Держит марку «Край озер, костелов, парков». Что притягивает туристов на Поставщине?

Главное Общество

Трымае марку«Край азёр, касцёлаў, паркаў»

Што прыцягальнае ў абліччы Пастаўшчыны? Найперш блакітныя «вочы» — тут ажно 115 азёр. Яшчэ — зялёнае ўбранства ў выглядзе дзікага, некранутага лесу і дагледжаных паркаў. Славіцца яна і глыбокімі духоўнымі каранямі — большасць храмаў у нашым краі маюць шматгадовую гісторыю, а таксама непаўторны знешні выгляд і самабытную «душу».

Усё гэта 15 гадоў назад узяў пад увагу дырэктар пастаўскага Цэнтра турысцкіх паслуг Ягор Шушкевіч і яго калегі, якія разам распрацавалі маршрут пад назвай «Край азёр, касцёлаў, паркаў». У раёне сёння яго можна смела назваць самым вядомым і «раскручаным». Ці карыстаецца ён папулярнасцю зараз? Якія перспектывы развіцця мае рэлігійны турызм? На гэтыя і іншыя пытанні «ПК» адказаў Ягор Шушкевіч, які сёння развівае сваю справу ў Наваполацку, але ў рабоце ніколі не забывае пра Пастаўшчыну.

— Ягор Часлававіч, што натхніла вас на стварэнне гэтага маршруту?

— Я заўжды быў перакананы, што рэгіёны маюць не меншы турыстычны патэнцыял, чым вялікія гарады. Аднак 15-20 гадоў назад не было прынята масава наведвацца з экскурсіямі ў глыбінку. Усе ездзілі глядзець замкі ў Мір і Нясвіж і не здагадваліся, колькі ўсяго ўнікальнага ёсць у Беларусі, акрамя іх.

Таксама было разуменне таго, што ў вялікіх гарадах людзі стомленыя цывілізацыяй і не супраць адпачыць ад яе ўдалечыні ад загазаваных вуліц. Усё гэта і падштурхнула да распрацоўкі маршруту. Была праведзена вялікая работа. Мы перачыталі шмат літаратуры, папрацавалі з гістарычнымі дакументамі, многа дзе пабывалі ў раёне, бо хацелі скласці экскурсійную праграму, па-сапраўднаму цікавую турыстам.

— Праз якія мясціны пралягае маршрут?

— Пачынаецца ён на Мядзельшчыне, дзе, як і ў нас, багата прыродных і гісторыка-архітэктурных помнікаў. Ёсць і цікавыя для наведвання храмы — касцёл Божай Маці ў самім Мядзеле і Андрэеўскі касцёл у аграгарадку Нарач. Недалёка адтуль наступная кропка маршруту — касцёл у Камаях. Паўтарацца пра яго ўнікальнасць не буду, скажу толькі, што ў Беларусі такіх храмаў абарончага прызначэння ўсяго толькі тры. Яшчэ адзін прыпынак — у Паставах, дзе ёсць нямала гістарычных славутасцей, затым — знаёмства з касцёлам у Лучаі. Па дарозе мы заўжды заязджалі ў ганчарную сядзібу «Акарына» ў Навасёлках і кафэ «Салаўіны гай». Такім чынам за адзін дзень бачылі шмат цікавых мясцін.

— Ваш Цэнтр турысцкіх паслуг прыпыніў актыўную дзейнасць у Паставах, галоўны офіс «пераехаў» у Наваполацк. Да таго ж сфера турызму — адна з тых, якія найбольш пацярпелі ад пандэміі. Ці ўдалося ў такіх умовах захаваць цікавасць да маршруту?

— Трэба сказаць, што мінулагодні сезон для мясцовага (як і для сусветнага) турызму быў «мёртвым»: з-за каранавіруса многія пазбягалі паездак і месцаў масавага знаходжання людзей. Сёлета цікавасць да ўнутранага турызму адрадзілася.

Як і раней, у нашым цэнтры мы прапануем экскурсіі на Пастаўшчыну, і гэты кірунак досыць папулярны. Праграму складаем зыходзячы з запытаў турыстаў. Пры гэтым цалкам распрацаваная экскурсія па маршруце «Край азёр, касцёлаў, паркаў» па-ранейшаму ў адкрытым доступе для калег з разнастайных турарганізацый Беларусі. Ніхто не перашкаджае праехаць па гэтых мясцінах і ў індывідуальным парадку, напрыклад з роднымі, сябрамі, якія прыязджаюць у госці з іншых рэгіёнаў і хочуць паглядзець Пастаўшчыну.

— На маршруце нямала касцёлаў. Ці лічыце вы перспектыўным развіццё рэлігійнага турызму?

— Безумоўна. Па прыклад далёка хадзіць не трэба. 22 жніўня ў Паставы прыязджалі турысты, для якіх мы арганізавалі тур. Яны папрасілі, каб раніцай у іх была магчымасць наведаць службу ў царкве Свяціцеля Мікалая Цудатворца. А хіба мала на Пастаўшчыне іншых аўтэнтычных праваслаўных храмаў са сваёй асаблівай энергетыкай? Яны прыцягваюць вернікаў, і чаму б ім не паказаць нашу духоўную спадчыну?

Пастаўскі край можа пахваліцца і тым, што ў касцёлах захаваліся арганы — сапраўдныя, самабытныя. Таму я лічу, што ў фестываля «Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны» абавязкова павінна быць будучыня. Старадаўняя, класічная музыка насамрэч мае шмат прыхільнікаў, і касцёлы — якраз тое месца, дзе яна гучыць асабліва ўзвышана. Такія канцэрты маглі б стаць яшчэ адной візітнай карткай Пастаўшчыны, яе «фішкай», якая прыцягвала б у рэгіён усё новых і новых гасцей. Галоўнае — сур’ёзна падысці да справы арганізацыі.

— Вы шмат гадоў плённа працавалі на карысць турыстычнай сферы Пастаўшчыны. Дзякуючы аднаму толькі Зюзю Паазерскаму з нашым краем пазнаёміліся тысячы беларускіх і замежных турыстаў. Ці ёсць планы, як надалей папулярызаваць наш край?

— Будаваць планы буду, калі скончыцца «гарачы» турыстычны сезон. У любым выпадку прыкладу максімум намаганняў, каб у наступным сезоне на Пастаўшчыну прыехала значна больш гасцей. Упэўнены, гэтаму паспрыяе і праект «Васільковы край», рэалізацыя якога пачалася сёлета.

Будзем супрацоўнічаць з Міністэрствам спорту і турызму, Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь. На прыкладзе маршруту «Край азёр, касцёлаў, паркаў» мы з калегамі даказалі сабе, што пры жаданні можна паспяхова ўвасабляць у жыццё смелыя задумы.

На Пастаўшчыне ёсць апантаныя сваёй справай людзі, ёсць клуб народнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя», іншыя каларытныя калектывы. Спадзяюся, разам нам удасца аднавіць плынь турыстаў, якая была да пандэміі. Бо вельмі хочацца, каб гэты край, які мне вельмі дарагі, назаўжды застаўся ў сэрцах як мага большай колькасці людзей.

— Дзякуй за размову. Поспехаў у вашай працы!

Гутарыла Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.