На торжественном собрании в районном Доме культуры подвели итоги работы за прошлый год

Главное Общество

Аб’яднаныя працавітасцю

У пятніцу ў раённым Доме культуры прайшоў урачысты сход, на якім падвялі вынікі работы за мінулы год.

На яго сабраліся прафесіяналы ўсіх сфер дзейнасці раёна, якія заслугоўваюць самай высокай пахвалы і права называцца найлепшымі работнікамі Пастаўшчыны. У фае святочную атмасферу стваралі ўдзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Паазер’е». На мерапрыемства былі запрошаны ветэраны працы. Яны шчыра віталі адно аднаго, успаміналі гады маладосці, цікавіліся сённяшнім жыццём.

Сход пачаўся з унясення ў залу Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь, флагаў Віцебскай вобласці і раёна. Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

— Я рады вітаць сёння тых, хто сабраўся на наша свята, — гаварыў кіраўнік раёна. — Усе вы прыклалі нямала намаганняў да паляпшэння дабрабыту і павышэння якасці жыцця: вырошчвалі хлеб, будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі населеныя пункты, паслядоўна працавалі над зніжэннем затрат у вытворчасці, эфектыўна выкарыстоўвалі рэсурсы, укаранялі сучасныя тэхналогіі. У той жа час магу з упэўненасцю сказаць, што гэта зала не ўмясціла б усіх, хто сваёй шчырай працай служыць прыкладам для іншых і з’яўляецца гонарам не толькі свайго калектыву, але і ўсяго раёна.

Старшыня райвыканкама спыніўся на канкрэтных лічбах, якіх раён дасягнуў у жывёлагадоўлі, раслінаводстве, прамысловасці, адукацыі, медыцыне, гандлі. Ён выказаў шчырыя словы падзякі за плённую працу аграрыям, работнікам перапрацоўчых прадпрыемстваў, сацыяльна-культурнай сферы, адзначыўшы, што за кожным поспехам стаіць канкрэтны чалавек.

Год адышоў у гісторыю, аднак у памяці людзей засталіся яго яркія падзеі і дасягненні. У летапісе добрых спраў з’явілася чарговая старонка з імёнамі людзей, якія ў 2021 годзе сталі ўзорам працавітасці, эталонам гаспадарчасці і дабіліся найлепшых вынікаў у сваёй сферы дзейнасці. Фотаздымкі дзясяткаў з іх будуць занесены на раённую Дошку гонару. Звання лаўрэата абласной прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2021» удастоены намеснік дырэктара малочнага завода Георгій Касцень і страхавы агент прадстаўніцтва Белдзяржстарху па Пастаўскім раёне Алег Дашкевіч. 15 чалавекам прысуджана званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

У кожнай галіне вызначаны найлепшыя арганізацыі, на якія абавязаны раўняцца іншыя. Па заслужаныя ўзнагароды на сцэну падымаліся тыя, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у развіццё Пастаўшчыны. Сяргей Чэпік уручыў пераходныя сцягі і вымпелы кіраўнікам калектываў, якія па выніках спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна дасягнулі найвышэйшых вынікаў.

Завяршылася мерапрыемства вялікім святочным канцэртам, у якім прынялі ўдзел як юныя таленты Пастаўшчыны, так і добра вядомыя творчыя калектывы. Высокія ўзнагароды, увага з боку кіраўніцтва раёна стануць стымулам для дасягнення новых працоўных вышынь.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.