Кому мешает? В 5 городке кто-то решил уничтожить роскошную сосну возле дома №4 по ул. Станкевича

Важное Природа

Каму сасна перашкаджае?

Жывое ўпрыгажэнне мікрараёна 5 гарадка — сосны. Іх тут шмат — высокія, стройныя. Акрамя прыгажосці, дрэвы прыносяць яшчэ і немалую карысць. Сасна выдзяляе ў паветра вялікую колькасць фітанцыдаў, якія заглуша­юць або забіваюць шкодныя мікробы. Яны эфектыўныя нават супраць туберкулёзнай палачкі. Менавіта таму супрацьтуберкулёзныя санаторыі размяшчаюцца ў сасновых лясах. У народнай медыцыне пупышкі і пылок сасны выкарыстоўваюцца пры лячэнні бранхіту, запалення лёгкіх, астмы, вострых рэспіраторных і іншых захворванняў верхніх дыхальных шляхоў. Лічыцца, што сасна валодае вельмі магутнай ачышчальнай аўрай.

Здавалася б, толькі радавацца блізкасці такіх дрэў. І я чула шмат найлепшых водзываў: з радасцю людзі ўдыхаюць сасновы водар, з асалодай успрымаюць птушыныя спевы. Праўда, ёсць і мінусы. Калі дрэва блізка ля дома, яно забірае святло, засыпае ігліцай. Вось і ў мінулым годзе па зваротах некаторых жыхароў мікрараёна і з дазволу райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя камунальнікі спілавалі шмат сасновых сукоў. Заяўнікаў гэта задаволіла. Іншыя, наадварот, скардзіліся, што «пакалечылі» дрэвы. Але на тое меліся прычыны.

Галіна Дунаева паказвае рассыпанае пад сасной удабрэнне

А вось як рэагаваць на такую сітуацыю? Ад імя жыхароў дома №4 па вуліцы Станкевіча ў рэдакцыю пазваніла Галіна Дунаева. Прасіла прыехаць і паглядзець, як хтосьці губіць сасну за іх домам. Расказала, што мінулым летам нехта высыпаў пад самы камель дрэва ці не цэлы мяшок калійнага ўдабрэння. Нядаўна згубнае дзеянне паўтарылі.

Прыязджаю па названым адрасе. З Галінай Аляксандраўнай падыходзім да раскошнай сасны. Пад ёй на снезе раскінулася шырокая, нібыта крывавая, пляма. «Гэта мы адгрэблі суперфасфат далей ад камля. А то ж насыпалі прама пад яго, — тлумачыць жанчына. — Хтосьці паставіў за мэту знішчыць дрэва. Але каму яно перашкаджае?»

Мне не хацелася верыць у такую жорсткасць. «Магчыма, гэта нейкая крошка, а не ўдабрэнне», — засумнявалася. Набрала некалькі жмень і павезла паказваць аграномам. Іх заключэнне аднагалоснае: калійнае ўдабрэнне, сыплюць пад дрэва, каб знішчыць яго.

З якой прычыны такое памкненне? Сасна расце на рагу дома, да таго ж далёка ад яго — за метраў 10. Нічые балконы ігліцай не засыпае, вокнаў не зацяняе. Тады чым замінае? Прадбачу, што адказу на гэта пытанне ніколі не атрымаю. Дастукацца да сумлення «сябра» прыроды праблематычна. Але жыхары дома маюць намер усё ж такі высветліць яго асобу і спадзяюцца на ўмяшанне супрацоўнікаў райінспекцыі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.