На прошлой неделе сцена Юньковского СДК стала съемочной площадкой для передачи «Наперад у мінулае»

Важное Культура

Аўтэнтычныя песні для «Наперад у мінулае»

На мінулым тыдні сцэна Юнькаўскага сельскага Дома культуры стала здымачнай пляцоўкай для перадачы «Наперад у мінулае».

Гэта праграма выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3» і прысвечана захаванню спрадвечнай песеннай культуры Беларусі. Кожны яе выпуск — справаздача пра экспедыцыі ў глыбінку, дзе яшчэ жыве беларуская фальклорная спадчына. Да таго ж адну з песень, толькі ў сучаснай аранжыроўцы, бярэ ў свой рэпертуар хтосьці з беларускіх артыстаў. Так народная творчасць набывае другое дыханне і новае жыццё.

Убачыць здымкі тэлеперадачы пажадала і я. Цікава было паназіраць, як выстаўляецца святло, рэгулюецца гук, працуюць камеры, як дамаўляюцца паміж сабой рэжысёр і аператары, сустрэцца з тэлевядучай Аксанай Вечар.

Вядучая Аксана Вечар з Ірынай Васкрасенскай, Ганнай Сарокай, Галінай Гродзь і Галінай Якубовіч, якія стаялі ля вытокаў стварэння народнага жаночага клуба «Юнчанка»

У здымках перадачы ўдзельнічалі народны гурт аўтэнтычнай песні з Андрон, народны жаночы клуб «Юнчанка» і прадстаўнікі маладзёжных фальклорных груп з Гуты, Варапаева, Дунілавіч, якія паказалі народную гульню «Яшчар».

— Час ідзе, адыходзяць у вечнасць носьбіты аўтэнтычных звычаяў, абрадаў, — гаварыла дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. — У гурце з Андрон засталіся толькі тры найстарэйшыя спявачкі: Ганна Бароўка, Жанна Мацкевіч і Лідзія Шчасная. Але страціць такую самабытную народную спадчыну недаравальна. Таму ў склад гурта ўключылі маладзейшых. Яны імкнуцца пераняць манеру выканання песень, укараніць іх у мастацкую творчасць.

На сцэне — удзельнікі народнага гурта аўтэнтычнай песні з Андрон

— Мэта нашай тэлепраграмы — адшукваць і занатоўваць у часе ацалелыя культурныя здабыткі, — расказвала Аксана Вечар. — Сёлета «Наперад у мінулае» адзначыла дзесяцігадовы юбілей з дня выхаду першай тэлеперадачы. За гэты час мы аб’ехалі ўсе раёны Беларусі. У вашым — трэці раз. Першы раз здымалі ў Гуце народную гульню моладзі «Яшчар», другі — у Дунілавічах — талаку «Падушкі для сына і дачушкі». Сёння — фальклорная экспедыцыя ў Юньках. Удзельнікі гурта аўтэнтычнай песні і клуба «Юнчанка» прадэманстравалі свой прыродны талент і каларыт, аўтэнтыку бытавання абраду з задзейнічаннем у ім моладзі. Пастаўшчына — сапраўдная песенная спадчына. Песню «Вол бушуе» ў выкананні Таццяны Карпавай і Алёны Амбарцумян чула ўпершыню.

У глыбінцы дакранаешся да сапраўднага, істотнага і грунтоўнага. Мне заўсёды прыемна бачыць вочы вясковых людзей. Яны вельмі ўдзячныя, што мы прыязджаем, удзяляем ім увагу. А тое, што вяскоўцы ў нашым складаным жыцці спяваюць і атрымліваюць ад гэтага асалоду, — сапраўдны цуд.

Падчас здымкаў перадачы ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры прагучала 9 народных песень. Слухаць галасістых самадзейных артыстаў — задавальненне. Дарэчы, як і назіраць за зладжанай работай здымачнай групы. Рэжысёр Анатоль Вечар заўважаў, здаецца, любую дробязь, якая магла б сапсаваць або, наадварот, упрыго­жыць кадр. Ён і аператары разумелі адно аднаго з паўслова. Здымкі суправаджалі падбадзёрваннем, трапным гумарам.

Якая песня будзе выбрана для аранжыроўкі на сучасны лад і хто з беларускіх артыстаў выканае абноўленую кампазіцыю, пакуль невядома. Усё можна будзе ўбачыць на тэлеканале «Беларусь 3» 10 красавіка. Запрашаем жыхароў раёна далучыцца да невычэрпнай крыніцы народнай спадчыны Пастаўшчыны.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.