Магазин №36 «Молодежный» в Андронах признан лучшим среди предприятий потребобщества

Общество

І прадавец, і сябар, і памочнік

Тыдзень назад у раённым Доме культуры былі падведзены вынікі работы за мінулы год. Сярод прадпрыемстваў спажывецкага таварыства найлепшым названы магазін №36 «Маладзёжны» ў Андронах. За 2021 год рознічны тавараабарот там склаў 239,1 тысячы рублёў. Хто і як забяспечвае гэты паказчык? Па адказ на пытанне накіравалася непасрэдна ў магазін.

За прылаўкам мяне сустрэла маладая «гаспадыня» гандлё­вага аб’екта — загадчыца Галіна Оррэ. Тут яна шчыруе амаль тры гады. Хаця першапачаткова планаў працаваць у Андронах не было — усё змяніў выпадак.

— Я з напарніцай працавала ў магазіне ў Вярэньках. Сюды мяне папрасілі выйсці на 10 дзён — замяніць ранейшага прадаўца на час бальнічнага. У выніку гэтыя 10 дзён цягнуцца і па сёння, — усміхалася Галіна Оррэ. — А калі сур’ёзна, то «сваёй» тут стала хутка: вяскоўцы адкрытыя, простыя ў зносінах. Мне з імі працуецца лёгка.

Галіна жыве ў Паставах. На работу ў Андроны (за 15 кіламетраў ад райцэнтра) кожны дзень пад’язджае на транспарце Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, які развозіць па сельскіх магазінах і іншых прадаўцоў.

Вёска нават за гэты непрацяглы час стала для пастаўчанкі роднай: тут яна ведае кожнага мясцовага пакупніка. На жаль, іх становіцца менш. На гэта паўплывала і пандэмія (пажылыя людзі сталі апасацца хадзіць у грамадскія месцы), і той факт, што нядаўна ў Андронах закрыліся школа і садок. Тым не менш работы загадчыцы хапае.

— Магазін знаходзіцца ля самай дарогі, заходзяць не толькі мясцовыя. Асабліва шмат пакупнікоў летам, — расказвала Галіна. — Стараюся, каб неабходны асартымент быў. Кожны тыдзень падвозяцца прадукты, некаторыя тавары паўсядзённага ўжытку: мыла, пральны парашок і іншыя. Амаль уся прадукцыя наша, беларуская. На яе попыт ёсць заўсёды.

Але хіба толькі па пакупкі прыходзяць у магазін вяскоўцы? Ён жа яшчэ і месца сустрэчы, дзе можна падзяліцца навінамі ці абмеркаваць падзеі.

— А куды сёння выйдзеш у вёсцы? Клуб, магазін і бібліятэка — выбар невялікі, — заўважыла пастаянная наведвальніца магазіна бібліятэкар Алена Дарожка. — Бывае, да мяне зойдуцца па кнігі, а тады да Галіны ідуць. Яна маладая, энергічная, прыветная — нібыта і не бывае ў яе ніколі праблем ці дрэннага настрою. Заўжды і размову падтрымае, і параду дасць. І дапаможа, калі ёсць такая патрэба, тыя ж тавары пад заказ з горада прывязе. Дзякуй ёй за добразычлівасць, усмешлівасць — да такога прадаўца заўжды хочацца вяртацца.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.