Напярэдадні Дня маці: пастаўчане расказалі, за што ўдзячныя сваім матулям

Общество

Сёння мы віншуем нашых дарагіх матуль са святам і гаворым ім, як іх любім. Для кожнага з нас мама найлепшая ў свеце — самая добрая, пяшчотная, клапатлівая… Пры гэтым усе яны розныя. Напярэдадні Дня маці карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава папрасіла пастаўчан расказаць пра сваіх мам і за што ім удзячныя.

Напярэдадні Дня маці: пастаўчане расказалі, за што ўдзячныя сваім матулям

Наталля Субко, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама

Напярэдадні Дня маці: пастаўчане расказалі, за што ўдзячныя сваім матулям— Мая мама Ніна Іванаўна Субко шмат гадоў адпрацавала ў гандлі. Нягледзячы на занятасць на рабоце, заўсёды знаходзіла час на сям’ю, на мяне з братам. Яна правярала, як мы зрабілі ўрокі, прывучала да дамашніх спраў, каб усё ўмелі рабіць. За гэта ёй вялікі дзякуй.

З мамай у мяне вельмі цёплыя і даверлівыя адносіны. Вяртаючыся са школы, а пазней — з работы дамоў, усе свае праблемы і важныя пытанні я абмяркоўвала з ёй. Мама заўсёды падтрымлівала і верыла ў мяне. Калі я ставіла перад сабой нейкую задачу, гаварыла: «У цябе ўсё атрымаецца, спрабуй!» У складаныя перыяды майго жыцця мамачка разам з татам падстаўляла плячо, за што я бязмежна ўдзячная. Дапамагала мне гадаваць дачку. Зрэшты, яна і цяпер побач, гатовая дапамагчы.

А яшчэ мама заўсёды з’ядноўвала нашу сям’ю, збіраючы вакол сябе ўсіх родных — не толькі нас, дзяцей і ўнукаў, але і сваіх сясцёр, пляменнікаў. Заўсёды, дзе б ні знаходзіліся, мы з братам спяшаліся і спяшаемся ў бацькоўскі дом.

Раман Трыказенка, намеснік дырэктара ТАА «Митаро»

Напярэдадні Дня маці: пастаўчане расказалі, за што ўдзячныя сваім матулям— У мінулым мая мама Таццяна Мікалаеўна Трыказенка насіла ваенную форму. Служыла спачатку ў ракетных войсках стратэгічнага назначэння ў Казянах, потым — у верталётнай эскадрыллі ў Азёрках. З развалам Савецкага Саюза звольнілася ў запас і пайшла ў камерцыйную дзейнасць. З таго часу ў бізнесе. І хоць нядаўна атрымала права на заслужаны адпачынак, усё яшчэ працягвае працаваць.

Разам з татам мама паставіла на ногі траіх дзяцей — мяне і малодшых сястру і брата. Было няпроста, асабліва ўлічваючы тое, што ў 90-я гады даводзілася літаральна выжываць. Каб мы былі накормленыя і апранутыя, ні ў чым не мелі патрэбы, круцілася днём і ноччу. Я вельмі ўдзячны ёй за гэта, за яе цеплыню, любоў, падтрымку, выхаванне. Мама вучыла нас дасягаць пастаўленых мэт у жыцці, прывівала сямейныя каштоўнасці. Яна і сёння наш галоўны дарадчык і памочнік. Калі трэба, застаецца з унукамі — іх у яе трое.

Мама вельмі любіць кветкі — каля яе дома сапраўдны батанічны сад, — а таксама агародніцтва. Займаецца ім усё жыццё. Таму мы з лішкам забяспечаныя не толькі вырашчанымі ёю зяленівам і агароднінай, але і ўсемагчымымі закруткамі.

Ганна Казлоўская, педагог-арганізатар СШ №1

Напярэдадні Дня маці: пастаўчане расказалі, за што ўдзячныя сваім матулям— Мая мама Аляксандра Альбінаўна Раўданік была вельмі добрым, спакойным і мудрым чалавекам. Усё жыццё яна працавала даяркай на ферме ў вёсцы Лодасі Камайскага сельсавета, дзе жыла. Да работы адносілася вельмі адказна. Колькі памятаю, ні хвіліны не сядзела без справы. Да працы прывучала з дзяцінства і мяне, за што я ёй вельмі ўдзячная.

Мама валодала пачуццём гумару і складала вершы. Прысвячала іх як сваім блізкім, так і сяброўкам, заўсёды маючы чым павіншаваць на дзень нараджэння. У кожнага яна заўважала нейкія асаблівасці, рысы характару, канешне, пераважна станоўчыя, і паказвала іх у вершах. Гэта я пераняла ад яе. Але галоўнае, што ўзяла, — ніколі не здавацца, не апускасць рукі, што б ні здарылася, верыць у сябе, умець слухаць людзей, суперажываць ім і бачыць у іх добрае. У мамы заўсёды было шмат сяброў, да яе прыходзілі проста пасядзець пагаварыць. І яна адкладвага ўбок ўсе справы, каб выслухаць чалавека і дапамагчы.

Ужо 10 гадоў, як мамачкі няма на гэтым свеце. Але ў мяне ёсць другая мама — свякроў Ірына Іванаўна Казлоўская, якая жыве ў аграгарадку Навасёлкі. Яна таксама вельмі мудрая, клапатлівая, працавітая, энергічная. Сваёй энергіяй зараджае і нас, блізкіх. Я ўдзячная лёсу за другую маму.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.