Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Образование

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі.

Сустрэча называлася «Мой шлях памысны і высокі, бо ў родным краі гэты шлях» і адбылася па ініцыятыве нашага земляка — ураджэнца вёскі Пятрагі Ігара Капылова. Ён — кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З’яўляецца старшынёй Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі і членам арфаграфічнай секцыі Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі НАН. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў — тэорыя і практыка лексікалогіі і лексікаграфіі, мова СМІ ХХ стагоддзя, корпусная лінгвістыка, гістарычная анамастыка, праблемы анамастычнай стандартызацыі. Акрамя таго, Ігар Лявонавіч стаў аўтарам і рэдактарам першага ў гісторыі беларуска-кітайскага і кітайска-беларускага слоўніка.

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

З Ігарам Капыловым у Навасёлкі завіталі член Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар некалькіх зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў Юлія Зарэцкая, беларускі паэт і публіцыст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, аўтар многіх паэтычных зборнікаў, вядучы і аўтар тэлепраекта «Суразмоўцы» і радыёпраекта «Дыялогі пра культуру» Навум Гальпяровіч, вядомы беларускі мастак, генеральны дырэктар і галоўны рэдактар газет «Друг пенсионера» і «15 суток» Анатоль Гармаза.

У захапленні!

Найперш госці разам з дырэктарам школы Аленай Ластоўскай і намеснікам старшыні райвыканкама Станіславам Чымбургам наведаліся ў музей вышыўкі народнага майстра Ліліі Зарэцкай. На жаль, сама Лілія Радзівонаўна не змагла прыйсці, але пра творчую захопленасць і працавітасць маці цікава расказала яе дачка Таццяна Сарока, якая працуе настаўніцай у гэтай школе.

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Госці засталіся ў захапленні ад убачанага. Асабліва іх уразілі такія маштабныя палотны, як «Карта Беларусі», «Дрэва роду Лапачонак», «Гарады — пабрацімы Пастаў», «Слова беларускае — вечнае», «Карта Пастаўскага раёна» і іншыя.

— Унікальны музей, створаны залатымі рукамі Ліліі Радзівонаўны Зарэцкай, — адзначыў Ігар Капылоў. — У ім наша гістарычная памяць і духоўнасць, у ім — беларуская мова. Трэба, каб гэта ўбачыла ўся краіна.

А Навум Гальпяровіч адразу ж запрасіў Таццяну Сароку ў сваю тэлепраграму «Суразмоўцы».

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Месца сілы – у Пятрагах

Нягледзячы на адказную пасаду, актыўную дзейнасць вучонага, высокія дзяржаўныя адзнакі, Ігар Капылоў застаецца вельмі сціплым і адданым роднаму, пастаўскаму, краю чалавекам і стараецца прынесці карысць землякам.

— Мне пашчасціла аб’е­хаць паўсвету. Дзе толькі ні пабываў! У Фінляндыі, Швецыі, Ізраілі, Італіі і многіх іншых краінах. І калі ў мяне пытаюцца, дзе найлепш, адказваю, што на Пастаўшчыне, у маіх Пятрагах, — прызнаўся Ігар Лявонавіч на сустрэчы ў Навасёлках. —Тут я падсілкоўваюся энергетыкай роднай зямлі. Прыязджаю, пераапранаюся ў сялянскае адзенне і еду на веласіпедзе ў вашы Навасёлкі, каб пабачыць вяскоўцаў, паслухаць іх гаворку.

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Звяртаючыся да моладзі, Ігар Лявонавіч казаў:

— Куды б вас ні занёс лёс, дзе б вы ні апынуліся, заўсёды памятайце сваю родную зямлю, вёску, настаўнікаў, шануйце бацькоў, традыцыі, мову, культуру. І будзеце шчаслівымі людзьмі.

Аўтар з… падручніка

Хто ў краіне не ведае Навума Гальпяровіча? Чуюць яго па радыё, бачаць на тэлеэкране і навасёлкаўцы. Людзі старэйшага пакалення маглі і сустра­каць, бо шмат гадоў назад Навум Якаўлевіч працаваў уласным карэспандэнтам Беларускага радыё, ездзіў па ўсёй Беларусі, наведваўся і ў калгас імя Суворава (зараз — ААТ «Навасёлкі-Лучай»).

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

А вось для чацвёртакласнікаў Навасёлкаўскай сярэдняй школы знаёмства з Навумам Гальпяровічам стала падзеяй. Яны ўбачылі ў сваім класе аўтара твора «Бацька гарадоў Беларусі», урывак з якога вывучаюць. Навуму Якаўлевічу было цікава пагутарыць са школьнікамі, задаць ім пытанні.

Дарэчы, і назва сустрэчы — гэта радок з верша госця. А цалкам ён гучыць так:

Плывуць вячыстыя аблокі,
Дыміцца свежая ралля.
Мой шлях памысны і высокі,
Бо ў родным краі гэты шлях.
Не, ён за іншыя не лепшы,
Ды з гэтай сціплаю зямлёй
Я парадніўся жытнім хлебам,
Слязамі, потам і крывёй.
Бо знаю: толькі гэтак можна
Свой лёс з народам падзяліць,
Каб на яго спрадвечнай мове
З зямлёй і небам гаварыць.

Аўтар прадэкламаваў і яшчэ некалькі сваіх вершаў, падкупіў аўдыторыю шчырасцю.

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Пра сур’ёзнае – з гумарам

Юлія Зарэцкая — таксама наша зямлячка. Яна нарадзілася і вырасла ў Дунілавічах, яе бацькі працавалі настаўнікамі ў мясцовай школе. Часта прыязджае да іх з Мінска. Юлія больш за 20 гадоў адпрацавала ў часопісе «Вожык», з іх 10 — рэдактарам. Зараз працуе ў рэдакцыі газеты «Друг пенсионера».

— Вельмі рада ў чарговы раз быць на сваёй радзіме, — гаварыла Юлія Францаўна. — Узгадваюцца дзяцінства і юнацтва, знаёмыя людзі. Усе мы тут вясковыя. А вёска дае больш дабрыні, чалавечнасці, глыбейшае разуменне свету.

Што да гумару, то аўтар некалькіх гумарыстычных кніг прачытала прысутным дзве свае замалёўкі і тым самым развесяліла ўсіх.

Па-беларуску шчыра і цёпла прайшла ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе імя А. А. Валодзькі сустрэча са знакамітымі ў краіне людзьмі

Прасякнутымі гумарам былі і словы Анатоля Гармазы. Што не дзіўна: ён шмат гадоў з’яўляўся галоўным мастаком часопіса «Вожык». Анатоль Іванавіч — вядомы беларускі мастак, удзельнік шматлікіх рэспубліканскаіх і замежных выстаў. Малюе не толькі карыкатуры і шаржы, але і пейзажы, прыдумвае афарызмы. Казаў, што прыгажэйшых мясцін, чым у Беларусі, не бачыў ні ў адной іншай краіне, дзе давялося пабываць. Заклікаў мо­ладзь старанна вучыцца не толькі ў школе, але і ў дарослым жыцці, любіць сваю Радзіму і прыносіць ёй карысць.

Завяршылася сустрэча прэзентацыяй Інстытута мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якую правёў Ігар Капылоў, і абменам сувенірамі. Госці падарылі гаспадарам кнігі, а гаспадары ўручылі ім на памяць вырабы з гліны народнага майстра Сяргея Шчэрбы. Не сумняваюся, што мерапрыемства, якое праходзіла на спрадвечнай мове любові да Ра­дзімы і патрыятызму, надоўга запомніцца ўсім запрошаным на яго, натхніць на далейшую творчасць. Асабіста я атрымала найвялікшае задавальненне ад стасункаў з такімі захопленымі, таленавітымі, адданымі сваёй справе і Радзіме і такімі сціплымі людзьмі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.