Пробашч дунілавіцкай парафіі Павел Самсонаў расказаў, як правільна перажыць сакрамант споведзі

Важное Духовность

Сустрэча з міласэрным Богам – так можна сказаць пра сакрамант споведзі

Згодна з Кодэксам кананічнага права каталіцкага Касцёла, чалавек павінен спавядацца і прыступаць да святой Камуніі не менш чым раз на год. Абавязковы гэты сакрамант у велікодны перыяд і з’яўляецца своеасаблівым мінімумам для католіка. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася ў ксяндза-дэкана, пробашча дунілавіцкай парафіі Паўла Самсонава, як правільна перажыць сакрамант споведзі.

— Ксёндз Павел, растлумачце, навошта спавядацца.

— У споведзі Бог прабачае нам грахі. А грэх — тое, што разрывае сувязь чалавека з Богам. Гэта словы, думкі або ўчынкі, якімі мы парушаем Божыя запаведзі. Ніякі іншы сакрамант нельга прыняць, калі на душы ёсць грэх. Паяднанне з Богам аднаўляе грэшнікам Божую ласку, зноў яднае іх з Ім, умацоўвае ў веры не толькі тых, хто спавядаецца, але і ўсю параненую грахом братэрскую супольнасць, увесь Касцёл. Таксама споведзь дапамагае нам паяднацца з самім сабой — прыняць сябе такімі, якія мы ёсць, прабачыць сабе. І самае галоўнае — сакрамант споведзі пазбаўляе нас Божага суда, які для грэшніка азначаў бы выключэнне з Божага Валадарства.

Каб пакаянне было шчырым і прынесла плён, нельга прыступаць да споведзі наспех. У гэты дзень, а можа, і напярэдадні трэба больш маліцца, і перш за ўсё — да Духа Праўды, каб менавіта Ён прысутнічаў падчас рахунку сумлення і пакаяння. Тым, хто ні разу не спавядаўся, трэба спачатку прайсці належную падрыхтоўку ў святара.

— Многія вернікі спавядаюцца выключна перад нейкай падзеяй у асабістым ці сямейным жыцці, падчас рэкалекцый ці перад парафіяльнымі ўрачыстасцямі. Гэта правільна?

— Памылковым было б звесці споведзь да фармальнасці і лічыць яе абавязкам, які вернік павінен выканаць, скажам, з нагоды пасхальных свят. Мэтай і вынікам спове­дзі з’яўляецца паяднанне чалавека з Богам і супольнасцю, а таксама аднаўленне праўдзівага вобразу Бога ў сабе. Папа Рымскі Францішак пастаянна пераконвае, што «Бог не стамляецца дараваць. Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння». Святы Айцец сказаў: «Споведзь часта бывае руціннай фармальнасцю. А дзе сустрэча з Панам, Які яднае?» Як часта трэба спавядацца, вырашае сам чалавек, і гэта залежыць ад таго, наколькі ён дбае пра сваю душу.

— А ці можна прымушаць, напрыклад, дзяцей-падлеткаў да сакраманту споведзі? 

— Споведзь павінна быць свядомай і добраахвотнай. Вызнанне грахоў — гэта працэс навяртання. Чалавек, які ідзе да споведзі, павінен хацець выправіцца, зразумець, што сакрамант паяднання — гэта не пакаранне, а ласка, сустрэча з Богам, Які яго чакае, бо любіць. Трэба памятаць пра ўсе ўмовы сакраманту пакаяння і паяднання. А гэта рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдая пастанова выправіцца, шчырая споведзь, кампенсацыя за грахі Богу і бліжняму. Хрыстос даў сваім вернікам споведзь як аздараўленне на шляху да збаўлення. Падыхо­дзячы да канфесіянала, трэба ўспомніць усе грахі, якія мы ўчынілі ад апошняй споведзі. І дапамогуць у гэтым дзесяць Божых запаведзяў і пяць касцельных.

— Спавядацца трэба ў аднаго і таго ж ксяндза ці можна пайсці да іншага?

— Споведзь ў аднаго святара карысная тым, што ён вядзе чалавека ў духоўным жыцці на працягу многіх гадоў. Аднак можна спавядацца і ў іншых, для гэтага ў касцёле ёсць цудоўная традыцыя — рэкалекцыі. Скарыстайцеся імі: знайдзіце час і паслухайце казанне рэкалекцыяніста, паразважайце над сваім жыццём і праз сакрамант споведзі ачысціце яго ад бруду. Сустрэньце Вялік­дзень са светлай душой.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.