ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:3
На гульню з моцным сапернікам, двухразовым чэмпіёнам вобласці, пастаўчане выставілі аптымальны баяздольны склад. Гуляць на мокрым пасля дажджу полі было няпроста. Матч атрымаўся напружаным, хапала барацьбы і ўзаемных памылак. Першы небяспечны ўдар нанесла наша каманда. Неўзабаве сенненцы правялі галявую камбінацыю, але прамахнуліся.
На 16-й хвіліне пастаўчане зарабілі штрафны, моцна прабілі, а на дабіванні першым ля мяча апынуўся атакуючы паўабаронца Дзмітрый Кундра і адкрыў лік. Праз паўгадзіны барацьбы нашы крыху страцілі канцэнтрацыю, чым адразу скарыстаўся нападаючы саперніка Яўген Кулік — 1:1. Перад свістком на перапынак сенненцы ледзь не выйшлі наперад. Нашу каманду выратаваў ад непрыемнасцей варатар Андрэй Чашун.
У другім тайме выйшаў на замену і абвастрыў гульню фланговымі праходамі Яўген Ясюковіч. Каманда ФСК «Паставы» завалодала мячом і ініцыятывай. Быў блізкі да поспеху апорнік Кірыл Каралёнак, але мяч пасля яго ўдару праляцеў упрыцірку з перакладзінай.
Сапернік адказваў рэдкімі, але вострымі контратакамі. Заключныя чвэрць гадзіны прайшлі з перавагай нашых. На 80-й хвіліне з парушэннем правілаў сенненцы спынілі рывок Яўгена Ясюковіча. Распасоўшчык пастаўчан Аляксандр Звяруга падаў у штрафную, а правы абаронца Дзяніс Маршын трапным ударам галавой зноў вывеў нашу каманду наперад. Ужо ў дадатковы час варатар сенненцаў збіў перад варотамі рэзервовага паўабаронцу Уладзіслава Чатовіча, а прызначаны пенальці бездакорна рэалізаваў наш капітан Максім Голубеў — 1:3. Вынік паядынку быў прадвызначаны. Намаганнямі свайго 36-гадовага ветэрана Арцёма Ладнова сенненцы пасля падачы вуглавога на 94-й хвіліне правялі гол прэстыжу.
Важнай перамогі на выездзе дабіліся Чашун, Маршын, Голубеў (к), Пучынскі (Чатовіч), Касенка (Дзеўгуць), Камісарчук (Хмяльніцкі), Жылевіч, Звяруга, Каралёнак (Курыловіч), Кундра (Ясюковіч), Вілейта (Мядзведзеў). Гэты поспех вывеў пастаўчан на 3-е прамежкавае месца. У нашай групе «А» абодва фаварыты зноў былі на вышыні: «Гарадоцкія львы»—«Газавік» (Віцебск) — 1:2, «Полацк-2019»—ФК «Міёры» — 0:4. У іншых гарадах вобласці астатнія сустрэчы 3-га тура завяршыліся так: ФК «Глыбокае»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 2:1, ФК «Лепель»—ФК «Чашнікі» — 3:1, «Чырвоны барэц» (Орша)—«Ураджай» (Віцебскі р-н) — 1:0, «Партызан» (Ушачы)—ФК «Шаркаўшчына) — 1:5, ФК «Шуміліна»—ФК «Ліёзна» — 2:2, ФК «Докшыцы»—«Дрывяціч» (Браслаў) — 2:1.
У маі пастаўчан яшчэ чакаюць выезды ў Віцебск і Талачын.
Уладзімір Шык
Фота з адкрытых крыніц

