Работники РОЧС проверили соблюдение правил пожарной безопасности на стройплощадке по ул. Зеленой

Безопасность

Нагадаў пра меры бяспекі

На мінулым тыдні работнікі РАНС наведалі будаўнічую пляцоўку па вуліцы Зялёнай у Паставах, дзе ўзводзіцца новы шматкватэрны жылы дом. Мэтай іх візіту было праверыць, як выконваюцца на аб’екце правілы пажарнай бяспекі.

На кожнай будпляцоўцы заўсёды маюцца падсобныя памяшканні будаўнікоў. Як правіла, гэта вагоны-бытоўкі, дзе знаходзіцца дакументацыя на аб’ект, адпачываюць і пераапранаюцца рабочыя. У халодны сезон бытоўкі ацяпляюцца з дапамогай розных прыбораў, якія могуць стаць прычынай узнікнення пажараў. Таму падчас спецыяльных рэйдаў ратаўнікі звяртаюць асаблівую ўвагу на спраўнасць ацяплення ў вагончыках, наяўнасць і спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і пярвічных сродкаў пажаратушэння, выкананне рабочымі і кіраўніцтвам арганізацый супрацьпажарнага рэжыму на ўсёй тэрыторыі аб’екта.

Аляксандр Іршонак інструктуе рабочых КБУП «Рассвет Пастаўскі»

Новы шматкватэрны жылы дом у мікрараёне 6 гарадка ўзводзіць КБУП «Рассвет Пастаўскі». Яно займаецца будаўніцтвам амаль усіх аб’ектаў у горадзе і раёне і добра ведае патрабаванні правяраючых, у тым ліку па правілах пажарнай бяспекі. Зыходзячы з іх, самаробныя ацяпляльныя прыборы ў бытоўках паступова замяніла на прыборы заводскай вытворчасці, электрычныя выкарыстоўвае ў адпаведнасці з тэхнічнай дакументацыяй, выконвае і рэжымныя мерапрыемствы. Тым не менш падчас першага візіту на будпляцоўку ў адным з вагончыкаў РАНСаў­цыі не ўбачылі АПА і вогнетушыцеля, указаўшы на гэта ў вынесеным для выканання прадпісанні. Кіраўніцтва арганізацыі адрэагавала на яго. І на гэты раз бытоўка была ўкамплектавана ўсім неабходным.

Нягледзячы на тое, што прэтэнзій да будаўнікоў цяпер не было, старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі РАНС Аляксандр Іршонак усё ж правёў інструктаж для «рассветаўцаў». Сваё выступленне ён пачаў з сёлетняй статыстыкі пажараў на Віцебшчыне і Пастаўшчыне, назваўшы іх асноўныя прычыны і прывёўшы прыклады здарэнняў у нашым раёне. Нагадаў тэлефоны службы выратавання і заклікаў строга выконваць правілы пажарнай бяспекі. Таксама парэкамендаваў прысутным устанавіць у сябе дома АПА, які ў выпадку пажару можа выратаваць жыццё, не пакі­даць без нагляду ўключаныя ў разетку зарадныя ўстройствы, мікрахвалевыя печы і іншую бытавую тэхніку, рэгулярна рамантаваць печы і чысціць дымаходы.

Што да будпляцоўкі, то на яе тэрыторыі нельга кідаць акуркі на зямлю, каб не загарэлася сухая мінулагодняя расліннасць, разводзіць вогнішчы і спаль­ваць смецце. У вагончыку сушыць адзенне можна на бяспечнай ад печы адлегласці, а выкарыстоўваць электрычныя абагравальнікі трэба ў адпаведнасці з інструкцыяй па эксплуатацыі. У канцы гутаркі Аляксандр Іршонак расказаў, як дзейнічаць у выпадку ўзнікнення пажару, і раздаў слухачам памяткі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.