Молодые врачи Екатерина Ильченко и Екатерина Щенович помогают младенцам появляться на свет

Важное Здравоохранение

З новым шчасцем!

Так мы звычайна гаворым, калі віншуем адно аднаго з Новым годам. У радзільным аддзяленні Пастаўскай ЦРБ гэтыя словы можна было паўтарыць за год 120 разоў — менавіта столькі немаўлят тут нарадзілася ў 2021-м. Дапамаглі ім з’явіцца на свет і маладыя спецыялісты Кацярына Ільчанка і Кацярына Шчановіч, якія сёлета прыехалі ў раённую бальніцу на свае першыя рабочыя месцы.

Абедзве дзяўчыны родам з Пастаў. І абедзве радыя пачынаць шлях у прафесію менавіта ў родным горадзе.

— Я вучылася ў СШ №4, і стаць урачом было маёй марай, — расказвала Кацярына Ільчанка. — Каб яна здзейснілася, давялося прыкласці нямала намаганняў. Час вучобы ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце быў няпростым: даводзілася вельмі шмат вучыць. Аднак з кожным курсам я ўпэўнівалася, што на правільным шляху. І калі пасля пяці гадоў вучобы патрэбна было выбіраць больш вузкую спецыялізацыю, не раздумваючы пайшла на акушэра-гінеколага — жаданне ім стаць заўжды было моцным.

Кацярына Ільчанка і Кацярына Шчановіч

Інтэрнатуру Кацярына прайшла ў Віцебскім абласным радзільным доме. У Паставы яна вярнулася найперш таму, што ва ўніверсітэт паступала па мэтавым накіраванні.

— Скажу шчыра: з’язджаць з Віцебска не вельмі хацелася. Аднак цяпер разумею, што перажывала дарэмна, бо ў Паставах мяне абсалютна ўсё задавальняе, — працягвала маладая ўрач. — Кампетэнтныя, добразычлівыя калегі дапамаглі хутчэй асвоіцца, адаптавацца, пераадолець няўпэўненасць, а дзесьці — і страх. Усё ж такі нясеш адказнасць адразу за двух чалавек — і за дзіця, і за жанчыну-маці.

У раённай бальніцы вучуся ўсяму і адразу. І ўжо магу сказаць, што ў плане вопыту тут далі мне шмат. А для маладога ўрача гэта важна.

Кацярына Ільчанка ў ЦРБ працуе са жніўня. А месяцам раней ва ўстанову аховы здароўя прыйшла працаваць Кацярына Шчановіч. Спачатку выпускніца Полацкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанкі шчыравала ў жаночай кансультацыі, цяпер — акушэрка ў радзільным аддзяленні.

— У родным горадзе пачынаць працаваць прасцей: тут шмат знаёмых, многа хто падтрымлівае і дапамагае, — кажа Кацярына Шчановіч. — Асабліва ­ўдзячная за падтрымку з боку ўрачоў. За намі, маладымі спецыялістамі, замацаваны настаўнікі — вопытныя акушэры. Дзякуючы ім адчуваеш сябе больш упэўнена. Канечне, хваляванняў хапае. Але і станоўчых эмоцый дастаткова. Бачыць шчаслівых мам, нованароджаных дзетак — гэта як дакрануцца да цуда. І хочацца верыць, што ў 2022 годзе такіх цудоўных адчуванняў будзе яшчэ больш.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.