«Люстэрка пазітыву»: у Камайскай СШ прыдумалі незвычайны спосаб падняць настрой вучням

Образование

Першы дзень пасля асенніх канікулаў у Камайскай СШ пачаўся з прыемнага сюрпрызу для вучняў і педагогаў: у фае школы з’явілася «Люстэрка пазітыву» з матывуючымі пасланнямі і добрымі пажаданнямі.

Аўтарам новаўвядзення стала намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце Наталія Адамовіч. Яна прызналася: арыгінальную ідэю падгледзела ў інтэрнэце.

— Аднойчы, гартаючы стужку ў Instagram, я натрапіла на фота «пазітыўнага» люстэрка ў адной са школ рэспублікі, — расказвала Наталія Міхайлаўна. — Падумала: чаму б не зрабіць такое ж у нас? Раптам дзецям спадабаецца? Тым больш што ў гэтым навучальным годзе мы, як і іншыя беларускія школы, працуем па міністэрскай праграме па падтрымцы спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату ва ўстановах адукацыі.

«Люстэрка пазітыву»: у Камайскай СШ прыдумалі незвычайны спосаб падняць настрой вучням

Па дапамогу ў ажыццяўленні задуманага педагог звярнулася да метадыста, на якога падпісана ў Instagram. Яна распрацоўвае розныя каляровыя карцінкі і ахвотна адгукнулася на просьбу зрабіць іх для Камайскай СШ. Атрымаўшы на электронную пошту гатовы заказ, Наталія Міхайлаўна раздрукавала цікава аформленыя пазітыўныя пасланні «Улыбайся чаще!», «Верь в себя!», «Будь добрым!», «Не бойся ошибок!», «Ты уникален!», «Будь собой!», заламініравала іх і на канікулах разам з намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце Аленай Аліхвер прыклеіла на люстэрка каля гардэроба.

— «Люстэрка пазітыву» выклікала сапраўдны ажыятаж у школе, асабліва ў першы вучэбны дзень, — працягвала суразмоўца. — У ім фатаграфаваліся ўсе: і дзеці, і дарослыя, змяшчаючы здымкі ў сацыяльныя сеткі. Чыталі адно аднаму добрыя пажаданні і дзяліліся выдатным настроем. І хоць мінуў ужо тыдзень, інтарэс не згас. Многія вучні, прыйшоўшы раніцай у школу або збіраючыся пасля ўрокаў дамоў, паправіўшы перад люстэркам адзенне ці прычасаўшыся, па-ранейшаму робяць фота.

Матываваць і зараджаць пазітывам люстэрка будзе да канца гэтага тыдня. Натхнёная ўдалай ідэяй, Наталія Адамовіч запэўніла, што крэатывіць прадоўжыць: абавязкова прыдумае штосьці новае, каб вучні з радасцю прыходзілі ў школу і ў ёй быў добры мікраклімат. Такія цікавыя новаўвядзенні не толькі паднімаюць настрой і з’ядноўваюць калектыў, але і дапамагаюць лягчэй адаптавацца да вучэбных будняў пасля адпачынку.

Алена Шапавалава
Фота даслала Наталія Адамовіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.