Знаковая табличка с QR-кодом установлена у памятника на братской могиле в Воропаево

История

Знакавая таблічка з QR-кодам – і ў Варапаеве

У пятніцу ў Варапаеве, у скверы ля помніка на брацкай магіле афіцэраў, сяржантаў, радавых, партызан, загінулых пры вызваленні Пастаўшчыны, сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў гарпасёлка, навучэнцы мясцовай школы. Прыехалі актывісты рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» разам са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Вольгай Мацюсь. У рамках рэспубліканскага праекта «Захаваем гісторыю» ў гэты дзень каля абеліска ўстанавілі памятны знак у выглядзе стальной таблічкі з QR-кодам. Цяпер кожны, хто з дапамогай смартфона яго адсканіруе, атрымае інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся тут у ваенны час. Даныя падаюцца ў выглядзе аўдыяфайла, запіс зроблены ў форме расказа ад першай асобы, а менавіта ад імя непасрэднага ўдзельніка вызвалення.

На мітынгу прагучала пісьмо нашчадкам ад Анатоля Шавялёва. У ім ён расказвае, як шчыра працаваў на ка­рысць Радзімы, любіў сваю сям’ю, будаваў планы на будучыню. Іх абарвала страшная вайна. На мірны народ паляцелі бомбы з самалётаў, танкамі давілі ўсё жывое, фашысцкая навала разбурала гарады, паліла вёскі. Анатоль прайшоў паскораныя курсы падрыхтоўкі байца і быў залічаны ў 377-ы самаходны полк. Хутка асвоіў ваенную навуку і паехаў на фронт. Даслужыўся да старшага сяржанта, атрымаў не адну баявую ўзнагароду. Як мог, набліжаў Перамогу. Пры вызваленні Варапаева разам з баявымі таварышамі падарваўся на міне.

— 77 гадоў таму скончылася самая кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва, — гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. — Перамогу ўдалося здабыць дзякуючы згуртаванасці, мужнасці людзей. Нам нельга забываць, якая цана заплачана за наша сённяшняе мірнае жыццё. На жаль, на Пастаўшчыне засталіся ўсяго тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны — жывыя сведкі тых падзей. Маладое пакаленне пра жудасныя падзеі амаль 80-гадовай даўнасці ведае толькі з кніг і кінафільмаў. У Беларусі робіцца ўсё для захавання гісторыі і ўшанавання памяці пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нездарма гэты год у краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.

Па ініцыятыве «Патрыётаў Беларусі» і пры падтрымцы Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі форму падачы інфармацыі пра Вялікую Айчынную вырашана зрабіць больш даступнай. Для гэтага і прымяняюцца сучасныя тэхналогіі ў выглядзе QR-кода. Нашчадкі пераможцаў абавязаны ве­даць мінулае, каб не дапусціць распальвання новай вайны.

Старшыня Варапаеўскага сель­скага Савета Іна Касарэўская падзякавала прадстаўнікам РГА «Патрыёты Беларусі» за іх праект, а настаўнікам і вучням мясцовай школы — за створаны ў навучальнай установе музей. У ім сабраны цікавыя звесткі пра землякоў, якія мелі дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай. А яна закранула кожную беларускую сям’ю: загінуў кожны трэці жыхар краіны, многія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію, іншыя, каб забяспечыць фронт усім неабходным, працавалі ў тыле. Тысячы людзей былі пазбаўлены даху над галавой, у сотні тысяч дзяцей вайна забрала дзяцінства. Наш народ прайшоў праз неймаверныя цяжкасці, паказаў сілу духу і перамог.

На помніку значацца 143 прозвішчы чырвонаармейцаў, якія склалі свае галовы ў баях каля Варапаева. Дзякуючы карпатлівай рабоце гісторыка і краязнаўца Аляксандра Кузняцова кожны год устанаўліваюцца новыя прозвішчы загінулых воінаў. Каб пакланіцца вечнаму спачыну дарагіх людзей, сюды з далёкіх куточкаў былога Саюза прыязджаюць родныя герояў, чый бессмяротны подзвіг памятаюць варапаеўцы. А мясцовая ўлада, школьнікі падтрымліваюць тут парадак і з пакалення ў пакаленне перадаюць гісторыю той вайны.

На мітынгу вучні школы прачыталі вершы ваеннай тэматыкі. А пяцікласніца Аня Пят­ро­віч прадэкламавала верш уласнага сачынення, які прысвяціла свайму прапрадзеду. Вольга Мацюсь пахваліла дзяўчынку і падарыла ёй на памяць кубак. Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра загінулых.

— Такі праект вельмі патрэбны, — гаварыла Вольга Мацюсь. — Ні адзін мемарыял і абеліск не застануцца без увагі. Радуе, што моладзь цікавіцца гісторыяй краіны, бо без ведання мінулага няма будучыні.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.