Перажываем сярэдзіну Вялікага посту, які з’яўляецца часам падрыхтоўкі да найвялікшага свята — Вялікадня. У гэты перыяд праца чалавека павінна быць накіравана на духоўныя перамены. Пра тое, як перажыць яго спрыяльна, расказвае ксёндз-дэкан Пастаўскага дэканату Павел Самсонаў:
— Пост — не дыета для пахудзення. Яго трэба разумець у больш шырокім сэнсе: гэта час, дадзены Богам для нашага асабістага навяртання, калі варта задумацца над сваімі ўчынкамі, папрасіць прабачэння ў пакрыўджаных, імкнуцца выправіцца. Трэба адмовіцца ад таго, што звязана з галоўнымі грахамі. Чалавек можа шмат працаваць, таму мала часу прысвячаць сям’і, часта крытыкаваць іншых, ужываць дрэнныя словы і многае іншае, што крыўдзіць Бога. Гэта ўсё — залежнасці. І ад іх трэба пазбаўляцца.

Вернікі на перыяд Вялікага посту практыкуюць браць пастановы: не ўжываць мяса, не ўдзельнічаць у гучных забавах, адмаўляцца ад прагляду кінафільмаў, абмяжоўваць час карыстання інтэрнэтам, а імкнуцца часцей звяртаць увагу на таго, хто побач, рабіць больш добрых учынкаў. Не варта ставіць перад сабой недасягальныя мэты. Лепш пачаць з простага — зрабіць хоць адзін, самы першы крок да Езуса, час ад часу правяраць свае пастановы на актуальнасць і маліцца, каб распазнаваць, што нам сапраўды патрэбна.
Пераасэнсаваць жыццё можна праз удзел у Крыжовым шляху, Песнях жальбы. Вялікі пост — час для таго, каб навесці парадак у сваім сэрцы. Гэта можа быць цяжка. Аднак урэшце наступіць аздараўленне. Дапаможа ў гэтым шчырая споведзь, а падрыхтавацца да яе — велікапосныя рэкалекцыі. Перад тым як падысці да канфесіяналу, зрабіце рахунак сумлення, пашкадуйце за грахі, прыміце цвёрдую пастанову выправіцца, паспавядайцеся і выканайце прызначаную пакуту.
Для малітвы можна ўзяць Балесныя таямніцы Ружанца, стацыі Крыжовага шляху, Вяночак да Божай міласэрнасці, пакутныя псалмы, Літанію да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Добра перажыць Вялікі пост дапамагаюць «тры кіты» — малітва, пост і міласціна. Скарыстаем іх для свайго збаўлення.
Анна Анішкевіч
