Самы цудоўны тата! — так мне сказалі пры сустрэчы дачушкі пастаўчаніна Паўла Лаўца — Ксенія і Даша, бо ён змог стварыць шчаслівы свет для сваёй сям’і.
Гісторыя кахання
У кожнага чалавека сваё разуменне шчасця, але для большасці жанчын яно заключаецца ў простых і адначасова самых важных рэчах: надзейным мужчынскім плячы, утульным доме і дзіцячым смеху, які напаўняе пакоі. Крысціне Лавец пашчасціла сустрэць менавіта такога чалавека, які стаў для яе не проста каханым, а найлепшым бацькам для дзвюх іх дачушак.
Крысціне было ўсяго 16 гадоў, калі ў яе родную вёску Вярэнькі прыехаў малады аграном. З’яўленне Паўла ажывіла вясковае жыццё: па вечарах да кемлівага хлопца цягнулася ўся мясцовая моладзь. І ён нікому не адмаўляў у дапамозе: ахвотна вучыў вясковых падлеткаў асвойваць камп’ютар, расказваў захапляльныя гісторыі. Сярод гэтай шумнай кампаніі адразу прыкмеціў сціплую і добрую Крысціну.
— Ён мяне гадаваў тры гады, — з цёплай усмешкай і пяшчотай у голасе ўзгадвае жанчына.
Павел прыняў на сябе адказнасць за сваю юную абранніцу, клапаціўся пра яе, аберагаў і чакаў. Калі Крысціне споўнілася 19, яны згулялі вяселле і пачалі жыццё разам з бацькамі Пашы ў Паставах. Свёкар са свекрывёй прынялі нявестку з адкрытай душой, але маладыя марылі пра ўласны дом. Настойлівасць і нялёгкая праца Паўла прынеслі плён: Лаўцы купілі дом і пачалі абуладкоўваць яго на свой лад. А галоўнымі скарбамі маладой сям’і сталі дачушкі Ксенія і Даша з розніцай у нараджэнні ў тры гады.
Галоўны прыярытэт – быць побач з блізкімі
Павел, каб разлічыцца з крэдытам на машыну і дабудаваць дом, некалькі разоў выязджаў на заробкі за мяжу. Але душой заўсёды быў са сваімі дзяўчаткамі (так ласкава ён называе жонку і дачушак). Калі ж асноўныя фінансавыя цяжкасці былі пераадолены, мужчына зразумеў, што ніякія грошы не заменяць хвілін, праведзеных побач з дарагімі яму людзьмі.
Павел працуе на УП ЖКГ цеплатэхнікам. Увесь вольны час прысвячае жонцы і дзецям. Разам яны любяць падарожнічаць па Беларусі.
— Наш тата добры, працавіты, з ім можна параіцца па любым пытанні, — у адзін голас сцвярджалі Ксюша і Даша.
І гэта не проста словы, а шчырая дзіцячая праўда. Павел — бацька, які жыве інтарэсамі сваіх дзяцей. Дзяўчынкі растуць надзвычай таленавітымі і творчымі: наведваюць дзіцячыя школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза і А. Ромера. Ксенія грае на фартэпіяна і гітары, Дар’я — на скрыпцы. Крысціна працуе ў дзіцячым садку, і дастаўка дачок на заняткі — абавязак Паўла. Тата з мамай — самыя адданыя слухачы на хатніх канцэртах дзяўчынак. Яны шчыра цешацца іх поспехамі, падтрымліваюць перад выступленнямі і ганарацца кожнай вывучанай п’есай. Акрамя музыкі, вялікую ўвагу ў сям’і надаюць духоўнаму выхаванню: дзяўчынкі ходзяць на заняткі па рэлігіі, вучацца дабрыні, міласэрнасці і павазе да бліжніх.
Гэтыя духоўныя каштоўнасці яны бачаць на жывым прыкладзе свайго бацькі. Павел — чалавек з вялікім і чулым сэрцам. Не так даўно цяжка захварэла яго мама. Будучы адзіным сынам, Павел прыняў гэты выклік лёсу з сыноўняй пакорай. Нягледзячы на працу і клопат пра ўласную сям’ю, ён часта наведвае матулю, прыносіць ёй лекі, дапамагае.
Пры гэтым Павел ніколі не пакідае без увагі жонку. Мужчына заўсёды знаходзіць час, каб дапамагчы Крысціне ў розных справах, падмяніць яе, разам папрацаваць на агародзе. І тут вельмі дарэчы прыходзіцца яго першая прафесія: парады Паўла як прафесійнага агранома бясцэнныя. Дзякуючы яго ведам агародніна ў Лаўцоў заўсёды радуе багатым ураджаем.
— Акрамя таго, Павел — майстар на ўсе рукі, — хваліла мужа Крысціна. — Ён ведае толк у тэхніцы. Для яго не існуе праблемы, якую б ён не мог вырашыць. Сам заўсёды рамантуе і сваю, і маю машыны.
Найлепшыя ўрокі чалавечнасці
У доме Лаўцоў заўсёды знойдзецца прытулак і цёплы куток для кожнай жывой істоты, якая патрабуе дапамогі. Нейкі час тут жыў і набіраўся сіл хворы бусел. Рэгулярна заходзяць на панадворак і мясцовыя каты: яны дакладна ведаюць, што тут іх заўсёды пакормяць і прылашчаць. Паўнапраўным членам сям’і адчувае сябе сабака па мянушцы Цяпа. Павел заўважыў яго на аўтобусным прыпынку па дарозе на Камаі. Прыехаўшы дадому, расказаў жонцы і дочкам. Нягледзячы на тое, што на вуліцы быў ужо позні вечар, сям’я дружна села ў машыну і паехала ратаваць істоту. Маленькага чатырохногага вандроўніка забралі ў цёплы дом. Згаладалае шчаня накінулася на ежу з такім імпэтам, што аж чмякала ад задавальнення. Менавіта з-за гэтай пацешнай асаблівасці малы і атрымаў мянушку Цяпа. Хвастаты шчасліўчык практычна не расстаецца са сваімі гаспадарамі: разам з імі ён адпраўляецца ў захапляльныя падарожжы і з задавальненнем праводзіць час на прыродзе.
На завяршэнне размовы Павел Лавец адзначыў, што быць добрым бацькам — гэта не проста нарадзіць дзяцей, а з’яўляцца для іх апорай, абаронцам і найлепшым сябрам. І ў яго гэта атрымліваецца на 100%.
Анна Анішкевіч

