У сувязі з вялікай запатрабаванасцю ў Беларусі прадстаўнікоў некаторых прафесій тры гады назад Міністэрства адукацыі прыняло пастанову аб стварэнні ў сярэдніх школах і гімназіях рэспублікі профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці. Так у пастаўскай СШ №2 імя Н. М. Асяненкі з’явілася інжынерная група, якая з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай у навучэнцаў і іх бацькоў.
Калі ў першым наборы групы было 9 чалавек, 6 з якіх паступілі ў розныя ВНУ на інжынерныя спецыяльнасці, то зараз у 10 класе ў ёй займаюцца 11 хлопцаў і дзяўчат, у 11-м — 14. Па словах намесніка дырэктара школы па вучэбнай рабоце Ганны Дрозд, вельмі шмат ахвотных трапіць у інжынерную групу сярод цяперашніх 9-класнікаў. Да таго ж у яе прыходзяць пасля атрымання базавай адукацыі навучэнцы іншых школ горада. Таму налета чакаецца вялікі конкурс.
— Каб паступіць, трэба добра ведаць матэматыку і фізіку, — працягвала Ганна Іосіфаўна. — Па гэтых прадметах неабходна мець не менш за 7 балаў. Такім жа павінен быць сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі. Хачу заўважыць, што ў нашых вучняў па профільных прадметах 8-9 балаў.
Адкрываючы інжынерную групу, другая гарадская мела добры «фундамент», на які абапіралася: на працягу некалькіх гадоў тут існавалі профільныя класы з вывучэннем матэматыкі і фізікі на павышаным узроўні. Таму кіраўніцтва навучальнай установы заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам. Ён прапанаваў праграму работы. У адпаведнасці з ёй арганізавалі факультатыў «У свеце тэхнікі і тэхналогій. Выбіраем інжынерную прафесію», які вядзе настаўніца фізікі Таццяна Пракаповіч.
— У праграме ў нас 4 гадзіны на тыдзень фізікі, 6 гадзін матэматыкі і 2 — факультатыву, — расказвала Таццяна Іванаўна. — У цэлым праграма не адрозніваецца ад звычайнай, але мы больш часу ўдзяляем рашэнню задач, прычым павышанай складанасці. Акрамя мяне, з інжынернай групай працуе Алена Юр’еўна Трубач. Дзякуючы ёй у вучняў вельмі добрая падрыхтоўка па матэматыцы. На факультатывах знаёмімся з рознымі інжынернымі прафесіямі, наведваем прадпрыемствы горада, ездзім у БНТУ. Універсітэт нам вельмі дапамагае: распрацоўвае дарожную карту на кожны год, запрашае да сябе.
У мінулым навучальным годзе старшакласнікі былі там на практычных занятках: з імі праводзілі лабараторныя работы. У гэтым ужо пабывалі на дні адчыненых дзвярэй: наведалі розныя факультэты, пазнаёміліся з выкладчыкамі, убачылі, чаму і як вучаць у ВНУ. А ў канцы лістапада 2025 года іх запрасілі на І Абласны форум профільных 10—11 класаў (груп) інжынернай накіраванасці, які праходзіў на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У яго рамках была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі прадпрыемстваў Віцебшчыны, зацікаўленымі ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў. Рэктар ПДУ расказаў школьнікам пра асаблівасці ўступнай кампаніі 2026 года для выпускнікоў класаў інжынернай накіраванасці, а прадстаўнікі адпаведных факультэтаў правялі з імі майстар-класы па радыёэлектроніцы і матэматыцы.
Навучэнцы інжынернай групы рэгулярна ездзяць на адукацыйныя змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, добра паказваюць сябе на розных прадметных алімпіядах і ў конкурсах работ даследчага характару. Так, нядаўна Антон Шкода атрымаў дыплом ІІІ ступені на абласной «Эўрыцы». Гучна заяўляюць пра сябе і 9-класнікі, якія збіраюцца паступаць у гэту групу. У лістападзе яны прымалі ўдзел у рэспубліканскім фізіка-матэматычным фестывалі. І на яго заключным этапе зборная каманда з вучняў розных школ краіны, у склад якой уваходзіў Міхаіл Казлоўскі, атрымала дыплом І ступені. Трэба таксама адзначыць, што тэма работы каманды была прапанавана школьнікамі СШ №2 імя Н. М. Асяненкі.
Алена Шапавалава

