Воспитатель детского сада №6 Анна Синица: «Учить детей мечтала с детства»

Важное Образование

І вучыць, і вучыцца

Ёсць выраз: «Самая цяжкая прафесія — быць чалавекам». Але, згадзіцеся, не менш складаная задача — навучыць гэтаму дзяцей зусім малога ўзросту, закласці ў іх найлепшыя якасці, якія яны змогуць перанесці з дзяцінства ў поўнае выпрабаванняў дарослае жыццё.

Выхавальнік дзіцячага садка №6 Ганна Сініца прыкладвае шмат сіл і часу, каб з гэтай задачай справіцца. Дапамагае больш чым 30-гадовы педагагічны вопыт, кіраўніцтва садка (яно падтрымлівае ўсе яе ініцыятывы), а таксама невычэрпная любоў да дзяцей, якія адказваюць узаемнасцю.

— Вучыць дзяцей марыла з дзяцінства, — расказвала Ганна Сініца. — Тады маімі «вучнямі» былі цацкі, з імі часта гуляла ў школу. Сшыткі разлінейвала, як настаўніцкі журнал, ставіла там адзнакі. Пасля вялікі ўплыў на выбар прафесіі аказала мая першая настаўніца Лідзія Сяргееўна Кажарновіч — яна была вельмі добрым педагогам і чалавекам.

Выхавальнік дзіцячага сада №6 Ганна Сініца

Вучылася Ганна Аркадзьеўна ў лучайскай школе, а яе радзіма — вёска Жылінскія Навасёлкаўскага сельсавета. У сям’і настаўнікам ніхто не працаваў: бацька шчыраваў на трактары, мама гадавала дзяцей і займалася гаспадаркай.

— Яны былі сумленнымі людзьмі, выхоўвалі сваім прыкладам, — працягвала суразмоўца. — Любоў да кніг прывівала мая бабуля, якая жыла недалёка на хутары. Яна шмат чытала. Добра памятаю, што ў хаце стаяў вялікі куфар, у якім ляжала многа старых кніг. Мяне, малую дзяўчынку, яны заўжды ўражвалі.

Дыплом настаўніка Ганна Сініца атрымала ў Полацкім педвучылішчы, пасля завочна скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Першым рабочым месцам стала школа ў невялікай вёсцы Сергі на Пастаўшчыне. Тады маладой настаўніцы было непрывычна, што яе, 20-гадовую дзяўчыну, называюць па імені і імені па бацьку. Яшчэ больш здзіўляла, калі мужчыны, вітаючыся, здымалі перад жанчынамі-калегамі капелюшы.

Да работы ў дашкольнай адукацыі жанчына папрацавала ў пачатковых класах у школах у Паставах і Дунілавічах, пастаўскай школе-інтэрнаце і АДРАЦ «Ветразь».

— Я не ўяўляла спецыфікі работы ў дзіцячым садку, і калі прыйшла працаваць на новае месца, то зноў адчула сябе маладым спецыялістам, — гаварыла Ганна Аркадзьеўна. — Не магу сказаць, што пачынаць было проста. Але апусціць рукі не давалі дзеці. Ды і цяпер не даюць. У іх столькі энергіі, эмоцый, фантазіі! Разам з імі і сама маладзею. Ды што там маладзею — у дзяцінства вяртаюся. Дзякуючы малым звяртаю ўвагу на тое, каля чаго б раней не спынілася. З імі і за прыроднымі з’явамі назіраем, і за матылькамі, жучкамі… Вось і атрымліваецца, што сам глядзіш на свет праз прызму дзіцячага светаўспрымання, вучышся ў дзетак шчырасці, непасрэднасці. Гэта як прыемны бонус за тую колькасць намаганняў, якія ўкладваеш у работу.

У прафесіі выхавальнік пастаянна развіваецца: чытае спецыяльную літаратуру, наведвае курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічае ў вебінарах… Праяўляе сябе і ў творчасці: даўно займаецца выцінанкай, з розных матэрыялаў вырабляе лялькі. У садку вучыць дзяцей цестапластыцы і квілінгу (работы ў гэтай тэхніцы ствараюцца са скручаных палосак паперы).

Сваім любімым пісьменнікам мая суразмоўца лічыць Уладзіміра Караткевіча. І адзначае, што як мага часцей стараецца гаварыць з дзецьмі па-беларуску, чытаць ім літаратуру на роднай мове.

— Сёлета я выпускаю групу, у якой працую тры гады, — расказвала Ганна Сініца. — Развітвацца з дзецьмі, безумоўна, сумна, але разу­мею, што ў іх жыцці распачынаецца новы этап. Кожнаму свайму выпускніку (як некалі ў школе, так цяпер у садку) заўжды шчыра жадаю шчаслівага лёсу і добрых людзей на шляху. Як за сваіх дзяцей, радуюся, калі ў іх усё атрымліваецца. І спа­дзяюся, што нагод для такой радасці з года ў год будзе ўсё больш.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.