История фотографии 105-ей давности. Юзефа Курдёнок подарила музею снимок из семейного архива

История

Кожная ахвяра – асобны лёс

«Смерць аднаго чалавека — гэта трагедыя, смерць мільёнаў — статыстыка». Гэты выраз з кнігі Э. М. Рэмарка летась я пачула на адкрыцці фотавыставы Уладзіміра Багданава «Вайна і лю­дзі». Тады падкрэслівалася, што здымкі дапамагаюць адысці ад сухіх лічбаў і ўбачыць падзеі вайны праз прызму чалавечых лёсаў.

Фатаграфіі часоў Першай сусветнай і праз стагоддзе захоўваюцца ў сямейных альбомах пастаўчан. Адну з іх у раённы краязнаўчы музей перадала 60-гадовая жыхарка райцэнтра Юзэфа Курдзёнак. Яе дзядулю — Восіпа Ракоўскага — у тую вайну забілі немцы, прычым пры недарэчных абставінах.

Мой дзед жыў са сваёй сям’ёй у вёсцы Старчуны, што на Камайшчыне. Там іх і застала Першая сусветная, — расказвала Юзэфа Эдвардаўна. — Гэты здымак стогадовай даўнасці мне застаўся ў спадчыну ад бацькі. Прычым мае даволі цікавую гісторыю. Дзядуля ішоў цепліць лазню, нёс ваду. Немцы паклікалі яго, каб разам сфатаграфавацца: відаць, іх вельмі цікавіла, якім чынам дзядуля будзе гэта ра­біць. Пазней з Германіі здымак даслалі ў вёску. Але, на жаль, не ўсе салдаты варожай арміі так добразычліва ставіліся да мясцовых жыхароў. Аднойчы дзядуля ехаў на кані, немцы загадалі яму спыніцца. Аднак той не пачуў, бо меў праблемы са слыхам. Дзед яшчэ мацней пагнаў каня, і яго за гэта застрэлілі.

Дзе немцы пахавалі Восіпа Ра­коўскага, сям’я не ведае. На памяць пра яго застаўся толькі гэты здымак.

Мы вырашылі аднесці яго ў музей: пра тыя падзеі павінны ведаць і іншыя пакаленні, — працягвала жанчына. — Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё было даўно, што ўсё забыта. У нашай сям’і мы памятаем пра Першую сусветную, з ёй звязаны і іншыя шчымлівыя сямейныя гісторыі. Напрыклад, мая прабабуля па матчынай лініі вывучыла нямецкую мову, пакуль у хаце з 1915 па 1917 год кватаравалі немцы. І калі ў Вялікую Айчынную вайну яе дачку хацелі адправіць на прымусовыя работы ў Германію, прабабуля загаварыла з ворагам па-нямецку. Расказала, што яшчэ адну яе дачку, якая нарадзілася ў 1916 годзе, хрысціў немец. Гэта гісторыя, напэўна, уразіла нацыстаў, і ў Германію яны нікога не пагналі.

Напрыканцы размовы я шчыра падзякавала Юзэфе Эдвардаўне за ўнікальныя ўспаміны.

Гэта газеце дзякуй, што нагадалі, — нечакана адказала яна. — А то за гэтым каранавірусам няма калі і пра іншыя рэчы падумаць. А гісторыя роду — гэта якраз тое, пра што ні ў якім разе забываць нельга…

Іна Сняжкова
Фота з сямейнага архіва Курдзёнак, перададзенае ў Пастаўскі краязнаўчы музей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.