Памяти Бориса Цитовича, посвятившего жизнь восстановлению памяти о Первой мировой войне

Важное История

Крокі ў вечнасць. 

Аднак сляды на зямлі — назаўжды

23 кастрычніка на воінскім пахаванні часоў Першай сусветнай вайны каля вёскі Заброддзе, што на Вілейшчыне, было шматлюдна. Сотні людзей прыехалі сюды, каб правесці ў апошні шлях Барыса Цітовіча. Усё сваё жыццё ён прысвяціў аднаўленню памяці пра забытых ахвяр тых жудасных падзей.

Светлы, шчыры, працавіты… Такім Барыс Цітовіч застанецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў. Фота Cяргея Плыткевіча

Задоўга да смерці Барыс Барысавіч наказаў, каб яго пахавалі побач з рускімі салдатамі, якія ўжо стагоддзе спачываюць каля Заброддзя. Гэта першыя могілкі часоў Першай сусветнай, якія ён добраўпарадкаваў, вярнуўшы з небыцця. Прычым пра гэта памятнае месца яшчэ ў пачатку 1970-х грамадства нічога не ведала. Амаль не было і лю­дзей, якія цікавіліся б дадзенай тэмай. І новая магіла на старым пахаванні стала вечным сімвалам таго, як шмат можа зрабіць адзін чалавек для захавання памяці пра многіх несправядліва забытых…

Амаль паўстагоддзя Барыс Цітовіч вяртаў імёны палеглых салдат, аднаўляў закінутыя пахаванні. І што вельмі важна — аб’ядноўваў вакол сябе аднадумцаў, натхняў на добрыя справы. У тым ліку і пастаўчан: заўжды падтрымліваў валанцёрскі рух «Заходні рубеж», неаднойчы ўдзель­нічаў у аўтапрабегах, прысвечаных Першай сусветнай вайне.

Барыс Цітовіч і лідар пастаўскага валанцёрскага руху «Заходні рубеж» Андрэй Мацур

Сёлетняй вясной Барыс Барысавіч быў ганаровым госцем на маштабным мерапрыемстве да 105-годдзя Нарацкай наступальнай аперацыі. Напрыканцы сустрэчы мы дамовіліся з ім пра вялікае інтэрв’ю — была задума падрыхтаваць яго якраз да Дня прымірэння, які 11 лістапада, у Дзень заканчэння Першай сусветнай, адзначаецца ў шэрагу краін свету. Але, на жаль, жыццё (ці смерць) распарадзілася інакш. Застаецца толькі ўзгадваць, што зрабіў гэты вялікі чалавек, якога журналісты ў сваіх матэрыялах называлі вартавым забытай вайны, захавальнікам вечнасці…


Барыс Цітовіч быў адзначаны шэрагам узнагарод: студэнтам атрымаў усесаюзную прэмію за ілюстрацыі да рамана Івана Мележа «Людзі на балоце», пазней – медаль «За працоўныя заслугі», ордэн Францыска Скарыны, прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».


Ён, ураджэнец Чалябінскай вобласці, праілюстраваў дзясяткі кніг беларускіх класікаў. Працаваў над рэстаўрацыяй абразоў, распісваў храмы. Стварыў у Заброддзі адзіны ў Беларусі музей Першай сусветнай, арганізаваў першую ў краіне навукова-практычную канферэнцыю на тэму той вайны, заснаваў дабрачынны гісторыка-культурны фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі»… І ўвогуле ператварыў Заброддзе ў вядомае на ўсю краіну месца памяці. Кожнае 9 мая тут праходзілі мерапрыемствы пад лозунгам «Вайны дзве, памяць — адна». У іх, а таксама ў ваенна-гістарычных рэканструкцыях, суботніках актыўна ўдзельнічалі і пастаўчане.

Андрэй Мацур, лідар пастаўскага валанцёрскага руху «Заходні рубеж»:

— Знаёмства з Барысам Цітовічам у многім прадвызначыла мой шлях як валанцёра. З ім я ўдзельнічаў у шэрагу аўтапрабегаў, маршруты якіх пралягалі да добраўпарадкаваных пахаванняў на Мядзельшчыне, Смаргоншчыне, Вілейшчыне… І я паабяцаў, што некалі такія аб’екты будуць адноўлены і на Пастаўшчыне. Дзякуючы сумеснай працы валанцёраў так і сталася.

Барыс Барысавіч заўжды захапляўся, як удала на Пастаўшчыне супрацоўнічаюць валанцёры і мясцовая ўлада. І шкадаваў, што такога тандэма ў іншых раёнах Беларусі няма.

Барыс Барысавіч падтрымліваў нас, як мог. Напэўна, таму, што бачыў у нас працяг сваёй дзейнасці. Ён пазнаёміў нас з такімі ж энтузіястамі з розных беларускіх гарадоў, ініцыяваў, каб «Заходні рубеж» стаў філіялам дабрачыннага фонду «Крокі». І пайшоў з жыцця, калі дзейнасць гэтага фонду пачала прыносіць максімальны плён, а Заброддзе стала сапраўднай мекай для ўсіх, хто звязаны з тэмай Першай сусветнай. Веру, што так будзе і надалей. Сам я абавязкова працягну даследаваць тую вайну. Гэта маё абяцанне Барысу Цітовічу, якое не магу не стрымаць.

Станіслаў Чымбург, намеснік старшыні райвыканкама:

— Я ўдзячны лёсу, што меў магчымасць супрацоўнічаць з гэтым светлым чалавекам. Упершыню яго ўбачыў на рэканструкцыі ў 2019 годзе ў Дуках. Тады запомнілася яго каларытная знешнасць, асабліва — вельмі добрыя, не па ўзросце маладыя вочы. Пазней неаднойчы прасіў у Барыса Барысавіча парады наконт развіцця музея пад адкрытым небам у Дуках. Каб абмеркаваць гэта пытанне, паехаў летам у Заброддзе. Быў там упершыню, і мяне вельмі ўразіла ўсё, што ўбачыў. Ды і размова наша аказалася вельмі карыснай: столькі парад пачуў! Гэта мяне натхніла. Яшчэ раз пераканаўся, як шмат людзей, гатовых дапамагчы. Вясной сумеснымі намаганнямі будзем увасабляць у Дуках задумы ў жыццё, а пакуль ёсць час, каб скончыць работу з дакументамі і знайсці дадатковае фінансаванне.

Уладзімір Багданаў, даследчык Першай сусветнай вайны:

— Барыс Цітовіч быў той воссю прыцяжэння, вакол якой круціліся ўсе неабыякавыя людзі, якія хацелі штосцьці зрабіць для адраджэння памяці пра тую вайну і яе забытых ахвяр. Гэта і краязнаўцы, і рэканструктары, і журналісты… Без перабольшання скажу, што наш рух не проста страціў лідара — ён асірацеў. Таму сёння для нас усіх стаіць задача не разбегчыся па сваіх арбітах, а працягнуць разам займацца агульнай справай. І абавязкова захаваць тую вялікую спадчыну, якую пакінуў гэты незаменны чалавек.

 

Да апошніх дзён Барыс Цітовіч быў адданы сраве ўсяго свайго жыцця. У пачатку кастрычніка ён арганізаваў суботнік на пахаванні Першай сусветнай на Смаргоншчыне. Аднак сам па стане здароўя прыехаць не змог…

Стала зразумела, што здарылася штосьці сур’ёзнае, бо па жыцці ён не мог не працаваць, — працягваў Уладзімір Багданаў. — Барыс Цітовіч і яго жонка Валянціна, здавалася, былі тым вечным рухавіком, які ніколі не спыняўся — яны заўжды ў рабоце, у праектах. На ўсе парады адпачыць, паберагчы сябе адказвалі: “Нас лечыць працатэрапія”. Але яна не ўсемагутная…

Пасля суботніка мы ненадоўга заехалі ў Заброддзе. Барыс Барысавіч сустрэў у масцы, адчувалася, што дыхаць яму цяжка. Развітваючыся, ён стомлена падняў руку і, напэўна, пастараўся ўсміхнуцца. У гэты момант я яго сфатаграфаў (увогуле, у кожны свой прыезд у Заброддзе я фатаграфаваў Барысавіча). Праз непрацяглы час аказалася, што ён не проста падняў руку, а развітаўся з намі назаўжды…

  …У адным са сваіх інтэрв’ю Барыс Цітовіч сказаў: “Няма такіх слоў, каб растлумачыць, што адчуваеш, калі побач з безыменнай магілай ставіш помнік з прозвішчамі”. Гэтаксама як і няма слоў, каб апісаць, што адчувалі людзі, калі праводзілі Барыса Барысавіча ў апошні шлях  і ішлі за труной 900 крокаў ад Барысаглебскай капліцы, якую ён пабудаваў у Заброддзі, да могілак.

У такім выпадку хочацца сказаць банальнае, але шчырае: “Вечная памяць… Дзякуй!”

Падчас пахавання Барыса Цітовіча. Фота Уладзіміра Багданава

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.