«Мы – адна каманда» — так гавораць пра сябе супрацоўнікі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра. Менавіта таму сфатаграфавацца для газеты яны захацелі поўным складам, разам з тэхработнікам Юліяй Пачкоўскай. Пры гэтым патлумачылі: «Юлія Міхайлаўна, нягледзячы на сваю пасаду, дапамагае ў правядзенні ўсіх мерапрыемстваў».
Творчыя сілы СКЦ — гэта рэжысёр Ганна Вырвіч, акампаніятар Аляксандр Пачкоўскі і загадчык Наталля Кухальская. У культуру яны прыйшлі ў розны час і з розных сфер дзейнасці, маючы вялікае жаданне рэалізаваць сябе на сцэне.
Найбольшы стаж работы ў цэнтры — каля 20 гадоў — у Аляксандра Пачкоўскага, які яшчэ школьнікам бегаў сюды, каб прыняць удзел у мастацкай самадзейнасці, а потым стварыў уласны сямейны ансамбль. Творчасць заўсёды жыла ў душы і Ганны Вырвіч. Упершыню ў якасці культработніка яна паспрабавала сябе ў 2012 годзе і зразумела: вось тое, чым хоча займацца. Наталля Кухальская называе яе галоўным натхняльнікам і крэатыўшчыкам іх невялікага калектыву. Што да самой Наталлі Чаславаўны, то афіцыйна ў калектыў яна ўлілася 3 гады назад, калі закрылі Гуцкую СШ, дзе працавала настаўнікам замежнай мовы і педагогам-арганізатарам. Але на працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў была актыўнай удзельніцай самадзейнасці, уцягнуўшы ў яе і сваіх блізкіх — мужа і дваіх дзяцей.
Такім складам мясцовыя завадатары ладзяць усемагчымыя выставы, агеньчыкі, тэматычныя праграмы да ўсіх каляндарных і дзяржаўных свят, дыскатэкі, святы вуліц, віншаванні з юбілеямі і іншымі важнымі падзеямі ў жыцці. Пры гэтым стараюцца шукаць новыя формы правядзення традыцыйных мерапрыемстваў. Часта пасля іх вяскоўцы тэлефануюць раённаму кіраўніцтву са словамі падзякі культработнікам. У самім СКЦ працуе мноства аб’яднанняў тэатральнай, эстраднай, фальклорнай, мастацкай, дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, якія наведваюць прадстаўнікі ўсіх узростаў — ад малых да старых.
— Зона нашага абслугоўвання дастаткова вялікая, уключае ў сябе шмат населеных пунктаў, — расказвала Наталля Кухальская. — Але ў пераважнай іх большасці зусім мала насельніцтва. Таму ў асноўным працуем з жыхарамі Гуты і Галбеі. Людзі тут вельмі актыўныя, ахвотна адгукаюцца на ўсе нашы просьбы і прапановы, больш за тое — самі прапануюць сябе ў якасці артыстаў. Многія прыходзяць у цэнтр цэлымі сем’ямі.
У тым ліку дзякуючы гэтаму Гуцкі СКЦ прымае ўдзел ва ўсіх культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца на Пастаўшчыне і не толькі тут, займае прызавыя месцы ў разнастайных конкурсах. Напрыклад, летась ездзіў ад нашага раёна на «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыну. Зараз актыўна рыхтуецца да раённага конкурсу «Супермама», які пройдзе 14 кастрычніка ў Дунілавічах, і робіць святочную тэматычную праграму для сваіх жыхароў у рамках Тыдня бацькоўскай любові. Жыццё ў сценах установы кіпіць у прамым сэнсе слова, асабліва па вечарах, калі мясцовыя артысты збіраюцца на рэпетыцыі. Перад святамі яны могуць зацягвацца да ночы, бо, пагрузіўшыся ў творчы працэс, мала хто звяртае ўвагу на час.
Алена Шапавалава

