Торты, кофе, цветы от райкома профсоюза работников АПК получили накануне 8 Марта женщины-животноводы

Общество

Тарты, каву, кветкі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі напярэдадні 8 Сакавіка жанчыны-жывёлаводы.

З падарункамі, віншаваннямі на жывёлагадоўчыя фермы гаспадарак, якія дабіваюцца найлепшых вынікаў у рабоце, завіталі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васілій Катовіч і першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуард Януковіч.

— У раёне каля 50 жывёлагадоўчых ферм, — гаварыў Эдуард Януковіч. — Надоі малака і сярэднясутачныя прывагі БРЖ на кожнай розныя. Вядома ж, на рабатызаваных, з сучаснымі ўмовамі ўтрымання жывёлы, дабівацца высокіх паказчыкаў лягчэй. На большасці звычайных ферм, дзе хоць і значна меншая колькасць кароў, працаваць нялёгка. Немалаважную ролю адыгрываюць кармы. Там, дзе іх хапае і яны якасныя, і вынікі радуюць. Многае залежыць ад старання людзей. Мы імкнёмся адзначаць руплівых, сумленных. Вось і перад 8 Сакавіка аб’язджаем жывёлагадоўчыя аб’екты, сустракаемся з аператарамі машыннага даення, даглядчыкамі цялят, віншуем з надыходзячым святам.

Жаночы калектыў малочнатаварнага комплексу ААТ «Кураполле-агра»

— Людзі працы пастаянна ў цэнтры ўвагі прафсаюзаў, — прадоўжыў Васілій Катовіч. — У жывёлагадоўчай галіне задзейнічана шмат жанчын. Таму і завіталі да іх, каб падсаладзіць свята.

На ферме ў Ярэве ў пакоі адпачынку былі загадчыца фермы Анжэла Шырко і аператары машыннага даення Ірына Раманоўская, Любоў Андрэйкавец. Жанчыны рыхтаваліся да вячэрняй дойкі. Гасцям з раёна абрадаваліся. Дзякавалі за ўвагу і падарункі.

На малочнатаварным комплексе ў Кураполлі ААТ «Кураполле-агра» працуе 12 аператараў машыннага даення і 2 даглядчыцы цялят. Па выніках работы за мінулы год калектыву прысуджана 2-е месца па вытворчасці малака сярод жывёлагадоўчых ферм раёна. Летась тут атрымана 2 634 тоны малака, сярэдні надой ад каровы склаў 4 711 кілаграмаў, або 108,6% да ўзроўню 2020 года.

Аператары машыннага даення фермы «Ярэва» Ірына Раманоўская і Любоў Адрэйкавец з загадчыцай Анжэлай Шырко

Калі сюды прыехалі прадстаўнікі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, перад вячэрняй дойкай статак аглядалі ветурач Жанна Радулевіч і асемянатар Іна Вешчанікіна. Гатовы былі прыступіць да работы і аператары. Віншаванні прымалі ў пакоі адпачынку.

— У гэтыя дні сярэднясутачны надой ад каровы ў нас складае 10,5 кілаграма, — расказвала загадчыца фермы Марына Палітыка. — Ідуць ацёлы, і ў найбліжэйшы час малака павінна дабавіцца. А найбольшыя надоі (16 кілаграмаў ад каровы) — у групах раздою, якія даглядаюць Святлана Гурзан і Данута Руткоўская.

Шмат гадоў у жывёлагадоўлі Вера Собаль, Рэната Махрэцкая, Рэната Ляўша, Вольга Жахоўская. Свой вопыт яны перадаюць маладзейшым, сярод іх Таццяна Драганава. Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай Марыі Лісіцынай, Яніны Лукшы, Наталлі Нямірскай, якія 3 гады назад прыйшлі на комплекс у Кураполлі з Казян.

Атрымаўшы падарункі, жанчыны паспяшаліся да сваіх буронак і толькі пасля дойкі сабраліся, каб пачаставацца прысмакамі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.