Новые технологии, сбалансированное кормление — залог успеха в животноводстве ОАО «Хотилы-агро»

Сельское хозяйство

Новыя тэхналогіі, збалансаванае кармленне – залог поспеху ў жывёлагадоўлі ААТ «Хацілы-агра»

Такую выснову зрабілі ўдзельнікі калегіі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, якая прайшла на мінулым тыдні на базе нашага раёна.

— Пляцоўкай для вывучэння арганізацыі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі Пастаўскі раён выбраны невыпадкова. Тут ёсць чаму павучыцца, — зазначыў намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў. — Станоўчым прыкладам для ўсіх па ўтрыманні і кармленні жывёлы, якасці і надоях малака служыць сельгаспрадпрыемства «Хацілы-агра».

З 2010 года ў гаспадарцы функцыянуе адна з першых пабудаваных у вобласці рабатызаваная ферма. На яе ўзвядзенне затрацілі 23 мільёны недамінаваных рублёў, у іх ліку крэдыты, уласныя сродкі. Па папярэдніх падліках, будаўніцтва павінна было акупіцца за 12 гадоў. На практыцы тэрмін значна скараціўся.

У канцы 2020 года ў ААТ «Хацілы-агра» завяршылі ўзвядзенне яшчэ адной малочнатаварнай фермы з 6 памяшканняў, прызначаных для ўтрымання цялят, дойных і сухастойных кароў, з радзільнай і даільнай заламі. Тут ёсць свае падстанцыя і станцыя абезжалезвання, вялікія траншэі для закладкі сенажу і сіласу. Да гэтага дойны статак размяшчаўся на 6 фермах з прывязным утрыманнем. Пасля таго як увялі ў эксплуатацыю сучасны комплекс, засталіся 2 фермы. Старыя памяшканні рэканструююць пад цялятнікі.

Новая ферма напаўнялася паступова. Цяпер тут утрымліваецца 1 200 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх — 829 кароў. Тых, што ў запуску і пасля ацёлу, размяшчаюць у адным памяшканні, а затым пераводзяць у кароўнік. Адтуль два разы на дзень партыямі па 40 галоў яны прыходзяць у даільную залу. Аператары, перш чым падключыць даільны апарат,  апрацоўваюць вымя спецыяльнымі сродкамі, выціраюць асобнай сурвэткай, сцэджваюць малако. Яно праходзіць праз фільтр пярвічнай ачысткі і паступае ў танк-ахаладжальнік. Пасля заканчэння працэсу даільны апарат адключаецца аўтаматычна. Выдаеныя каровы ідуць у кароўнік, а на змену ім у даільную залу прыхо­дзяць іншыя.

За мінулы год сярэдні надой малака ад кожнай каровы склаў амаль 8 520  кілаграмаў. З малочнатаварнага комплексу на Пастаўскі малочны завод штодня паступае 34 тоны малака. Усё — сортам «экстра». Рэнтабельнасць ад яго рэалізацыі па гаспадарцы за мінулы год склала 42%. Такія паказчыкі — вынік гаспадарчага падыходу да арганізацыі вытворчага працэсу, адказнасці і зацікаўленасці саміх работнікаў. Тут пад пільным кантролем спецыялістаў — здароўе кароў. Дойны статак своечасова абследуецца на розныя захворванні, право­дзіцца вакцынацыя. Аператары дасканала выконваюць гігіенічныя патрабаванні. Рэгулярна праводзіцца тэхнічнае абслугоўванне даільнага абсталявання.

Для дасягнення высокіх паказчыкаў немалаважным з’яўляецца правільнае збалансаванае кармленне жывёлы. Для гэтага тут даследу­юць кармы на пажыўнасць, па яго выніках складаюць рацыён з неабходнай колькасцю вітамінаў і мінералаў. А гэта 9 кілаграмаў камбікорму, 35 — сіласу, 15 — сенажу на адну карову.

У камфортных умовах утрымліваюцца цяляты-малочнікі. У кожнага — індывідуальны домік. Для маладняку таксама распрацавана сістэма кармлення. У групу дарошчвання цяляты пераводзяцца ва ўзросце прыкладна 2-х месяцаў пры вазе 88—93 кілаграмы.

Вялікая ўвага ў ААТ «Хацілы-­агра» ўдзяляецца своечасоваму асемяненню жывёлы. Пасля ацёлу за каровай назіраюць аператары, ветурач, асемянатар. Сэрвіс-перыяд складае 91 дзень. Асемяненне праводзіцца пачынаючы з 55-га па 90-ы. З першага разу пакрываюцца 72% кароў. За мінулы год тут атрымалі 109 цялят ад 100 галоў матачнага статка.

На ферме «Волахі» з сучаснай даільнай залай працуе 21 чалавек: загадчыца, 8 аператараў машыннага даення і адзін — па доглядзе цялят, 6 жывёлаводаў, 3 слесары, ветурач, асемянатар.

— Для параўнання вазьміце звычайную ферму, на якой утрымліваецца да 300 кароў, — гаварыў Барыс Яфрэмаў. — На яе абслугоўванні практычна столькі ж лю­дзей, толькі валавая вытвор­часць, сабекошт прадукцыі далёкія ад хацілаўскіх. Таму мы не першы год арыентуем кіраўнікоў раёнаў, сельгаспрадпрыемстваў на ўзвядзенне менавіта такіх комплексаў. За імі — будучыня.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.