Поставчанин Максим Круковский занял 1-е место в конкурсе фотографий «Чистая энергия будущего»

Общество

«Кара́лі» коштам 300 рублёў

Сертыфікаты на такую суму і дыплом пераможцы атрымаў адзінаццацікласнік СШ №4 Максім Крукоўскі за 1-е месца ў конкурсе фотаздымкаў «Чыстая энергія будучыні».

Конкурс быў арганізаваны дзяржкарпарацыяй «Расатам» і Інфармацыйным цэнтрам па атамнай энергіі пры падтрымцы міністэрстваў энергетыкі і адукацыі, дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга», Беларускай АЭС і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

На конкурс паступіла амаль 2 тысячы работ па трох тэматычных катэгорыях: «Энергія будучыні», «Энергія прыроды» і «Энергія здзяйсненняў». Пераможцы вызначаліся ў дзвюх узроставых катэгорыях: I — ад 10 да 18 гадоў і II — старэйшыя за 18.

Максім Крукоўскі з дыпломам

— Фотаздымак, зроблены летам мінулага года, я назваў «Ожерелье» (бел. — кара́лі), яго і даслаў на конкурс, — расказваў Максім Крукоўскі. — У нас дома ёсць прафесійны фотаапарат для сямейных фотасесій. Аднаго разу раніцай паехалі з татам на рыбалку, і па дарозе мой позірк спыніўся на незвычайнага колеру небе, тумане, які нібы «адарваўся» ад зямлі, і сучаснай лініі электраперадачы. Спыніліся, я сфатаграфаваў. А калі даведаўся пра конкурс, вырашыў у ім паўдзельнічаць. Мой фотаздымак адлюстроўвае сілу прыроды, яе непаўторную прыгажосць.

Здымак Максіма Крукоўскага, які перамог у конкурсе

Перамога аказалася для мяне сапраўдным сюрпрызам. На жаль, я захварэў і не змог паехаць на ўручэнне ўзнагарод, якое прахо­дзіла ў Інфармацыйным цэнтры па атамнай энергіі ў Мінску. Таму мне даслалі дыплом і два сертыфікаты — на 100 і 200 рублёў. Зрабіць пакупкі магу ў інтэрнэт-магазіне «21 vek.by».

Сёлета Максіма чакаюць выпускныя экзамены і цэнтралізаванае тэсціраванне, таму зараз актыўна да іх рыхтуецца. З выбарам прафесіі юнак вызначыўся даўно: марыць пра медыцыну. У вольны час займаецца спортам, адпачывае на рыбалцы. І не прамінае сфатаграфаваць яркія моманты.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Максім Крукоўскі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.