В СШ №1 прошла профориентационная встреча для учащихся 9-11 классов школ района

Образование

Спатрэбіцца там, дзе нарадзіўся

У суботу на базе СШ №1 прайшла сустрэча вучняў 9—11 класаў школ раёна з прадстаўнікамі навучальных устаноў краіны, якія рыхтуюць спецыялістаў у сферы сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Пра развіццё раёна, запатрабаваныя спецыяльнасці прысутным расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі.

— Недахоп кадраў сёння актуальны ў многіх галінах, але асабліва — у сельскай гаспадарцы, — гаварыў ён. — Важным элементам павышэння прэстыжу спецыяльнасцей гэтага профілю сярод выпускнікоў школ з’яўляецца праф­арыентацыйная работа. Сёння пра вядучыя сельскагаспадарчыя ўстановы Беларусі вам раскажуць іх прадстаўнікі.

Інспектар аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Людміла Шубелька знаёміць Эльвіру Пятраніс з Уладзіславам Шаршнёвым

Праз мультымедыйныя сродкі свае альма-матар прэзентавалі дацэнт кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Сяргей Базылеў, выпускнік СШ №2 і Пастаўскага прафтэхвучылішча, а цяпер дацэнт, кандыдат тэхнічных навук, дэкан аграмеханічнага факультэта Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Віктар Лоўкіс, дырэктар Пастаўскага дзяржкаледжа Сяргей Герасіменка, выпускніца Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Эльвіра Пятраніс, студэнтка 2-га курса агранамічнага аддзялення аграрнага каледжа Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны Аляксандра Міхалевіч.

З цікавасцю навучэнцы школ слухалі галоўнага інжынера ААТ «Хацілы-агра» Валерыя Курто і дырэктара ААТ «Камайскі-агра» Уладзіслава Шаршнёва. Абодва — ураджэнцы Пастаўшчыны. Першы закончыў СШ №3, а потым з адзнакай — Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і прыехаў па размеркаванні на малую радзіму. Уладкаваўся інжынерам у родную гаспадарку, у якой працуюць бацькі. Служыў у арміі. Было шмат прапаноў прадоўжыць службу па кантракце, аднак ён застаўся верным зямлі і ўжо пяты год шчыруе на яе карысць.

Шмат агульных тэм для размоў было ў дэкана аграмеханічнага факультэта Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Віктара Лоўкіса і выпускніка гэтай установы Валерыя Курто

— У нашай гаспадарцы для маладых спецыялістаў, згодна з калектыўным дагаворам, прадугледжаны бонусы, — расказваў Валерый Курто. — Пры афармленні на работу выплачваюцца 3 тарыфныя аклады, выдзяляецца службовае жыллё. На набыццё бытавой тэхнікі, мэблі гаспадарка дае 200 базавых велічынь. Маладыя спецыялісты дадаткова да зарплаты кожны месяц атрымліваюць 2 базавыя велічыні.

Уладзіслава Шаршнёва да тэхнікі цягнула з дзяцінства. Таму пасля школы паступіў у Пастаўскі прафтэхкаледж. Адслужыў у арміі і стаў студэнтам-завочнікам Беларускай сельгасакадэміі. Пэўны час працаваў галоўным аграномам ААТ «Навасёлкі-Лучай». Ужо 3-і год кіруе ААТ «Камайскі-агра», у БАТУ завочна атрымлівае другую вышэйшую адукацыю. Гаспадарка таксама падтрымлівае маладых спецыялістаў. Тым, хто атрымлівае сярэднюю спецыяльную адукацыю, тут выплачваюць кожны месяц па 3 базавыя велічыні, вышэйшую — па 5. Уладзіслаў Шаршнёў напомніў, што ў Віцебскай вобласці, згодна з распараджэннем старшыні аблвыканкама, маладым спецыялістам, якія працуюць у жывёлагадоўлі, кожны месяц даплачваюць 1 000 рублёў. Чым не стымул?

На прафарыентацыйнай сустрэчы Уладзіслаў Шаршнёў быў рады пазнаёміцца з выпускніцай факультэта бізнесу і права Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Эльвірай Пятраніс, якая па размеркаванні прыедзе працаваць у «Камайскі-агра». Радзіма дзяўчыны — Лынтупы. Яна задаволеная, што будзе знаходзіцца побач з домам.

Пра свой шлях у прафесію бухгалтара цікава гаварыла Вікторыя Красілевіч. Пасля 9 класаў СШ №3 дзяўчына паступіла ў Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж. Прызналася, што ў такім узросце было няпроста паехаць з дому. Але выкладчыкі, куратар групы дапамаглі адаптавацца. Цяпер Вікторыя працуе ў ААТ «Кураполле-агра».

— Добрая работа — гэта не толькі годная зарплата, перспектывы кар’ернага росту, але і магчымасць працаваць у дружным калектыве, — гаварыла Вікторыя Красілевіч. — Мне пашанцавала на вопытных калег. Прыйшоўшы з багажом толькі тэарэтычных ведаў, на практыцы ўсё зразумець было складана. Але калегі мне вельмі ў гэтым дапамаглі. Дзякуй цярплівым настаўнікам.

Вікторыя прадаўжае павышаць свой прафесійны ўзровень — завочна вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі.

Першы намеснік дырэктара малочнага завода Георгій Касцень расказаў пра прадпрыемства па перапрацоўцы малака, заклікаў выпускнікоў паступаць у навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, а пасля іх заканчэння — вяртацца на ра­дзіму і тым самым забяспеч­ваць харчовую бяспеку рэгіёна. На Пастаўшчыне ёсць нямала прывабных перспектыў для кар’ернага росту, будаўніцтва жылля.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.