшчэ дзве, ніжэйшыя, на калодках — каб ся­дзець. Калі гэтыя парты забруджваліся, мы з настаўнікам выносілі іх на двор, насілі ваду з калодзежа праз дарогу і шаравалі іх дзёгцем з саломай ды пяском.

Скончыла дзяўчынка ўсяго 6 класаў, нават экзаменаў не здавала, хоць у той час яны былі абавязковымі. На гэтым вучобу прыйшлося пакінуць, бо не было каму дагля­даць дамашнюю скаціну. А пазней, з пачаткам калектывізацыі, у 15 гадоў дзяўчына пайшла даіць кароў на ферму. Там і засталася на ўсё жыццё: працавала цялятніцай разам з мужам (яго не стала 7 гадоў таму). Даглядалі адразу па 30, а потым і па 100 цялят. Пры гэтым паспявалі весці ўласную гаспадарку: трымалі карову, цяля, авечак, свіней. Гадавалі і дваіх дзяцей. Каб малыя самі ўставалі ў школу, пакуль бацькі на ферме, Эльвіна Юзэфаўна прыдумала цэлую сістэму: ставіла будзільнік на алюмініевыя каструлі і міску, каб звінеў на ўсю хату.

«Лічба ў пашпарце падалася памылкай». Жыццёвы шлях і нязломны аптымізм Эльвіны Юзэфаўны Богуш

Дзеці Эльвіны Юзэфаўны выраслі годнымі людзьмі. Дачка Вацлава працуе настаўніцай гісторыі ў Віцебску. Сын Рыхард — важная асоба ў навуковай супольнасці Беларусі. Ён — доктар тэхнічных навук, дацэнт, узначальвае кафедру вылічальных сістэм і сетак Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, з’яўляецца аўтарам манаграфіі, больш за 200 даследчых работ і 10 публікацый у галіне вышэйшай адукацыі. Унікальныя распрацоўкі Рыхарда Пятровіча ў сферы інфармацыйных тэхналогій прымяняюцца па ўсім свеце.

Радуюць сэрца жанчыны і любімыя ўнукі Палінка і Сямён. А яшчэ яна душы не чуе ў сваёй сацыяльнай работніцы Святлане Зайцавай, якая наведвае яе тры разы на тыдзень. Эльвіна Юзэфаўна лічыць яе сваёй трэцяй дачкой — пасля роднай і нявесткі.

— Цяжкім было маё жыццё, надта цяжкім, — працягвала юбілярка. — Усё рабілася ўручную. Ад марозу і ногі, і рукі нямелі. Як зусім невыносна станавілася — сунеш нагу ў гумовым боце ў кіпень, пагрэеш — і далей працуеш. Цяпер гэта ўсё бокам выходзіць. Зараз добра жывецца, дык усё баліць (у гэты момант жанчына засмяялася — аўт). Затое пенсію зарабіла добрую, іншыя нават зайздросцілі. А цяпер на лекі ўсё ідзе (зноў з вуснаў юбіляркі выбухнуў смех). Але ж, дзякуй Богу, яшчэ кратаюся!

Сёння ў Гліншчыне пастаянна жывуць толькі дзве жанчыны. Астатнія хаты выкарыстоўваюцца як лецішчы. Пераязджаць да дзяцей доўгажыхарка не хоча, кажа: «Паеду, як ужо зусім занемагу».

Гаспадыня ўважліва слухала пытанні гасцей, злёгку нахіляючыся наперад. Прызналася, што чуе слабавата, таму ёй трэба глядзець прама на твар чалавека, каб да канца зразумець сказанае. Але яе пазітыў і прага да жыцця проста захаплялі!

Зараз з жыўнасці ў Эльвіны Юзэфаўны засталіся толькі куры. Дзеці кажуць ёй, што гэта таго не варта, клопатаў шмат, але для жанчыны гэта аддушына.

— Я ім кажу: «Мае вы дзеткі, я ж хоць з імі паразмаўляю. А так адна — нікога нідзе няма, — гаварыла. — Сёння ж мне надта весела!

Сама Эльвіна Юзэфаўна — шчырая каталічка. Кожны дзень моліцца за здароўе сваіх дзяцей і вельмі шкадуе, што сілы ўжо не дазваляюць паехаць у касцёл, дзе ў дзень юбілею за яе служылі святую Імшу.

Гледзячы на юбілярку, разумееш, у чым сапраўдны сакрэт даўгалецця: у нязломным аптымізме, уменні радавацца дробязям і бясконцай дабрыні. Праводзячы гасцей, яна ўпэўніла ўсіх, што «аформіла для сябе трохразовую Святланку», таму усё будзе добра. У адказ старшыня сельскага Савета Таіса Баторы на развітанне паабяцала:

— Сустрэнемся на 95-годдзі! А на 100 — новы пашпарт прывязём!

І, ведаеце, гледзячы ў гэтыя, поўныя жыцця вочы, верыш: так яно і будзе!

Крысціна Рубель



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.