Соцопрос: Почему поставчане выбрали профессию военнослужащего?

Приграничье

За мір і спакой у адказе

23 лютага віншаванні звычайна прымаюць усе мужчыны. Але найперш гэта свята тых, хто сваё жыццё прысвяціў абароне Радзімы. Чаму выбралі гэту прафесію, чым абагаціла іх служба, карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў пастаўчан.

Ігар Буцько, намеснік камандзіра па ўзбраенні 1-га радыётэхнічнага цэнтра:

— Прафесія ваеннага вабіла са школьных гадоў. Пэўны ўплыў на мой выбар аказаў настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі СШ №2, дзе я вучыўся, Юрый Копасаў. Пасля заканчэння факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь 5 гадоў адслужыў у Гродзенскай вобласці. У 2017-м вярнуўся на радзіму. Цяпер адказваю за боегатоўнасць усіх узораў узбраення ваенна-спецыяльнай тэхнікі, кантралюю яе ўтрыманне. Служба падабаецца. Яна вучыць быць сапраўдным мужчынам, па-іншаму гля­дзець на многія звычайныя рэчы: дружбу, адносіны ў калектыве — і цаніць іх, знаходзіць выхад з любой сітуацыі, загартоўвае характар.

У кожнай дзяржавы — свая армія. Мы абавязаны абараняць рубяжы Беларусі.

Алег Казакоў, вядучы спецыяліст мабільнай групы райваенкамата:

— Я — карэнны пастаўчанін. У 1990 го­дзе закончыў Рыжскае вышэйшае авіяцыйнае інжынернае вучылішча і 6 гадоў служыў у Краснадарскім вышэйшым аб’яднаным лётна-тэхнічным. Адбылося скарачэнне штату — і вярнуўся ў Паставы. Працаваў на мытні. Потым зноў прызваўся ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Быў начальнікам аддзялення прызыву на ваенную службу Пастаўскага райваенкамата, пазней — намеснікам, а затым — і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і сацабароны аблваенкамата. Звольніўся ў званні палкоўніка. Цяпер мой абавязак — улік ваеннаабавязаных у запасе.

Армія фарміруе з юнака мужчыну, выхоўвае ўнутранае «я», пачуццё абавязку і патрыятызм, дысцыплінуе. Лічу, што не толькі ваенныя, але і ўсе беларусы абавязаны берагчы галоўнае дасягненне нашай краіны — суверэнітэт. Мы павінны быць гатовымі даць адпор агрэ­сіі, супрацьстаяць тэрарызму і абараняць інтарэсы як беларускага народа, так і Саюзнай дзяржавы.

Мацвей Галімскі, курсант Інстытута пагранічнай службы Беларусі:

— Здаецца, зусім нядаўна я вучыўся ў патрыятычным класе СШ №4. Да нас часта прыходзілі ваеннаслужачыя пагранкамендатуры, пункта пропуску «Мольдзевічы», расказвалі пра будні пагранічнікаў, агітавалі ў сваю прафесію. А сёння я курсант 3-га курса Інстытута пагранслужбы. Вучыцца цікава. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб курсанты атрымлівалі трывалыя веды. Да ўсіх прадметаў адношуся сур’ёзна, таму што на граніцы ўсё спатрэбіцца. За плячыма — стажыроўка на пагранзаставах Брэста і Гродна, пункце пропуску «Каменны Лог». Усюды было па-свойму цікава, бо кожнае месца службы мае сваю спецыфіку.

Інэса Лушчык, старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння 1-га ваеннага шпіталя:

— Нарадзілася і выхоўвалася ў сям’і ваеннаслужачых. Таму іншай прафесіі для сябе не ўяўляла. Вывучыўшыся на зубнога тэхніка, прызвалася на службу ў органы пагранічнай службы і паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Закончыла яго падчас водпуску па доглядзе дачушкі. Доўгі час працавала псіхолагам у пагранкамендатуры. Пасля нараджэння сына перавялася ў ваенны шпіталь. Тут атрымала званне маёра.

Ніколі не пашкадавала пра свой выбар, хаця служыць нялёгка. Жанчыны ў пагонах, як і мужчыны, аднолькава адказныя за мір і спакой у краіне. Усе мы хочам, каб Беларусь і надалей заставалася астраўком бяспекі ў Еўропе і краінай, ад якой зыходзяць толькі мірныя ініцыятывы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.