«На нем держится предприятие». Сборщик изделий ОАО «Поставымебель» Юрий Дудченко

Общество

Добрасумленны і адказны

Зборшчык вырабаў ААТ «Паставымэбля» Юрый Дудчанка з ліку тых работнікаў, пра каго кажуць: «На ім трымаецца прадпрыемства».

На завод Юрый Анатольевіч прыйшоў 12 гадоў назад, маючы за плячыма немалы жыццёвы і працоўны вопыт. Атрымаўшы радыётэхнічную адукацыю, ён 10 гадоў адпрацаваў майстрам на «Беліце», затым 2 гады там жа — інжынерам-тэхнолагам. У сярэдзіне 90-х адным з першых на Пастаўшчыне заняўся прадпрымальніцтвам: адкрыў некалькі ўласных гандлёвых кропак. Але вытрымаць канкурэнцыю з іншымі прыватнымі магазінамі, якія пачалі расці як грыбы пасля дажджу, аказалася няпроста. І праз некаторы час мужчына вырашыў уладкавацца на завод «Паставымэбля», які паспяхова развіваўся і якому больш чым паўтара дзесяцігоддзя аддаў яго бацька — Анатолій Дудчанка.

Зборшчык вырабаў ААТ «Паставымэбля» Юрый Дудчанка на сваім рабочым месцы

Пра тое, што выбраў дзярж­прадпрыемства, Юрый Анатольевіч ні кроплі не шкадуе.

— Тут дружны калектыў, нямала моладзі, якой мы, вопытныя работнікі, стараемся нешта падказаць, дапамагчы, — гаварыў ён пры сустрэчы. — Завод працуе стабільна, у нас добрая зарплата і шмат заказаў. Яны паступаюць з усіх куткоў Беларусі, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа. Таму нават цяпер, у перыяд пандэміі, не сядзім склаўшы рукі.

Па словах суразмоўцы, яго работа цікавая і не такая простая, як можа падацца на першы погляд. Прадпрыемства пастаянна распрацоўвае новыя віды мэблі, над зборкай якой часам даводзіцца паламаць галаву. І менавіта самыя складаныя вырабы давяраюць збіраць Юрыю Дудчанку, бо ведаюць: ён выдатна справіцца.

— Чалавек на сваім месцы, — характарызаваў падначаленага майстар цэха Дзмітрый Казлоў. — Прафесіянал, добрасумленны, адказны. Разам з ім можна вырашыць любое пытанне, якое ўзнікае ў працэсе работы. У прыватнасці, як лепш упакаваць той ці іншы выраб, каб яго было зручней разгрузіць і сабраць на аб’екце, куды самі ж выязджаем, выконваючы поўны цыкл устаноўкі мэблі. А адправіўшы Анатольевіча ў камандзіроўку, можна быць упэўненым, што ўсё будзе зроблена ў тэрмін і без заўваг. Нездарма менавіта яго часта назначаем старэйшым на аб’екце.

Сваіх лепшых работнікаў кіраўніцтва «Паставымэблі» імкнецца ўсяляк падтрымліваць і адзначаць, у тым ліку матэрыяльна. Не раз атрымліваў грашовую прэмію і Юрый Дудчанка. А сёлета ў складзе дэлегацыі завода ён прысутнічаў на ўрачыстым сходзе па падвядзенні вынікаў работы ў раёне за мінулы год.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.