25 марта одной из старейших жительниц аг. Курополье Александре Олехнович исполнилось 90 лет

Общество

Ахінутая клопатам і любоўю

25 сакавіка адной з найстарэйшых жыхарак аграгарадка Кураполле Аляксандры Аляксандраўне Аляхновіч споўнілася 90 гадоў.

Яе жыццё ледзьве не абарвалася ў ліпені 1941-га: 9-гадовую дзяўчынку разам з маці, якая працавала сакратаром Лынтупскага сельскага Савета, фашысты везлі на расстрэл. Дзіцяці цудам удалося выратавацца, а яе маці скасіла варожая куля. Фотаздымак Антаніны Астроўскай не толькі беражліва захоўваецца ў сямейным альбоме. Ён ёсць і ў раённым краязнаўчым музеі, змешчаны ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён». Яе прозвішча значыцца на помніку мірным ахвярам фашызму, узведзеным па вуліцы Савецкай у Паставах. А той жудасны дзень ніколі не сатрэцца з памяці Аляксандры Аляксандраўны.

Тут варта патлумачыць, што гэта імя жанчыны значыцца толькі ў дакументах. А ў быце для ўсіх яна з маленства была Оляй. Дык вось, асірацелую Олю (яе тата памёр яшчэ да вайны) забрала на выхаванне родная цётка, якая жыла на літоўскім хутары. Валявая, моцная духам, актыўная жанчына многаму навучыла дзяўчынку. У тым ліку і як стойка пера­адольваць цяжкасці, імкнуцца да светлага і прыгожага.

— Ведаеце, наша Аляксандраўна — паліглот, — жартуе зяць доўгажыхаркі Людвіг Лапін. — Ёй давялося вучыцца ў рускай, польскай, літоўскай школах. І хоць закончыла толькі 5 класаў, нават цяпер чытае газеты, да нядаўняга часу пісала пісьмы родным у Літву і Польшчу.

— А яшчэ любіць глядзець тэлеперадачы, асабліва на кулінарныя тэмы, — дадае дачка Наталля. — Успамінае, якія стравы гатавалі даўней, як дружна і весела адзначалі ў вёсках рэлігійныя святы, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, нават спектаклі ставілі. У мамы добрая памяць, загартаваная яна і фізічна.

Змалку Оля працавала на гаспадарцы ў цёткі. Падрасла — пайшла на лесапільны завод у Лынтупах. Пазней уладкавалася санітаркай у мясцовай бальніцы і адпрацавала там 25 гадоў. Выйшаўшы замуж, туліліся з мужам на прыватнай кватэры і, як кажа сама, з нічога пачалі будаваць свой дом. Дапамогі ім не было ад каго чакаць — усё з уласнага мазаля. І дзетак, сыночка і дачку, падымалі на ногі самі.

Як жа даўно тое было! Ужо дарослыя, стварылі свае сем’і 2 унукі і 3 унучкі, ёсць 4 праўнукі. Кожным цешыцца бабуля і прабабуля, кожнаму жадае шчаслівай долі. І сама ўсімі любімая і зашанаваная. 20 гадоў таму памёр яе муж. Самотна, адзінока стала, і праз 3 гады дачка з зяцем забралі маці да сябе ў Кураполле.

Гэта і ёсць шчаслівая старасць, калі чалавек не адзінокі, калі ён жыве ў сям’і, адчувае, што патрэбны, што да яго прыслухоўваюцца і пра яго клапоцяцца.

— З таго часу мы асабліва зблізіліся з мамай, — прызналася Наталля. — Да гэтага бачыцца ўдавалася нячаста, бо асабліва не наездзішся з Кураполля ў Лынтупы. А тут мы штодня разам. Пра што толькі не перагаворым! Колькі ўспамінаў у мамы! Колькі яскравых жыццёвых прыкладаў! А мы з мужам стараемся ахінаць яе сваёй любоўю і ўвагай.

Гэта і ёсць шчаслівая ста­расць, калі чалавек не адзінокі, калі ён жыве ў сям’і, адчувае, што патрэбны, што да яго прыслухоўваюцца і пра яго клапоцяцца. Аляксандра Аляксандраўна добра бачыць і чуе, а вось рухацца можа толькі пры дапамозе хадункоў. «Мне вельмі добра пры дачцэ і зяцю, якія працуюць настаўнікамі ў мясцовай школе, — казала. — Абое такія клапатлівыя! Пры патрэбе прыходзіць фельчар. Прыпіша таблеткі, зробіць уколы — і, здаецца, падужэю. Я нават ад каранавіруса прышчапілася. Кожны месяц, чысло ў чысло, атрымліваю пенсію. Што і казаць, цяперашняе жыццё не параўнаць з ранейшым. Шкада толькі, што не ўсе цэняць гэта».

З 90-годдзем юбілярку віншавалі не толькі родныя. У той дзень да яе завіталі з кветкамі і падарункам старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько і загадчыца мясцовага Дома культуры Марына Смулько. Уражаныя цікавымі ўспамінамі доўгажыхаркі, яны папрасілі яе дачку пачаць пісаць сямейныя мемуары, якія засталіся б наступным пакаленням. Каб ведалі, як жылі продкі, цанілі жыццёвую навуку.

— Я і сама задумвалася над гэтым, — прызналася Наталля Чаславаўна і дабавіла: — А такі доўгі век у мамы невыпадкова. Напэўна, ёй Богам наканавана пражыць і за яе маці, якой не стала ў 34 гады.

Развітваючыся з юбіляркай, мы пажадалі ёй і сабе абавязкова сустрэцца на яе 100-гадовым юбілеі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.