У католікаў пачынаецца Вялікі пост. Інтэрв’ю з пробашчам дунілавіцкага касцёла ксяндзом-дэканам Паўлам Самсонавым

Духовность

Спрыяльны час для пакаяння

Сёння ў католікаў Папяльцовая серада, з якой пачынаецца Вялікі пост. У чым яго сутнасць, як годна падрыхтавацца да Уваскрэсення Езуса Хрыста? Пра гэта і іншае карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч спытала ў пробашча дунілавіцкага касцёла ксяндза-дэкана Паўла Самсонава.

Ксёндз-дэкан Павел Самсонаў

— Ксёндз Павел, сёння падчас святой Імшы святар пасыпае галовы вернікаў попелам. З чым гэта звязана?

— Попел атрыманы са спаленых галінак вербаў, асвечаных у мінулагоднюю Пальмовую ня­дзелю. Святар яго благаслаўляе і ім пасыпае галовы вернікаў са словамі: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся». Схіляючы галаву для пасыпання, мы прызнаём сваю недасканаласць, хочам змя­ніць жыццё, звярнуцца да Бога і абнавіць адносіны з Ім і сваімі блізкімі. Такім чынам вернікі адначасова пагаджаюцца з тым, што крыж і смерць для хрысціян з’яўляюцца не заканчэннем, а пачаткам вечнага жыцця з Богам.

— Чаму Вялікі пост доўжыцца 40 дзён?

— 40 — сімвалічная лічба: згодна з Бібліяй, спачатку 40 дзён ішоў дождж, потым 40 дзён доўжыўся патоп, 40 гадоў ізраільцяне вандравалі па пустыні, столькі ж Майсей знаходзіўся на гары Сінай і многае іншае. Нарэшце, сам Хрыстос, перад тым як пачаць публічную пропаведзь, 40 дзён знаходзіўся ў пустыні, дзе Яго спакушаў д’ябал.

— Але, калі палічыць усе дні ад Папяльцовай серады да самага Вялікадня, іх будзе 46.

— Атрымліваецца так таму, што ў перыяд пакаяння і ачышчэння не ўваходзяць нядзелі, якія для хрысціян заўсёды з’яўляюцца днямі Хрыстовай Перамогі над грахом і смерцю.

— Многія лічаць, што пост — гэта ўстрыманне ад мясных страў, алкаголю, забаў.

— Гэты час дадзены Богам для нашага асабістага навяртання, каб у святле Духа Святога з пазіцыі Евангелля перагледзець сваё жыццё, прыярытэты. Кожны сам робіць для сябе пастанову, ад чаго адмовіцца, у чым сябе абмежаваць. Пасціцца трэба найперш не целам, а душой. Напрыклад, ахінуць увагай і клопатам бліжніх, задумацца над сваімі ўчынкамі, папрасіць прабачэння ў пакрыўджаных, імкнуцца выправіць сваю віну. Важнымі складнікамі гэтага перыяду ў жыцці хрысціяніна павінны стаць малітва, пост і міласціна, калі чалавек не столькі думае пра сябе, колькі адмаўляецца ад чагосьці на карысць іншых і шукае дыялог з Богам, каб сапраўды змяніць да лепшага сябе і сваё духоўнае жыццё. Раю больш маліцца. Можна пастанавіць штодня чытаць невялікі ўрывак з Бібліі і разважаць над ім.

— А ўстрыманне ад мяса?

— Яно абавязковае не толькі ва ўсе пятніцы Вялікага посту, але і на працягу ўсяго каляндарнага года, калі на іх не прыпадае літургічная ўрачыстасць. Пасціцца абавязаны вернікі, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, не абавязаны — людзі старэйшыя за 60 гадоў. У Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу абавязковы сціслы пост (дапускаецца адзін раз паесці дасыта, не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары). Мы шмат думаем пра страўнік і зусім мала — пра сэрца і душу. Бог вучыць нас не пра мяса забыць, а ўспомніць пра ежу духоўную. Варта сканцэнтраваць увагу на прыняцці Божага слова.

— Раскажыце, калі ласка, пра касцельныя традыцыі ў гэты перыяд.

— Знешнімі праявамі з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення святароў, адсутнасць у святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу…», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай ня­дзелі Вялікага посту — захінутыя фіялетавай тканінай крыжы.

У пятніцу, дзень пакуты Хрыста, адбываецца набажэнства Крыжовай дарогі. Вернікі разам абыходзяць усе чатырнаццаць стацый, якія прайшоў Езус, несучы крыж на Галгофу, падаючы пад яго цяжарам і паміраючы на ім. Падчас гэтага шляху Хрыстос сустракаў розных людзей: добрых, якія хацелі Яму дапамагчы, і тых, хто рабіў яго дарогу больш цярністай. Калі мы прымаем удзел у набажэнстве Крыжовага шляху, то стараемся дапамагчы Езусу несці крыж. У нядзелю спяваюцца «Песні жальбы». Падчас іх таксама разважаем над пакутамі Езуса, цярпеннем Марыі, якая была разам з сынам на Яго Крыжовым шляху. Важна знайсці час на гэтыя набажэнствы.

— А яшчэ ў парафіях праводзяцца рэкалекцыі…

— Гэта духоўныя практыкаванні, злучаныя з навукай святара. Яны дапамагаюць нам адкрыць у сабе штосьці такое, пра што мы нават і не здагадваемся. На час рэкалекцый запрашаюцца святары з іншых парафій, і вернікі часта лічаць асноўнай задачай як найхутчэй паспавядацца. Але, пераступіўшы парог касцёла, не варта адразу станавіцца да канфесіянала, а лепш паслу­хаць навучанне рэкалекцыяніста, падумаць, узважыць, яшчэ раз зрабіць рахунак сумлення і тады прыступіць да Сакраманту пакаяння. Паводле аднаго з касцельных наказаў, вернік абавязаны прынамсі раз на год паспавядацца і прыняць святую Камунію. Споведзь з’яўляецца неабходнай умовай, каб святкаваць Вялік­дзень у прымірэнні з Богам, сабой і бліжнім. Увогуле ідэальная споведзь — раз на месяц. А рахунак сумлення трэба рабіць кожны вечар: падумаць, што было добрае, а што — дрэннае.

— У Катэхізісе сказана: «У перыяд пакаяння не ўдзельнічаць у забавах». Многія цікавяцца, як святкаваць 8 Сакавіка, дзень нараджэння.

— Прымайце віншаванні, кветкі, падарункі. Але не рабіце гучнага застолля, абыдзіцеся вячэрай без алкаголю. Гэтым вы дасце прыклад набожнасці іншым.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.