Выбрала прафесію сэрцам — так зрабіла настаўнік пачатковых класаў Пастаўскай гімназіі Аляксандра Шыбко. І за два гады работы пераканалася, што не памылілася ў выбары.
Сярод мноства школьных настаўнікаў мы з асаблівай цеплынёй успамінаем першага, які расчыніў перад намі, тады яшчэ маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, дзверы ў краіну ведаў, цярпліва вучыў не толькі чытаць і пісаць, але і галоўным жыццёвым ісцінам, выпраменьваючы дабрыню. Менавіта ён найчасцей быў прыкладам для тых, хто вырашыў таксама стаць педагогам. Гісторыя Аляксандры Шыбко — не выключэнне.
— Я вельмі любіла сваю настаўніцу пачатковых класаў з Нарацкай СШ №1, дзе вучылася, — расказвала малады спецыяліст. — Мне падабалася, як яна выкладала, якія формы выкарыстоўвала. Хацелася быць такой жа. Прыходзячы дамоў, гуляла ў школу, у мяне нават дошка была. А калі атрымала атэстат, паступіла ў БДПУ імя М. Танка на пачатковую адукацыю.
Гады вучобы ва ўніверсітэце праляцелі хутка, напоўненыя студэнцкімі клопатамі і радасцямі. У гэты час у жыцці Аляксандры з’явіўся каханы чалавек, дзеля якога, выпускаючыся з ВНУ, пры размеркаванні выбрала Пастаўшчыну. Трапіла ў гімназію, чаму вельмі рада. Кажа, тут цудоўны калектыў. Калегі заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. Асабліва ўдзячная Алене Чыбук, вопытнаму педагогу, якая ўзяла яе, зялёную, пад сваё крыло.
Аляксандра выдатна памятае той дзень, калі ўпершыню ўвайшла ў клас з 27 парамі дапытлівых вачэй у якасці настаўніка. Прызнаецца: было страшна, хвалявалася і перажывала, напэўна, больш, чым першаклашкі. Але разумела: нельга даваць волю эмоцыям, дзеці гэта адразу адчуюць.
Паступова прыйшлі спакой і ўпэўненасць. Хутка змагла знайсці кантакт з малымі, якія ўсёй душой палюбілі маладую настаўніцу. А яна з галавой акунулася ў прафесію.
— Работа мне вельмі падабаецца, нягледзячы на ўсе яе складанасці, — гаварыла Аляксандра. — Адзіны мінус — вялікая колькасць папер, якія трэба запаўняць. Гэта адбірае шмат часу, а яго можна было б прысвяціць падрыхтоўцы да ўрокаў. Да кожнага я пішу план-канспект. Спачатку рабіла гэта штовечар. А потым вырашыла выдзяляць адзін дзень, як правіла суботу, каб падрыхтавацца на ўвесь тыдзень. Цяпер, вярнуўшыся са школы дамоў, магу адпачыць і зрабіць дыдактычны матэрыял, які будзе карысны на ўроках.
На іх малады педагог выкарыстоўвае розныя формы, метады і прыёмы: парную, індывідуальную і франтальную работу, мультымедыйныя прэзентацыі, гульні. У апошні час асабліва часта — прыём мнематэхнікі, калі дзеці запамінаюць слоўнікавыя словы і вершы з дапамогай малюнкаў, якія самі ж выконваюць. Яе вучні паспяхова ўдзельнічаюць у розных прадметных спаборніцтвах, займаючы прызавыя месцы. Так, яшчэ першакласнікамі заваявалі паўтара дзясятка дыпломаў І ступені ў дыстанцыйнай алімпіядзе па матэматыцы.
Актыўная і Аляксандра. Яна вядзе гурток «Шахматы», які з задавальненнем наведваюць пачаткоўцы, ніколі не адмаўляецца прыняць удзел у тым, што прапануе ёй кіраўніцтва гімназіі. Ці то гэта прафсаюзныя мерапрыемствы, як, напрыклад, лёгкаатлетычны крос або турзлёт, ці то прафесійныя семінары, вебінары, конкурсы. Летась абараняла гонар сваёй навучальнай установы і ўсяго Пастаўскага раёна ў абласным спаборніцтве настаўнікаў пачатковых класаў «Здаровы выбар», сёлета — у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафмайстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» як пераможца раённага этапа ў намінацыі «Малады настаўнік». За поспехі на прафесійнай ніве ёй датэрмінова прысвоілі другую кваліфікацыйную катэгорыю.
У жніўні гэтага года ў жыцці Аляксандры адбыліся дзве важныя падзеі: яна выйшла замуж і скончыўся тэрмін яе абавязковай адпрацоўкі. Але развітвацца з гімназіяй дзяўчына не стала на радасць кіраўніцтва навучальнай установы, вучняў і іх бацькоў.
Алена Шапавалава

