На городском стадионе прошел масштабный спортивный праздник «Поставская лыжня-2022»

Спорт и туризм

«Абкаталі» трасу

Зразумець, што ў нядзелю на гарадскім стадыёне ладзілася маштабнае спартыўнае свята, было не цяжка: яшчэ задоўга да падыходу да яго даносілася бадзёрая музыка. Размінаючыся пад яе і весела гамонячы, аматары лыжнага спорту і балельшчыкі чакалі пачатку «Пастаўскай лыжні-2022».

Удзельнікаў зімовага культурна-спартыўнага свята вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Ён адзначыў, што ў нашым раёне ладзіць такія спаборніцтвы стала добрай традыцыяй і перапыняць яе ні ў якім выпадку не варта — наадварот, неабходна натхняць сваім прыкладам усіх жыхароў раёна.

— У сваім Пасланні да беларускага народа і парламента Прэзідэнт краіны зрабіў акцэнт, у тым ліку, на здаровы лад жыцця, — працягваў Пётр Курто. — Яму павінны спрыяць і заняткі спортам, і правільнае харчаванне, і вольны ад працы дзень на праходжанне медкамісіі. Тое, што вы сабраліся тут, ужо робіць вас пераможцамі, нягледзячы на вынікі спаборніцтва. Выдатнага настрою, здароўя, поспехаў! Няхай журы па заслугах ацэніць вашы старанні!

Падбадзёрваючыя словы сказаныя. Агучаны рэгламент спаборніцтва. Узняты на флагштоку Дзяржаўны флаг. І першая група лыжнікаў адправілася пакараць трасу. У авангардзе, як заўсёды, ішлі навучэнцы каледжа, гарадскіх і сельскіх школ. Сёлета ў іх заездзе было 9 каманд. Найлепшы вынік (12:18:24)  паказалі прадстаўнікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Яўгеній Балаш, Дзмітрый Карандзей, Даніла Мішута і Мілена Жакоўская. Крыху адсталі ад іх вучні навасёлкаўскай школы, трэцімі фінішавалі камайскія школьнікі.

Другая група аб’яднала лыжнікаў сельскіх Саветаў. Было заяўлена 6 каманд. З вынікам 7:17:14 перамаглі прадстаўнікі Навасёлкаўскага сельскага Савета. За яго на лыжні выступалі Павел Сініца, Антон Зямчонак і Марыя Апанасевіч. На 2-м месцы каманда Ярэўскага сельскага Савета, на 3-м — Валкоўскага.

Магло быць куды больш азартна і ў трэцяй групе лыжнікаў, у якую ўвайшлі каманды арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Гавару выключна пра колькасць каманд-удзельніц (іх было 9), а не пра напал барацьбы. Якраз з гэтым падчас усяго спартыўнага свята замінак не было. З вынікам 11:01:38 першай фінішавала каманда аддзела па адукацыі райвыканкама. У яе склад ужо не першы год уваходзяць і паказваюць выдатную спартыўную падрыхтоўку Сяргей Бамбізаў (Дунілавіцкая СШ), Аляксандр Бандарэнка (СШ №1), Наталля Юрэвіч (Варапаеўская СШ) і Генадзій Ластоўскі (Навасёлкаўская СШ). Другімі прыйшлі прадстаўнікі каледжа, трэцімі — воінскай часці 74384.

У асабістым заліку сярод жанчын паспрабаваць шчасця вырашылі толькі тры дзяўчынкі. Усе і сталі прызёрамі: «бронза» — у Маргарыты Жук, «серабро» — у Ганны Хмяльніцкай. «Золата» з вынікам 2:17:35 узяла 11-гадовая навучэнка СШ №1 Нэлі Бандарэнка.

— Я люблю спорт, — прызналася дзяўчынка. — Займаюся настольным тэнісам, валейболам, плаваннем, танцамі. Перамогай вельмі задаволеная. Мяркую, яна натхніць мяне на пакарэнне новых вяршынь.

Канкурэнцыя сярод мужчын была ў 4 разы большай — на старт выйшла 12 лыжнікаў, у тым ліку 3 хлопчыкі. Зразумела, сапернічаць з вопытнымі аматарамі лыжных гонак яны не маглі, але нароўні з дарослымі пераадолелі кіламетровую трасу і нават жартавалі: «Трэніруемся для наступных перамог!» У гэтай групе трэцім фінішаваў Юрый Трафімаў, другім — Павел Сініца (навучэнец Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа). За 2:26:27 прабег кіламетр і заняў 1-е месца афіцэр воінскай часці 74384 Уладзіслаў Лапеха.

 

Пераможца ў асабістым заліку Уладзіслаў Лапеха

— Я нарадзіўся ў Сянно, — расказваў. — З 12 гадоў займаўся ў секцыі па біятлоне, удзельнічаў у абласных спаборніцтвах. Але з-за траўмы быў вымушаны перапыніць заняткі спортам. Падчас вучобы ў ваеннай акадэміі выступаў за ўстанову на рэспубліканскіх стартах, зараз бегаю на лыжах у сваё задавальненне. Прыемна было спаборнічаць з моцнымі сапернікамі, якія выдатна трымалі тэмп, што робіць перамогу яшчэ больш важкай.

Пераможцы і прызёры адзначаны падарункамі і дыпломамі.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.