31 октября — Всемирный день городов. Предлагаем читателям еще раз убедиться в уникальности и самобытности наших родных Постав

Важное История

Наш горад – наш гонар

31 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень гарадоў. Ён быў аб’яўлены ў 2013 годзе на пленарным пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН. Адна з галоўных мэт свята – прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да цяжкасцей, якія ўзнікаюць у працэсе ўрбанізацыі.

Згодна са статыстычнымі данымі ААН, да 2050 года ў гарадах будзе жыць 2/3 насельніцтва планеты. Для параўнання: на пачатак ХІХ стагоддзя да гарадскіх жыхароў адносіліся 2% ад усіх людзей на Зямлі, а ў сярэдзіне ХХ-га — 30%. Расце і колькасць мегаполісаў, дзе колькасць жыхароў перавышае 1 мільён. Найбольш іх у Кітаі — больш за 120. Пры гэтым 50% еўрапейцаў пражывае ў невялікіх гарадах з насельніцтвам да 10 тысяч чалавек.

І ў вялікіх, і ў правінцыйных гарадах розных краін 31 кастрычніка прынята праводзіць форумы, канферэнцыі, семінары і іншыя мерапрыемствы. У мінулым годзе іх галоўная тэма гучала як «Ганарымся сваімі супольнасцямі і гарадамі». Актуальная яна і сёлета.

Пастаўчанам ёсць чым ганарыцца — цікавымі славутасцямі, таленавітымі, апантанымі сваёй справай людзьмі, найбагацейшай гісторыяй. Напярэдадні Сусветнага дня гарадоў прапануем чытачам яшчэ раз упэўніцца ва ўнікальнасці і самабытнасці нашых родных Пастаў.

  • У 1783 годзе ў Паставах налічвалася 65 жылых дамоў.
  • Да Антонія Тызенгаўза, які жыў у 1733—1785 гадах, Паставы не мелі ніводнага каменнага будынка. Усе яны былі цалкам драўляныя, у тым ліку і тры існуючыя ў мястэчку храмы.
  • Свята-Мікалаеўская цар­ква ў Паставах упамінаецца ў дакументах у 1628 годзе. Аднак у 1815-м яна згарэла ад ракеты, запушчанай вучнямі школы.
  • У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў палацы Тызенгаўзаў у Паставах можна было ўбачыць арыгіналы карцін Леанарда да Вінчы, Пітэра Рубенса, Альбрэхта Дзюрэра, Пітэра Брэйгеля і іншых сусветна вядомых мастакоў. Пра гэта напісана ў кнізе Аляксандра Пшэздзецкага «Пастаўская карцінная галерэя», выдадзенай у Вільні ў 1842 годзе. Хаця некаторыя даследчыкі лічаць, што частка мастацкіх твораў у пастаўскай галерэі з’яўлялася аўтарскімі копіямі карцін.
  • У арніталагічным музеі Канстанціна Тызенгаўза, што быў у палацы, налічвалася каля 3 000 чучал птушак з усяго свету, там знаходзілася і вялікая колькасць птушыных яек.
  • У 1765 годзе ў Паставах існавала фабрыка паясоў. Аднак ужо ў 1783-м яе будынак быў у запусценні.
  • У 1781 годзе Антоній Тызенгаўз перавёў з Гродна ў Паставы музычна-тэатральную школу. Яна складалася з музычнага, тэатральнага і балетнага класаў.
  • Пастаўская плошча — першы ў Беларусі прыклад ансамблевай забудовы, якую ажыццявіў адзін архітэктар па адзіным плане. Да нашых дзён уцалела трэцяя частка ранейшага ансамбля — 8 пабудоў.
  • На тым баку плошчы, дзе цяпер знаходзіцца райвыканкам, раней знаходзіліся тры пабудовы: дзве гасцініцы і кафэ. Да канца 50-х гг. ХХ ст. тут яшчэ можна было ўба­чыць памяшканне гасцініцы, у якой размяшчалася чайная.
  • У 70-я гады XIX ст. сын Канстанціна Тызенгаўза Рэйнальд стварыў у Паставах аркестра-харавую школу, дзе навучаліся мясцовыя дзеці. Ёй кіраваў таленавіты музыкант і педагог Пётр Шчука. У школе стварылі свой аркестр, які па складзе нагадваў малы сімфанічны аркестр: у ім было 8 скрыпак, 1 віяланчэль, 2 флейты, 4 кларнеты, 2 трубы, 4 валторны, 2 трамбоны. Хор складаўся з 24 чалавек.
  • У канцы ХІХ ст. у Паставах знаходзіўся піваварны завод, на якім выраблялася «баварскае светлае» піва. Яго ў мястэчку называлі пергаменцкім. Магутнасць завода складала 59 тысяч вёдзер хмельнага напітку за год.

Падрыхтавала Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.