За сумленную працу і актыўнасць: Анастасія Крывенькая з 1-га ваеннага шпіталя адзначана ўзнагародай

Общество

Кажуць, што кожны чалавек ад нараджэння мае прызванне. Для медыцынскай сястры 1-га ваеннага шпіталя Анастасіі Крывенькай, у якой удала спалучаюцца прафесіяналізм і творчасць, гэтым прызваннем стала дапамога людзям, памножаная на бязмежную любоў да мастацтва і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Пасля паспяховага заканчэння школы (сярэдні бал атэ­стата — 9) Анастасія паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж. Гады вучобы ў горадзе над Дзвіной не толькі далі трывалыя веды і практычныя навыкі, але і загартавалі характар. Атрымаўшы запаветны дыплом, малады спецыяліст вярнулася на малую радзіму. Першай выдатнай школай жыцця для яе стала работа ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

За сумленную працу і актыўнасць: Анастасія Крывенькая з 1-га ваеннага шпіталя адзначана ўзнагародай

Новая старонка ў біяграфіі дзяўчыны — 1-ы ваенны шпіталь. Тут яна працуе ўжо больш за дзесяць гадоў і зарэкамендавала сябе як першакласны спецыяліст. Калегі паважаюць Анастасію за надзейнасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, а пацыенты цэняць прафесіяналізм, добрую ўсмешку і цёплае слова.

Аднак медыцынскія будні — гэта толькі адзін бок жыцця нашай гераіні. Анастасія Крывенькая — асоба над­звычай творчая і рознабаковая. Без яе ўдзелу ў шпіталі не абыходзіцца ніводнае грамадскае ці культурнае мерапрыемства. Яна — сапраўдная душа калектыву, здольная зарадзіць сваёй энергіяй і аптымізмам усіх вакол.

Прырода шчодра адарыла Анастасію талентамі. Яна хораша спявае, цудоўна грае на піяніна і малюе. Твор­часць для яе — гэта спосаб адпачыць душой пасля цяжкай змены, знайсці натхненне і падзяліцца часцінкай свайго ўнутранага святла з іншымі.

Нядаўна грамадская актыўнасць і адданасць справе Анастасіі былі адзначаны на высокім узроўні. Напярэдадні Дня маці яе запрасілі на ўрачыстасць у Лідскі пагранатрад. За добрасумленную працу і актыўны ўдзел у жыцці калектыву медыцынскай сястры ўручылі элегантны наручны гадзіннік. Як адзначыла сама гераіня, гэта ўзнагарода будзе не проста адлічваць час, але і нагадваць пра тое, што яе праца патрэбная і ацэненая.

Для ўдзельнікаў урачыстасці была арганізавана захапляльная культурная праграма. Асабліва яркія эмоцыі падарыла экскурсія ў знакаміты Лідскі замак. Яшчэ адным незабыўным момантам свята стаў канцэрт аркестра Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. А дома Анастасію чакалі муж Юрый і сямігадовая дачушка Крысцінка, якія вельмі ганарацца сваёй жонкай і мамай.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.