Пастаўскі мэблевы цэнтр дапамог абнавіць развітальную капліцу пры касцёле Святога Антонія

Духовность

Пры нашым касцёле Святога Антонія Падуанскага ўжо даўно функцыянуе развітальная капліца. Гэта асаблівае месца, дзе ўстанаўліваюць труну з целам нябожчыка перад яго пахаваннем. Менавіта сюды прыходзяць родныя, блізкія, знаёмыя і сябры памерлага, каб у цішыні і сумеснай малітве прасіць Усявышняга аб супакоі душы дарагога чалавека. У капліцы яны праводзяць нямала часу, застаючыся сам-насам са сваімі думкамі і малітвамі, шукаючы духоўнай падтрымкі.

Раней пакой быў абсталяваны драўлянымі лаўкамі. Аднак вельмі хацелася зрабіць гэта месца больш утульным і камфортным, каб людзі, знясіленыя горам, маглі знайсці тут хоць якую-небудзь палёгку падчас доўгіх гадзін развітання.

Пастаўскі мэблевы цэнтр дапамог абнавіць развітальную капліцу пры касцёле Святога Антонія

Нядаўна гэта патрэба была цалкам вырашана дзякуючы спонсарскай дапамозе дырэктара Пастаўскага мэблевага цэнтра Анатолія Бабічава: зараз замест лавак тут устаноўлены сучасныя зручныя крэслы.

Ад імя ўсіх вернікаў, асабіста ад сябе і кожнага, хто ў хвіліну смутку будзе знаходзіцца ў нашай капліцы, выказваю шчырую ўдзячнасць Анатолію Міхайлавічу за яго чуласць, разуменне і высакароднасць. Ваша дапамога — гэта неацэнны ўклад у падтрымку духу нашых парафіян у самыя цяжкія моманты іх жыцця. Як важна, што сярод нас ёсць тыя, хто здольны не проста спачуваць чужому гору, а здзяйсняць добрыя справы. І  гэты ўчынак Анатолія Бабічава з’яўляецца прыкладам высокай сацыяльнай адказнасці, духоўнай сталасці і сапраўднай хрысціянскай любові да бліжняга. Дапамога ў абуладкаванні месца развітання з памерлымі — справа, якая заслугоўвае асаблівай павагі і Божага благаслаўлення.

Шчыра дзякуем таксама ўсяму калектыву Пастаўскага мэблевага цэнтра за стыльную і якасную прадукцыю. Няхай міласэрны Бог шчодра благаславіць Анатолія Бабічава, яго сям’ю і ўвесь калектыў прадпрыемства, а заступніцтва Святога Антонія заўсёды спадарожнічае ім на жыццёвым шляху!

З павагай і малітвай ксёндз-пробашч Вадзім Прасяной



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.