10-классница СШ №3 Александра Жидкая заняла 3-е место на областном этапе республиканской олимпиады по физкультуре

Главное Спорт и туризм

Ставіць мэты і дасягае іх

Гэта пра 10-класніцу СШ №3 Аляксандру Жыдкую, якая сёлета на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры заняла 3-е месца.

Спорт Саша любіць з дзяцінства. Сур’ёзна займацца ім стала з 5 класа. Яе галоўны трэнер — настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №3 Аляксандр Вавінскі. Калі вучылася ў 7 класе, упершыню праводзілася алімпіяда па гэтым прадмеце. Паспрабавала свае сілы — і на рэспубліканскім этапе тады заваявала 3-е месца. Пазней прызавыя месцы чаргаваліся. Летась зноў стала прызёрам, за што ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі.

Разлічваць на абсалютны поспех сёлета ў дзяўчыны былі ўсе падставы: чытала шмат спецыяльнай літаратуры, узмоцнена трэніравалася. Аднак за некалькі дзён да ад’езду на абласны этап паднялася тэмпература, пачаўся кашаль. Надзея на ўдзел знікла. Лячылася ўсімі сродкамі — і хвароба адступіла. Аднак аслабленаму арганізму было няпроста справіцца з заданнямі алімпіяды.

Яна праходзіла ў 3 этапы. На першым — тэарэтычным — на працягу гадзіны трэба было адказаць на 50 пытанняў, якія датычылі ведання прозвішчаў беларускіх атлетаў, правілаў у розных відах спорту, асаблівасцей фізічнай падрыхтоўкі. На другім — практычным — праплысці на хуткасць 50 метраў і выка­наць практыкаванні: чаўночны бег, скачкі ў даўжыню з месца, пад’ём тулава са становішча лежачы. Трэці этап уключаў ў сябе гульнёвыя віды спорту (баскетбол, гандбол, футбол і валейбол). Аляксандра прыклала максімум намаганняў, каб паказаць годны вынік. З невялікім адставаннем стала трэцяй.

— Саша — наш гонар! — гаварыла дырэктар СШ №3 Вераніка Казлоўская. — Мэтанакіраваная, старанная, адказная. Шмат чытае, аналізуе, лагічна думае, трэніруецца. Навучылася правільна размяркоўваць час, каб яго хапала і на вучобу, і на спорт. Мы так хваляваліся за яе падчас алімпіяды і радыя трэцяму месцу! Перамога ніколі не даецца лёгка. Сёлета з-за хваробы дзяўчыне было асабліва складана.

Несумненная заслуга ў поспехах юнай спартсменкі яе настаўніка і трэнера Аляксандра Вавінскага, які звярнуў увагу на здольнасці дзяўчынкі да спорту, прывіў цікавасць да прадмета, стымулюе да новых вяршынь. Ён выпрацаваў сістэму работы па падрыхтоўцы да алімпіяды. Немалую ролю адыгрывае тое, што ў Сашы трывалыя веды па ўсіх прадметах, у тым ліку па фізічнай культуры і здароўі. А без ведання тэорыі немагчыма змагацца за прызавыя месцы.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяды Саша пастаянна рашала тэсты, шырока выкарыстоўвала інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Многія пытанні, як правіла, часта выходзяць за рамкі вучэбнай праграмы, таму дзяўчына выкарыстоўвае метапрадметны падыход у навучанні. А яшчэ — імкнецца быць у курсе апошніх падзей і навін у свеце спорту.

— Я бязмежна ўдзячная свайму трэнеру Аляксандру Леанідавічу за яго любоў да прафесіі, высокі прафесіяналізм і цярпенне, — гаварыла Аляксандра Жыдкая. — За мяне хваляваліся таксама настаўнікі, сябры. І гэта вялікая падтрымка. Цяпер працягваю трэніроўкі, бо наперадзе рэспубліканскі этап алімпіяды.

Удачы табе, Аляксандра!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.