В 3-м региональном узле радиоэлектронной разведки прошел День открытых дверей

Приграничье

Акунуліся ў жыццё вайскоўцаў

18 сакавіка ў 3-м рэгіянальным вузле радыёэлектроннай разведкі, размешчаным у Азёрках, прайшоў дзень адчыненых дзвярэй. Яго прымеркавалі да Дня радыёэлектроннай разведкі, які адзначаўся 20 сакавіка.

Да сябе ў госці вайскоўцы запрасілі родных салдат, якія праходзяць тут тэрміновую ваенную службу, а таксама старшакласнікаў гарадскіх школ, гімназіі, Варапаеўскай СШ і навучэнцаў каледжа. Перад пачаткам экскурсіі ўсіх вітаў камандзір часці падпалкоўнік Дзмітрый Савасцюк. Ён адзначыў: у цяперашняй няпростай для нашай краіны ваенна-палітычнай абстаноўцы кіраўніцтва вузла ў першую чаргу хацела паказаць бацькам, што іх сыны на месцы і не ­ўдзельнічаюць ні ў якой аперацыі. Другой задачай было пазнаёміць моладзь з бытам ваеннаслужачых, ваенна-спецыяльнай тэхнікай і ўзбраеннем, тым самым выхоўваючы ў падрастаючага пакалення патрыятызм і гатоўнасць у будучым стаць на абарону рубяжоў Радзімы.

Навучэнцы знаёмяцца са сродкамі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай аховы

Паколькі гасцей было шмат, іх раздзялілі на групы, назначыўшы для кожнай свайго суправаджальнага. Яны і павялі навучэнцаў і бацькоў па зага­дзя вызначаных кропках. Госці ўбачылі станцыі радыётэхнічнай разведкі і сувязі, радыёстанцыю і камандна-штабную машыну, даведаліся, як яны працуюць і якія функцыі выконваюць. Таксама можна было залезці ў спецтэхніку і паглядзець яе знутры, пасядзець у кабінах, што ахвотна рабілі хлопцы. Не меншы інта­рэс у школьнікаў выклікала зброя вайскоўцаў і іх экіпіроўка, сродкі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай аховы. Усё гэта дазвалялася браць у рукі, прымяраць і збіраць-разбіраць пад наглядам і з дапамогай афіцэраў. Яны ж паказалі, як правільна трымаць вінтоўку і страляць. А праверыць сваю трапнасць маладым людзям прапанавалі ў пнеўматычным ціры. Знаёмства з буднямі вайскоўцаў дапоўніла наведванне палявой кухні і дэгустацыя прыгатаваных на ёй салдацкай кашы і чаю.

Пасля экскурсіі па часці навучэнцаў запрасілі ў клуб на прафарыентацыйную сустрэчу. Падчас яе намеснік начальніка вузла — начальнік каманднага пункта капітан Аляксандр Клімовіч расказаў, што такое радыёэлектронная разведка, якую галоўную задачу выконваюць ваеннаслужачыя в/ч 74384, дзе яшчэ ў Беларусі знаходзяцца аналагічныя вузлы і каму ўсе яны падпарадкоўваюцца. Школьнікі даведаліся, якія навучальныя ўстановы ў нашай краіне і ў Расіі рыхтуюць спецыялістаў радыёэлектроннай разведкі, колькі гадоў па якіх спецыяльнасцях трэба вучыцца, якія прадметы здаваць пры паступленні ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і якія дакументы падаваць. Быў паказаны невялікі фільм пра акадэмію. Ішла гаворка таксама пра перавагі ваеннай службы, як яе можна праходзіць.

Завяршальным акордам дня адчыненых дзвярэй сталі паказальныя выступленні гаспадароў. Гасцям прадэманстравалі зладжаную работу групы адбіцця нападзення праціўніка рознага характару.

 

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.