11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей. История Леонида Олихвера

История

Зведалі шмат гора

11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Ён устаноўлены ў памяць пра інтэрнацыянальнае паўстанне ў Бухенвальдзе. У гэты дзень 1945 года вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу савецкіх войск.

Былых вязняў у раёне засталося ўсяго 41. Большасці — за 80 гадоў. Кожнаму вельмі цяжка ўспамінаць сваё гаротнае дзяцінства. Вось і Леанід Фадзеевіч Аліхвер з Варапаева як ні стараўся падчас нашай размовы стрымліваць эмоцыі, слёзы ўсё ж праступалі на вачах.

Ён нарадзіўся 7 студзеня 1941 года на хутары ля Вайцяхоў. У такі светлы дзень праваслаўнага Раства і ў такі чорны год, калі выбухнула вайна. У кастрычніку 1943-га акупанты вывезлі ў Германію ўсю сям’ю: бацькоў і трох непаўналетніх дзяцей.

— Малы яшчэ быў, шмат чаго не памятаю, — гаворыць Фа­дзеевіч. — Узгадваюцца асобныя эпізоды: як гарэлі хаты, як немцы гналі скаціну, як нас везлі на падводах у Варапаева, а там «грузілі» ў таварнякі. Цікава было назіраць за зялёным святлом на чыгуначных семафорах. Дарослыя былі ў страху перад невядомасцю, а што тады мог разумець я?

Аліхверы трапілі ў лагер у Берліне. Маці працавала на шклозаводзе, бацьку накіроўвалі на розныя работы. Жылі ў дашчатых бараках, кармілі вязняў дрэнна. Маці пазней расказвала дзецям: была настолькі абяссіленай, што здавалася, магла ўпасці, нават за саломінку зачапіўшыся нагой. Кожны раз малы бег за ёй да самай прахадной. Яму так хацелася быць побач з мамай! Аднак на прахадной стаяў вярзіла немец. Хлопчык атрымліваў ад яго добрага кухталя і з плачам вяртаўся ў барак.

Аднойчы дзіця забралі ад бацькоў і змясцілі ў нейкую ўстанову. Леанід Фадзеевіч і сёння не ведае, што гэта было, і не памятае, што з імі, дзецьмі, там рабілі. Можа, бралі кроў, можа, право­дзілі якія-небудзь эксперыменты. 9 месяцаў ён знаходзіўся ў той установе. Немагчыма ўявіць, што за гэты час перажылі бацькі, якія нічога не ведалі пра лёс сыночка.

І ўсё ж больш за паўтара года фашысцкай няволі хлопчык падрос. Тое, як сям’я абжывалася, вярнуўшыся пасля вайны ў родныя мясціны, былы малалетні вязень памятае лепш.

— Неймаверна цяжка было, — расказвае Леанід Аліхвер. — Прыйшлі на папялішча. Прытуліў у зямлянцы родны дзядзька. А там і без нас — цесната. Мама і сястра хадзілі жабраваць. Збіралі на полі падгнілую бульбу, і мама пякла з яе бліны. Да смерці не забуду іх «смаку», нават праглы­нуць было цяжка. А есці ж хацелася! Даймалі вошы, клапы, тараканы, бо не было лазні, мыла, зменнага адзення. Ачысціліся толькі тады, калі тата пабудаваў лазню.

Разам са мной расказ мужа ўважліва слухае яго жонка Фаіна Кірылаўна. А потым успамінае сваё. Да вайны яе сям’я жыла ў Віцебску. Перад тым як пайсці на фронт, бацька паспеў адвезці жонку і трох дзяцей да сваёй маці ў вёску ў Чашніцкім раёне.

— Таксама хапіла гора, — расказвала жанчына. — Але ж хоць не на чужыне. Мая маці добра шыла, і гэта дапамагала выжываць. Калі ў вёску ўвайшлі акупанты, адзін з іх забраў яе ручную швейную машынку. Мама кінулася за ім, прасіла-маліла аддаць. Той са злосці біў яе прыкладам вінтоўкі, а потым бразнуў машынку аб зямлю так, што ад яе адляцелі часткі… На шчасце, тата вярнуўся з фронту — з раненнямі, медалямі. У сям’і нара­дзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Жылі вельмі бедна, змалку працавалі. Але ўсе выраслі, вывучыліся, знайшлі сваё месца ў жыцці.

Фаіна закончыла медвучылішча і 40 гадоў адпрацавала ў медыцыне, у тым ліку 35  — у Варапаеўскай райбальніцы. У яе з Леанідам двое сыноў і дзве дарослыя ўнучкі. Усе жывуць у Мінску. Нярэдка наведваюцца, пры патрэбе дапамагаюць. Працоўны стаж Леаніда Фадзеевіча — 48 гадоў. Пачынаў радавым калгаснікам. Але душа прагнула іншага. Справа ў тым, што яго род па бацькавай лініі быў вельмі музыкальным. Відавочныя музыкальныя задаткі меў і Леанід. Таму закончыў курсы баяністаў, а пасля службы ў арміі — Маладзечанскае музвучылішча. Працаваў у клубе, вучыў дзяцей у Варапаеўскай музычнай школе ігры на баяне, кіраваў хорам.

— А можна паслухаць, як вы граеце? — на развітанне папрасіла гаспадара.

Леанід Фадзеевіч ахвотна ўзяў у рукі баян — і кватэру напоўніла мелодыя заліхвацкай беларускай полькі. А я ў гэты момант сфатаграфавала музыканта, дзяцінства і юнацтва якога з-за ваеннага ліхалецця зусім не было песняй.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.